У 40-х гадах ХХ стагоддзя ў трапічных зарасніках Коста-Рыкі было зроблена цікавае адкрыццё. Рабочыя Unіted Fruіt Company, якія высякалі густыя зараснікі трапічных джунгляў пад бананавыя плантацыі, нечакана наткнуліся на гіганцкія каменныя фігуры ў форме правільных шароў.
Самыя вялікія дасягалі трох метраў у дыяметры і важылі каля 16 тон, а самыя маленькія былі не большыя за дзіцячы мяч і мелі ўсяго каля дзесяці сантыметраў у папярочніку. Шары размяшчаліся паасобку і групамі ад трох да паўсотні штук, часам утвараючы геаметрычныя фігуры.
У 1967 годзе адзін інжынер, аматар гісторыі і археалогіі, які працаваў у Мексіцы на сярэбраных рудніках, паведаміў амерыканскім навукоўцам, што знайшоў у шахтах такія ж шары, але нашмат большых памераў. Праз некаторы час на плато Аква-Бланка паблізу пасёлка Гвадалахара (Гватэмала) на вышыні 2000 метраў над узроўнем мора археалагічная экспедыцыя знайшла яшчэ сотні каменных шароў.
Падобныя шары з каменю былі таксама знойдзены блізу горада Аўлалука (Мексіка), у Палм-Сур (Коста-Рыка), Лос-Аламасе і штаце Нью-Мексіка (ЗША), на ўзбярэжжы Новай Зеландыі, у Егіпце, Румыніі, Германіі, Бразіліі, Кашкадар'інскай вобласці Узбекістана і на Зямлі Франца Іосіфа. З лёгкай рукі знакамітага даследчыка анамальнага і вялікага фантазёра Эрыха фон Дэнікена шары ахрысцілі «мячамі, у якія гулялі багі».
Іх з'яўленне некаторыя геолагі прыпісвалі вулканічнай дзейнасці. Шар ідэальнай формы можа ўтварыцца, калі крышталізацыя вулканічнай магмы адбываецца раўнамерна ва ўсе бакі. Шары маглі выйсці на паверхню ў выніку так званай эксафалізацыі — выветрывання, якое працуе ў раёнах з вялікімі сутачнымі перападамі тэмпературы. Там жа, дзе тэмпература больш стабільная, знаходзяць падобныя шарыкі, але ўжо пад зямлёй.
— Іншапланецяне тут, вядома, ні пры чым, — казаў дацэнт кафедры геалогіі і геафізікі Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Каралькоў. — Хутчэй за ўсё, гэта так званыя жалезістыя канкрэцыі. Яны ўтвараюцца пры ўшчыльненні ападкаў у вугальных радовішчах. У іх цэнтры нярэдка знаходзяць арганічныя рэшткі, мінеральныя або бактэрыяльныя ўтварэнні, якія служаць асновай пры іх росце.
Некаторыя навукоўцы падкрэсліваюць, што канкрэцыя ператвараецца ў шар і раўнамерна расце, калі рэчывы асядаюць у пародзе, аднолькава пранікальнай па ўсіх напрамках. А ў якасці прарадзімы шароў называюць акіянскае дно. Маўляў, утварыліся вакол астанкаў ракавін, костак жывёл, водарасцяў у мяккіх адкладах. І апынуліся на сушы, калі марское дно паднялося.
Аднак, як бы пераканаўча ні гучалі гэтыя здагадкі, канчатковай разгадкі феномена да сёння няма. Перш за ўсё, яны не здольныя растлумачыць узнікненне гранітных шароў. Акрамя таго, не маглі ж старажытныя вулканы правільна размясціць у выглядзе фігур мноства шароў, якія маюць, да таго ж, сляды шліфоўкі! І хоць істотная частка такіх шароў, падобна на тое, сапраўды мае натуральнае паходжанне, некаторыя экзэмпляры, напрыклад шары Коста-Рыкі, ніяк не ўпісваюцца ў рамкі гэтай тэорыі, паколькі маюць відавочныя сляды выраўноўвання і шліфоўкі паверхні. Цяпер у Коста-Рыцы знойдзена ўжо больш за 300 каменных сфер.
Першае навуковае даследаванне шароў было арганізавана Дорыс Стоўн непасрэдна пры іх адкрыцці. Вынікі яе даследавання былі выдадзены ў 1943 годзе ў Amerіcan Antіquіty, вядучым акадэмічным часопісе па археалогіі ў Злучаных Штатах. Сэмюэль Латроп, штатны археолаг Музея археалогіі і этнаграфіі Пібадзі пры Гарвардскім універсітэце, правёў асноўныя палявыя работы па даследаванні шароў у 1948 годзе. Заключнае паведамленне пра вынікі яго даследаванняў было выдадзена музеем у 1963 годзе. Яно ўтрымлівае карты ўчасткаў, дзе былі знойдзены шары, дэталёвыя апісанні глінянага посуду і металічных аб'ектаў, адшуканых побач з імі, і шмат здымкаў, даных вымярэнняў і малюнкаў шароў.
У адрозненне ад геолагаў, археолагі прызнаюць штучнае паходжанне шароў Коста-Рыкі. Амаль усе шары зробленыя з цвёрдай лававай пароды, агаленні якой размяшчаюцца ў перадгор'ях прадмесцяў Таламанка. Ёсць некалькі асобнікаў, зробленых з цвёрдага матэрыялу, падобнага на вапняк, які ўтвараецца з ракавінак і пяску ў берагавых адкладах. На думку археолагаў, шары былі выраблены з дапамогай апрацоўкі круглых валуноў да сферычнай формы ў некалькі этапаў.
Нярэдка ў сродках масавай інфармацыі з'яўляюцца заявы, што гэтыя шары валодаюць дасканалай сферычнай формай з дакладнасцю да двух міліметраў. У рэальнасці для такіх катэгарычных сцвярджэнняў няма падстаў. Справа ў тым, што ніхто ніколі не вымяраў шары Коста-Рыкі з падобнай ступенню дакладнасці. Латроп пісаў: «Каб памераць акружнасць, мы выкарыстоўвалі два метады, ні адзін з якіх не з'яўляецца цалкам здавальняючым. Калі вялікія шары былі глыбока пахаваныя ў зямлі, магло б спатрэбіцца некалькі дзён для капання траншэі вакол іх. Вымярэнні паказалі, што невялікія асобнікі, звычайна дыяметрам ад двух да трох футаў (0,6—0,9 метра), маюць адрозненні ў дыяметры адну або дзве цалі (2,5—5,1 сантыметра)».
Да часу першых іспанскіх заваяванняў шары ўжо ніхто не вырабляў, і яны заставаліся цалкам забытыя, пакуль не былі ізноў адкрыты ў 1940-х. Некаторыя археолагі мяркуюць, што шары размяшчаліся перад дамамі шляхетных людзей у якасці сімвала іх улады або таемных ведаў. Ёсць таксама меркаванне, што само стварэнне і перасоўванне шароў мела вялікае рэлігійнае або сацыяльнае значэнне, не меншае, чым іх канчатковае месцазнаходжанне.
Як ужо гаварылася, значная частка каменных шароў размяшчалася пэўнымі групамі. Частка гэтых груп стварала прамыя або звілістыя лініі, трыкутнікі і паралелаграмы. Адна група з чатырох шароў, як было вызначана, размяшчалася па лініі, арыентаванай на паўночны магнітны полюс. Гэта прывяло аднаго з даследчыкаў Івара Запа да здагадкі, што шары, магчыма, былі размешчаны людзьмі, знаёмымі з выкарыстаннем магнітных компасаў ці астранамічнай арыентацыяй.
Аднак гіпотэза Запа, што групы каменных шароў з'яўляліся навігацыйнымі прыладамі, якія паказваюць на востраў Вялікадня і Стоўнхэндж, уяўляецца малаабгрунтаванай. Гэтая група з чатырох шароў займае (па вымярэннях Латропа) толькі некалькі метраў, чаго відавочна недастаткова, каб пазбегнуць памылкі ў складанні плана на такіх доўгіх адлегласцях. Акрамя таго, за выключэннем размешчаных у Ісла дэль Каса, большасць шароў знаходзіцца вельмі далёка ад мора, каб быць карыснымі для акіянскіх навігатараў.
Сустракаецца таксама версія, што групы каменных шароў нагадваюць некаторыя нябесныя сузор'і. У адпаведнасці з гэтым шары Коста-Рыкі некаторыя «даследчыкі» нярэдка лічаць своеасаблівым «планетарыем», «абсерваторыяй» або арыенцірамі для касмічных караблёў. Аднак пры ўсёй прывабнасці падобных версій для шырокай публікі, варта адзначыць, што аўтары іх больш выкарыстоўвалі сваю фантазію, чым вынікі палявых даследаванняў.
Фактычна ўсе вядомыя шары былі перамешчаны з іх першапачатковага месцазнаходжання ў ходзе сельскагаспадарчых работ, што знішчыла інфармацыю аб іх археалагічных кантэкстах і магчымых групах. Частка шароў была падарвана і разбурана мясцовымі шукальнікамі скарбаў, якія паверылі ў байкі, што тыя ўтрымліваюць золата. Шары скочвалі ў яры і цясніны ці нават пад ваду на марскім узбярэжжы.
Цяпер значная частка шароў выкарыстоўваецца ў якасці немудрагелістага ўпрыгажэння газонаў. Цалкам магчыма, што па меншай меры нейкая іх колькасць і раней выкарыстоўвалася ў аналагічных мэтах. Так, напрыклад, у размешчаным на Ціхаакіянскім узбярэжжы на мяжы з Гватэмалай цэнтры Ісапа, які існаваў крыху пазней за альмекаў, круглыя шары невялікага памеру былі выяўлены побач з маленькімі каменнымі слупамі, якія, цалкам верагодна, маглі служыць для іх падстаўкамі.
Застаецца невядомым і час вырабу шароў. Паколькі надзейных метадаў датавання каменных вырабаў цяпер не існуе, археолагі вымушаныя спадзявацца толькі на стратыграфічныя даследаванні і вызначаюць дату вырабу шароў па культурных парэштках, выяўленых у тых жа адкладах. Знойдзеныя падчас раскопак такія парэшткі датуюцца цяпер археолагамі ў дыяпазоне ад 200 года да н. э. да нават 1500 года н. э. Але і такі шырокі дыяпазон нельга прызнаць канчатковым.
Справа ў тым, што стратыграфічны аналіз заўсёды пакідае масу сумненняў у датаванні падобных артэфактаў. Хоць бы таму, што калі цяпер шары перамяшчаюцца з месца на месца, то нішто не можа выключыць магчымасці падобнага іх перамяшчэння і ў той самы час, які дае стратыграфія. Такім чынам, шары цалкам могуць стацца значна больш старажытнымі. Аж да сотняў тысяч і мільёнаў гадоў (ёсць і такія гіпотэзы). У прыватнасці, абсалютна не выключана і версія, выказаная Джорджам Эрыксанам і іншымі даследчыкамі, што шары маюць узрост больш за 12 тысяч гадоў. Пры ўсім скептыцызме археолагаў у адносінах да падобнай даты, яна зусім не пазбаўленая падстаў.
Загадкай застаецца і спосаб транспарціроўкі шароў (або нарыхтовак для іх) — ад месцаў іх размяшчэння да месцаў меркаванага паходжання матэрыялу для іх вырабу — дзясяткі кіламетраў, істотная частка з якіх прыпадае на балоты і густыя зараснікі трапічнага лесу.
Самую першую справаздачу аб даследаванні шароў Коста-Рыкі археолаг Дорыс З. Стоўн скончыла словамі: «Мы павінны аднесці дасканалыя сферы Коста-Рыкі да неспасціжных мегалітычных загадак». Дарэчы, у хроніках Коста-Рыкі, якія вядуцца з 1512 года, няма ні адной згадкі пра каменныя шары. Нават калі яны значна раней мелі культавае значэнне, што гэта быў за культ такі? Таксама не зразумела.
Каменныя шары сустракаюцца не толькі ў Коста-Рыцы.
У 1969 годзе ў Германіі, у Эйфелі, пры выбуху ў каменяломні з адхону выкаціўся ідэальна круглы шар дыяметрам у пяць метраў і вагой больш за 100 тон.
У Казахстане пры распрацоўцы пясчанага кар'ера з вялікай глыбіні былі выкапаны некалькі буйных каменных шароў.
Унікальнай прыгажосці шары былі выяўлены па схілах яра Букабай ў Соль-Ілецкім раёне Арэнбургскай вобласці.
Яшчэ некалькі дзясяткаў такіх камянёў знаходзілася ў яры за пяць кіламетраў на захад ад Жырноўска Валгаградскай вобласці. У 2002—2003 гадах, на жаль, самыя прыгожыя і выразныя з іх знішчылі мясцовыя бульдазерысты-нафтавікі.
Поўна шароў (да двух метраў у дыяметры) на арктычным востраве Чампі на Зямлі Франца Іосіфа. Аднак трапляюцца і зусім малюсенькія.
У кастрычніку 2007 года на глыбінях 10—25 метраў на дне Чорнага мора каля Геленджыка экспедыцыя «Космапошука» знайшла шары дыяметрам ад 0,7 да 1 метра.
Падрыхтаваў Іван Купарвас
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/shary-kosta-ryki
[4] https://zviazda.by/be/tags/kosta-ryka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kamyani
[6] https://zviazda.by/be/tags/kamennyya-figury
[7] https://zviazda.by/be/tags/navukoucy