Падарожжа турыста-адзіночкі, якога вабяць родныя мясціны з іх цікавым гістарычным мінулым, працягваюцца. Нагадаем, праект наш прысвечаны Году малой радзімы і яго мэта — звярнуць увагу на тое, якая багатая ў нас спадчына. Вось, напрыклад, што вы ведаеце пра Чавусы? Што гэта сталіца беларускага казацтва? Або што тут пахаваны продкі галівудскіх зорак Керка і Майкла Дугласаў? Ці чулі, што дзесьці тут жылі продкі ізраільскага прэм'ер-міністра Арыэля Шарона? А што калі праверыць гэтую інфармацыю, як той казаў, на месцы? Тым, каму цікава, запрашаю скласці кампанію для вандроўкі ў старадаўні горад на берагах маленькіх, але вельмі маляўнічых рэк — Проні і Басі.
Нашчадкі міфічнага Чавуса
Па легендзе горад атрымаў сваё імя ад пасла крымскага хана мірзы Чавуса, які нібыта спыняўся ў мястэчку. Так гэта ці не, праверыць цяжка. Але паразважаць можна. І лепей з музейнымі работнікамі. Прыгожы будынак раённага гісторыка-краязнаўчага музея з чырвонай цэглы нельга пераблытаць ні з чым іншым. Старадаўніх пабудоў у Чавусах наогул адзінкі. Дом быў узведзены ў 1902 годзе для мясцовага казначэйства.
— Слова «чавус» — цюркскага паходжання, у татарскім войску чавусамі называлі самы нізкі ваенны чын накшталт нашага яфрэйтара, — расказвае дырэктар музея Іна Казакова.
Адзін час былі размовы пра тое, каб устанавіць у горадзе сімвал — малую архітэктурную форму ў выглядзе казака. Задумка так і не ўвасобілася ў жыццё, але тэма пастаянна мусіруецца. Юрый Жыгамонт, калі прыязджаў у Чавусы здымаць свае «Падарожжы дылетанта», дзесьці ў інтэрнэце знайшоў інфармацыю пра тое, што Чавусы былі сталіцай беларускага казацтва. Гэта дастаткова спрэчнае сцвярджэнне, але праграма была знятая і навіна пайшла ў народ.
Цікава, што ў Чавусах сапраўды жыве шмат людзей з сугучным прозвішчам і ўскосна маючым адносіны да яго — Казакевічы, Шараваравы, Харунжыя, Доўбышы... А на фасадзе музея размешчаны дзве інфармацыйныя таблічкі, адна з якіх сведчыць, што ў перыяд ВКЛ гораду было даравана магдэбургскае права. А другая расказвае пра тое, што ў Чавусах падчас вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай быў створаны казацкі полк. У музеі пра гэтыя гістарычныя змены нагадваюць два гербы — часоў ВКЛ і расійскай эпохі.
Радзіма славутага разведчыка
Хто такі Леў Маневіч, прадстаўляць не трэба. Гэта славуты савецкі разведчык, адзін з шасці Герояў Савецкага Саюза, якіх дала чавуская зямля. Падчас вайны трапіў у палон і памёр у аўстрыйскім канцлагеры. Пахаваны на воінскіх могілках у горадзе Лінцы. Але дзяцінства яго прайшло менавіта ў Чавусах, у так званым Зарэччы. На жаль, хата, дзе ён нарадзіўся, не захавалася. А сённяшнія жыхары гэтага маляўнічага куточка Чавус нічога не змаглі прыгадаць пра знакамітага земляка.
Але макет дома Маневіча можна ўбачыць у Магілёўскай абласной спартыўнай школе ў Чавусах. Ён быў зроблены адным з выхаванцаў школы-інтэрната, які існаваў тут з адкрыцця спартыўнай школы. Імя аўтара, на жаль, не захавалася.
У раённым музеі ёсць бюст і шмат фота блізкіх Маневіча — жонкі Надзеі Дзмітрыеўны і дачкі Таццяны. Апошняя жыла у Маскве і доўгі час падтрымлівала сувязь з Чавусамі. Потым перапіска абарвалася. Нашчадкаў у Таццяны не было.
Шмат гадоў таму прыязджала дэлегацыя з Аўстрыі і перадала музею фотаздымкі з пахавання Маневіча.
Старадаўняе капішча
Тутэйшыя мясціны аблюбавалі яшчэ нашы продкі, радзімічы. На чавускай зямлі хапае мясцін, звязаных з іх знаходжаннем. І адно з іх — Радамля, сакральнае месца старажытнага племені. Аграгарадок знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад горада. Але, калі загадзя не даведацца расклад руху аўтобусаў да гэтага населенага пункта, туды будзе складана трапіць. Напрыклад, у пятніцу аўтобус адправіцца па гэтым маршруце толькі ў 19.30. А вось у аўторак і чацвер ёсць рэйсы на 7.40 і 13.55. Трэба ведаць, што аўтобус толькі праязджае цераз Радамлю, канчатковы яго прыпынак — вёска Заложжа. Так што не праспіце.
Радамля цікавая сваім музеем пад адкрытым небам. Пры археалагічных раскопках тут была знойдзена старадаўняя печка. Непадалёк ад яе пабудаваныя паўзямлянкі, дзе можна пабачыць палаці, якімі карысталіся нашы продкі. Летась тут з'явіліся ідалы паганскіх багоў — Вялеса, Мокашы, Дажбога, Перуна і іншых. Пляцоўка ажывае падчас свята «У госці да радзімічаў».
— Адзін наш зямляк успамінаў: калі хацелі знесці сакральны ўзгорак і падагналі тэхніку, відавочцы ўбачылі вогненнае кола, якое акружыла яго. Трактарысты развярнуліся і паехалі назад. Існуе павер'е, што там жывуць душы памерлых, — расказала загадкавую гісторыю пра Радамлю навуковы супрацоўнік музея Ала Сцяпанава.
І абразы грэюць
На жаль, у саміх Чавусах не захавалася ніводнай старадаўняй царквы. Але храм Ушэсця, які адкрыўся шэсць гадоў таму, таксама цікавы. Падчас майго візіту мне пашчасціла сустрэцца з яго настаяцелем, айцом Мікалаем. Ён расказаў цудоўную велікодную гісторыю. Здарылася яна з адной прыхаджанкай, якая прыйшла на святочную ўсяночную з унучкай. У храме было халаднавата, і дзяўчынка стала прасіць бабулю пайсці хутчэй дадому. Скардзілася, што ёй холадна. Бабуля параіла падысці да іконы з Божай Маці і папрасіць сагрэць. Унучка пасля гэтага яе не турбавала. Калі служба скончылася, бабуля падбадзёрыла ўнучку, маўляў, зараз пойдзем дадому — сагрэешся. А тая сказала, што ёй зусім не холадна. Маўляў, яна падышла да іконы і ад сэрца папрасіла Маці Божую сагрэць яе. І тут ёй падалося, што дзіця на іконе працягнула да яе руку і адразу ж стала вельмі цёпла. Ікона, дарэчы, старадаўняя. Яна была канфіскавана мытнікамі падчас спробы вывезці яе за мяжу.
Айцец Мікалай расказаў гісторыю яшчэ адной іконы з выявай святой Фаціны. Яе храму падарыла жанчына, у якой у аўтакатастрофе загінула адзіная дачка. І калі прыходзіць у храм, яна моліцца каля гэтага абраза.
Дарэчы, у музеі ёсць незвычайная двухбаковая ікона з чавускай Георгіеўскай царквы, якая, на жаль, не захавалася. З аднага боку на нас сумна глядзіць Божая Маці Пачаеўская, на другім знаходзіцца выява Георгія Пераможцы. Прынёс ікону жыхар горада. Яго бабуля, калі закрылі царкву, узяла абраз на захаванне, ён так і ляжаў у яе на гарышчы, загорнуты ў тканіну.
Па слядах Майкла Дугласа і Арыэля Шарона
На знакамітых землякоў Чавусам пашчасціла. Дастаткова згадаць вядомага беларускага этнографа Івана Насовіча, які склаў слоўнік з больш чым 80 тысяч беларускіх слоў. Родам ён з вёскі Гразівец Чавускага раёна. Варвара Кашаварава-Руднева, першая жанчына-ўрач у царскай Расіі з вышэйшай адукацыяй, таксама ўраджэнка Чавус. Стаць у канцы XІX стагоддзя ўрачом, калі жанчын не дапускалі да вядзення медыцынскай практыкі, гэта вялікі подзвіг. А пра звеннявую па ўборцы льну Ульяну Іванаўну нават песня ёсць: «Ох, і сеяла Ульяніца лянок...».
У Магілёве калісьці жыў стрыечны брат Майкла Дугласа Міхаіл Даніловіч. Ён расказваў, што ў Чавусах знаходзіўся фамільны склеп іх сямейства. А вось могілкі продкаў былога прэм'ер-міністра Ізраіля Арыэля Шарона — у вёсцы Галавенчыцы. Яго маці ў 12-гадовым узросце выехала адтуль з роднымі спачатку ў Азербайджан, а потым у Палесціну. Там пасля і нарадзіўся Арыэль. У 90-я ён збіраўся прыехаць на радзіму продкаў. «Нас тады яшчэ наведалі супрацоўнікі ізраільскага пасольства, — успамінае Іна Казакова. — Хадзілі па музеі, ездзілі ў Галавенчыцы. На той момант там жыла жанчына, якая помніла дзеда Арыэля — Берку. Ён у мясцовых жыхароў быў паважаны чалавек, меў сваю манапольку, займаўся гандлем. Яго дом стаяў на ўзгорку над возерам. Але ў Шарона раптоўна здарыўся інсульт, і ён не прыехаў. Але засталіся яго ўспаміны, дзе ён называе Чавусы радзімай яго продкаў».
Ложак для турыста
Карысныя падказкі, дзе прыпыніцца і што паглядзець, можна знайсці на сайце Чавускага райвыканкама. А заадно пабачыць, як выглядае тутэйшая гасцініца. Тут жа прапануюць забраніраваць нумар. Люкс абыдзецца ў 52 рублі 80 капеек за суткі. Размова ідзе пра двухпакаёўку з поўным наборам мэблі, уключаючы шафу-сценку, тэлевізар, халадзільнік і нават кухню. Санвузел абсталяваны душавой кабінай. За нумар першай катэгорыі, ён крыху прасцейшы — няма сценкі, трэба заплаціць 46,06 рубля. Крыху больш, чым 41 рубель, папросяць за аднапакаёвы нумар на два чалавекі. Для пастаяльцаў дарагіх нумароў прадугледжаны яшчэ і сняданак. Танней застаецца толькі варыянт нешта накшталт хостэла. За ложак у нумары на два, тры і чатыры чалавекі возьмуць 19,5 рубля. Усе выгоды на калідоры, у тым ліку халадзільнік і тэлевізар. І сняданак за свой кошт.
Цяпер пра плюсы гасцініцы. Яна новая і дастаткова рэспектабельная. Разлічана ў тым ліку і на іншаземных гасцей. Сярод рэкламных праспектаў на рэгістрацыйнай стойцы ляжыць буклет і на кітайскай мове.
На сайце райвыканкама можна знайсці спасылкі і на дзве тутэйшыя аграсядзібы, гаспадары якіх дапамогуць арганізаваць вольны час. Прыемна, што ў горадзе дастаткова кавярняў, дзе можна смачна падсілкавацца. Напрыклад, у адной з іх я пакаштавала экзатычны грыбны суп з вушкамі. Каштаваў ён 89 капеек і быў на рэдкасць смачны. Што датычыцца цікавых сувеніраў, то іх шмат у музейнай краме. Асаблівым попытам тут карыстаецца... той самы казак. Што ні кажы, а сімпатыя да казацтва тут адчуваецца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/chavusy