Не толькі «мехмат» ведае, што ўраўненне цудоўнага летняга адпачынку мае некалькі складнікаў: кола найлепшых сяброў, многа-многа марожанага, танцы да світання і... магчымасць праявіць сябе ў прафесійнай сферы. Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ добра ведае гэтую «матэматыку» сучаснай моладзі і дае магчымасць кожнаму ахвотнаму не толькі зарабіць, але
і найперш знайсці занятак па душы, пазнаёміцца з актыўнымі равеснікамі. На працягу ўсяго лета ад універсітэта працуюць студэнцкія атрады шасці кірункаў: педагагічны, будаўнічы, сельскагаспадарчы, сэрвісны, экалагічны і вытворчы. Пазнаёмімся з некаторымі бліжэй.
Універсітэцкае вучэбна-доследнае прадпрыемства «Шчомысліца» гарантуе ўсе самыя лепшыя ўмовы для студэнтаў, якія сапраўды жадаюць прыкласці, як той казаў, свае рукі да справы. Адзін з удзельнікаў сельскагаспадарчага атрада Вадзім Карпішук, студэнт І курса факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, расказвае пра асаблівасці сваёй працы:
— Асноўнай задачай для нас была праполка дэкаратыўных раслін. Дзённая норма — 50 метраў. Дзяўчаты толькі палолі, а я яшчэ дапамагаў ім, збіраючы пустазелле віламі. Атрад невялікі: працавала дзесяць чалавек. З раніцы аграном выдзяляў нам градкі, а ўвечары — чакаў добрых вынікаў.
Тым, хто з самага дзяцінства кожную раніцу гатаваў манную кашу для малога браціка або сястрычкі і глядзеў з імі мульцікі, было даспадобы працаваць у якасці педагога. Атрады на базе цэнтра «Расток» і спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» запрашалі да сябе ўсю зацікаўленую моладзь. Ліяна Шапялевіч, студэнтка ІІ курса філалагічнага факультэта, была ў апошнім удзельніцай сэрвіснага атрада, ад працы там летам атрымала шмат станоўчых эмоцый.
— Нашы намаганні былі скіраваны на якаснае абслугоўванне тых, хто адпачывае ў лагеры. Маглі прыбіраць тэрыторыю, дапамагаць на кухні. Таксама ўбіралі асобныя комплексы: спартыўны, медыцынскі, звычайныя дзіцячыя. Была магчымасць выбіраць, чым займацца, якую тэрыторыю абслугоўваць. У маім атрадзе нас было дзесяць. Працавалі з 8 да 16 гадзін, а далей — вольны час. Давалася тры выхадныя, якія можна было браць у зручны для сябе дзень. Было весела і цікава, былі студатрадаўцы, якія працавалі ўжо не першы раз. Усё спадабалася, і я планую паехаць у «Брыганціну» налета зноў!
Сваімі ўражаннямі дзеліцца і Ганна Гуляй, студэнтка І курса філалагічнага факультэта, якая ў ліпені працавала ў Нацыянальнай кампаніі электрасувязі «Белтэлекам»:
— Я пераканалася, што не памылілася, вырашыўшы пайсці працаваць летам. Цудоўны калектыў з прыемнай атмасферай, добры заробак, які залежаў ад нашых намаганняў, зручны графік — усё гэта вельмі прываблівала. Работа на самай справе была вельмі простая: распаўсюджванне інфармацыі пра пакеты паслуг «Белтэлекама». Налета планую зноў прыняць удзел у рабоце студэнцкіх атрадаў!
Яшчэ адзін сэрвісны атрад «Букіністы» шчыруе ў ААТ «Белкніга». Студэнты розных навучальных устаноў штогод працуюць на складах гэтага прадпрыемства. Алена Пузанава, студэнтка ІІ курса біялагічнага факультэта, якая трапіла ў студатрад першы раз, расказала пра асаблівасці сваёй работы:
— Я хацела працаваць у краме ААТ «Белкніга», але ніколькі не засмуцілася, калі зразумела, што пайду ў іншае месца. Работа кладаўшчыка простая, але адказная. Я была на складзе канцылярскіх тавараў, там галоўным было ўсё правільна падлічыць.
Марыя КАСКО, студэнтка І курса філалагічнага факультэта БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu