Падчас правядзення 11-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў 2018—2019 гадах беларускія і расійскія палярнікі будуць выконваць сумесны навуковы праект.
Ён прысвечаны вымярэнню альбеда (маецца на ўвазе характарыстыка адбівальнай здольнасці розных тыпаў падсцілаючай паверхні Антарктыды). З гэтай мэтай на тэрыторыі беларускай станцыі паўтара-два месяцы будзе знаходзіцца расійскі вучоны для выканання сумесных работ, звязаных з кліматычнымі даследаваннямі. Апошнія правядуць з выкарыстаннем беларускай і расійскай апаратуры.
Па словах старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова, у беларускіх вучоных выбудоўваецца стратэгічнае партнёрства з расійскім бокам. «У далейшым нашы планы па ўмацаванні сваіх пазіцый на Паўднёвым полюсе мы звязваем з раўнапраўным партнёрствам з Расійскай Федэрацыяй, разлічваем на прафесійную і таварыскую падтрымку з боку расійскіх калег», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Два дні ў Беларусі знаходзілася з візітам дэлегацыя Расійскай антарктычнай экспедыцыі Інстытута Арктыкі і Антарктыкі Расгідрамета (г. Санкт-Пецярбург). Члены дэлегацыі прынялі ўдзел у пашыраным рабочым пасяджэнні міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі, якое адбылося ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама ў рабочай сустрэчы ўдзельнікаў двухбаковай рабочай групы.
З 2013 года стратэгічнае супрацоўніцтва НАН Беларусі з расійскім бокам ажыццяўляецца ў рамках «Пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы», заключанага паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У прыватнасці, расійскі бок сур'ёзна дапамагае ў транспартна-лагістычным забеспячэнні дзейнасці беларускай экспедыцыі ў Антарктыцы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[5] https://zviazda.by/be/tags/palyarniki