У Свята-Пакроўскай царкве ў вёсцы Богіна Браслаўскага раёна не першае стагоддзе шануюць праваслаўныя святы – Тройцу, Дзень прападобнага Аляксандра Неўскага, Пакровы Божай Маці. У гэтыя дні заўсёды праходзяць фэсты і ўрачыстыя богаслужэнні. Але ў гэтай вёсцы, як ні ў адным населеным пункце Беларусі, тым больш на Браслаўшчыне, праваслаўныя вернікі на Першы Спас (Мядовы) здзяйсняюць хросны ход да Макавеяўскай крыніцы, і асабліва тут шануюць традыцыю (летнюю) наведвання могілкаў. Традыцыя старажытная, перадаецца з пакалення ў пакаленне. А пачалася яна, па словах прыхажан, калі побач з могілкамі з’явілася крыніца. Магчыма, гэта якраз было на Макавея.
Вось і ўчора, 14 жніўня, богінскія вернікі зноў сабраліся ў прыходскім храме, каб адзначыць адно з самых вялікіх царкоўных свят і выправіцца на край вёскі – да крыніцы. Святочную літургію з асвячэннем свежага мёду і пешае паломніцтва ўзначаліў настаяцель храма протаіерэй Ігар Чачуковіч. Богінцам давялося ісці не меней за кіламетр да прыгожаўпарадкаванага вытоку. На пляцоўцы каля крыніцы адбылося асвячэнне вады.
– Крынічную ваду мясцовыя жыхары заўсёды шанавалі як лекавую – бо яна дапамагала ад хваробы вачэй, – падзяліўся богінскі святар айцец Ігар. – Нават, калі ў нядаўным мінулым забаранялася спраўляць богаслужэнні на сакральным вытоку, людзі ўсё роўна прыходзілі, тайна маліліся, набіралі вадзіцы. А потым ішлі на могілкі, вадою акраплялі магілы і помнікі, паміналі спачылых. Царква падтрымлівае гэтую традыцыю.
Гэтыя фотаздымкі і былі зроблены падчас богінскага Макавея. Асабліва шматлюдна было на асвячэнні вады і ў час богаслужэння на могілках.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Вёска Богіна, Браслаўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/braslau
[4] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/tradycyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/makavey
[8] https://zviazda.by/be/tags/svyata-pakrouskaya-carkva
[9] https://zviazda.by/be/tags/hram
[10] https://zviazda.by/be/tags/carkva