«Мама, з табой і татам нарэшце стала можна гаварыць, вы пачалі мяне разумець», — казаў 13-гадовы Данік сваім бацькам, якіх яшчэ тры месяцы таму ненавідзеў, і нават падумваў уцячы з дому... «Якога цуда мы маглі не дачакацца», — думала Насця, пазіраючы на сваю пяцімесячную дачку і мужа, з якім паўтара года назад яны прыйшлі ў сталічны загс з цвёрдым намерам скасаваць шлюб праз чатыры месяцы пасля вяселля... Шчаслівы працяг гэтыя і мноства іншых гісторый набылі пасля таго, як іх удзельнікі пагадзіліся сустрэцца з медыятарамі. У выніку аказалася, што менавіта гэтых спецыялістаў ім не хапала, каб зразумець адно аднаго і адважыцца сабе дапамагчы.
Дамовіцца з іншымі і самім сабой
Дарослых людзей ужо нельга змяніць, аднак можна нагадаць ім пра наяўнасць будучыні і дапамагчы яе палепшыць, упэўнены медыятары — тыя, хто дапамагае варожым бакам дамовіцца і зберагчы свае нервы, сродкі і час. Закон аб медыяцыі з'явіўся ў Беларусі ў 2014 годзе, а адпаведныя спецыялісты сталі атрымліваць пасведчанні медыятараў. Аднак працаваць у гэтай галіне некаторыя пачалі ў нас больш за дзесяць гадоў таму, дапамагаючы людзям не давесці свае праблемы да суда.
А сёлета ў сталіцы прайшоў ужо ІІІ Міжнародны фестываль медыяцыі, які паказаў, што з кожным годам павялічваецца разуменне людзей, што медыяцыя — добрая сцяжынка, якая вядзе не ў суд, а да міру. Расце і колькасць праблем, якія можна і трэба вырашаць з дапамогай медыятараў. Сямейныя, эканамічныя, працоўныя і міжканфесійныя спрэчкі, крымінальныя справы з удзелам непаўналетніх, праграмы для прымірэння ахвяр і іх пераследнікаў...
Медыятар можа дапамагчы захаваць адносіны не толькі паміж людзьмі, але і прымірыць чалавека з самім сабою, калі яго жыццё ўскладняецца па самой сваёй сутнасці.
— З часам у людзей узнікае ўсё больш цяжкасцяў, і ім прыходзіцца шукаць новыя сродкі для пераадолення праблем. Здараецца, што тыя, хто не справіўся з цяжарам праблем, апынаюцца ў адпаведных лячэбных установах. А калі б іх жыццё было прасцейшае і не патрабавала напружання, яны спакойна існавалі б у сваім асяродку, — упэўнены Фрэнк ЛЭЙНІ, старшыня Камітэта па ўрэгуляванні спрэчак калегіі адвакатаў штата Паўночная Караліна ЗША.
Медыятары ў садках, школах і загсах
Летась медыятары пачалі актыўна працаваць у загсах Мінска, прапануючы дапамогу ва ўрэгуляванні спрэчак. У медыяцыю актыўна ўцягнуты беларускія студэнты і школьнікі. У 2016 годзе праект школьнай медыяцыі распачаўся ў 19 установах адукацыі сталіцы і 12 Гродна. У выніку ў 12 школах запрацавалі школьныя службы медыяцыі. Вучні самі праводзяць медыяцыі, якія датычацца спрэчак у сталовай, сварак паміж найлепшымі сяброўкамі, канфліктаў з выкладчыкамі...
У педагагічным каледжы нават ёсць тэматычны факультатыў. Ужо налета выпускнікі ўстановы, якія маюць веды медыятара, трапяць педагогамі ў сады і пачатковыя школы. Яны генерыруюць ідэі медыяцыі на мульціках і развіваюць іх для самых маленькіх. Па ацэнках дэлегацыі ААН, за два гады ў школьнай медыяцыі ў Беларусі было зроблена больш, чым у іншых краінах. Медыяцыяй зацікавіліся прадстаўнікі камісій па справах непаўналетніх і сацыяльна-педагагічных цэнтраў.
Каб удасканаліць гэтую з'яву ў краіне, Мінюст рыхтуе законапраект аб карэкціроўцы пытанняў медыяцыі ў Кодэксе аб шлюбе і сям'і, Грамадзянскім кодэксе і плануе ўвесці абавязковае накіраванне на працэдуру. Мяркуецца, гэта той выпадак, калі прымус павінен абярнуцца на карысць.
— Каб інстытут медыяцыі дзейнічаў больш эфектыўна і стаў звычкай у прававой культуры грамадства, неабходна карэкціраваць і ўдасканальваць не толькі закон аб медыяцыі, але і працэсуальныя кодэксы, — пераканана Ала БОДАК, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. — Карысць медыяцыі ў тым, што яна дазваляе не толькі разгрузіць суды, але, як правіла, і разыходзіцца ўдзельнікам канфлікту як мінімум не ворагамі.
Міждысцыплінарная прафесія
Мадэль сацыяльна-палітычнага ладу краіны, якая засноўваецца на медыяцыі, сведчыць, што ў грамадстве добра развіты грамадскія інстытуты, лічыць Ірына ЦЭЛІКАВЕЦ, начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Медыяцыя ў Беларусі паспяхова развіваецца ў сферы вырашэння камерцыйных спрэчак, што пацвярджаецца прымірыцельнымі працэдурамі ў сістэме эканамічных судоў. Практыка паказала, што магчымасці медыяцыі ў многіх выпадках перавышаюць магчымасці судавытворчасці, бо яна дапускае прыняцце адрозненняў у пунктах гледжання бакоў. Можна сказаць, што медыяцыя ў краіне склалася як прававы, аднак не як сацыяльны інстытут. Гэтая працэдура, на жаль, знаходзіцца яшчэ на пачатку свайго развіцця і патрабуе карэкціроўкі дзейнага заканадаўства.
Магчымасць дамовіцца праз медыятара дазваляе, акрамя ўсяго, не апавяшчаць аб праблемах, якія маюць абодва бакі ў сваім бізнесе, дадатковых людзей, як гэта было б у судзе. Некаторыя нават пасля застаюцца дзелавымі партнёрамі. Дакументы 10 000 біржавых здзелак штогод змяшчаюць медыяцыйную агаворку.
Айчынная медыяцыя развілася і выйшла з судоў, і ў гэтым яе нацыянальная спецыфіка, пацвярджае і Ірына БЕЛЬСКАЯ, медыятар цэнтра «Медыяцыя і права». Судовая медыяцыя пачала развівацца ў краіне яшчэ ў 2008-м, а ў 2010 годзе быў створаны спецыяльны цэнтр для развіцця пазасудовай медыяцыі.
— Сённяшняя медыяцыя вырасла з паняцця працэдуры і стала нечым большым — з яе стварылася дадатковая кампетэнцыя многіх прафесій, — упэўнена яна. — Навукоўцы, псіхолагі, канфліктолагі, выкладчыкі, члены парламента — усе сёння вучаць яе асновы. Тым самым мы выйшлі на міждысцыплінарнасць прафесіі медыятара, якая аб'ядноўвае ўсе адукацыі. Думаецца, калі дзяржава працягне садзейнічаць развіццю медыяцыі, ужо ў 2025-м працэдура стане асноўным сродкам урэгулявання канфліктаў.
Эліта беларускага грамадства
Медыяцыя павінна прафесійна развівацца ў межах навуковай дысцыпліны. Вучыць медыятараў трэба не некалькі дзён, а два гады, каб гэта былі прафесіяналы. Апроч таго, нельга, каб у медыяцыі дамініравала нейкая прафесія. Пазасудова вырашаць спрэчкі могуць і ўрачы, і настаўнікі, лічыць Эдрыян РАЙТ, першы сямейны медыятар у Вялікабрытаніі па ўсіх пытаннях:
— Ва ўсіх людзей ёсць патэнцыял, каб стаць медыятарам. Добра, калі ўдзельнікі працэдуры не здагадаюцца, што іх медыятар мае яшчэ нейкую прафесію. Я ведаю спецыяліста па продажы нерухомасці і медсястру, якія аднойчы адкрылі ў сабе здольнасці медыятараў і цудоўна камунікуюць з людзьмі.
Калі падумаць, амаль кожны з нас хоць аднойчы ды быў у ролі медыятара, калі мірыў родных ці сяброў. Аднак афіцыйна атрымаць такое пасведчанне ў Беларусі можа толькі той, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю і адвучыўся ў Цэнтры медыяцыі і перагавораў. За пяць гадоў тут выхавалі 184 спецыялісты. Трэць выпускнікоў — людзі з некалькімі вышэйшымі адукацыямі ці шэрагам дадатковых адукацый. Амаль 80 % — юрысты.
— Можна казаць упэўнена, што прафесіі медыяцыі навучаецца эліта грамадства. Гэта людзі, якія ўжо валодаюць ведамі і жыццёвым вопытам, якія адчуваюць, што саспелі розумам і душою да нечага большага і гатовыя рэалізаваць сябе ў гэтым кірунку, — лічыць Алена ЖДАНОВІЧ, медыятар Цэнтра медыяцыі і перагавораў.
У Беларусі сёння працуюць 550 медыятараў. Больш за 60 пасведчанняў выдадзена за паўгода сёлета.
Па-за межамі шлюбу і краін
Лічыцца, што скасаванне шлюбу — самае страшнае, што можа здарыцца з сям'ёй, бо пасля гэтага яна проста перастае існаваць. Аднак сямейная медыяцыя павінна не абмяжоўвацца толькі разводам, а выходзіць за яго межы. Нельга забывацца на праблемы, якія застаюцца пасля распаду сям'і. Напрыклад, за чый кошт утрымліваць дзіця, бо малое расце і павялічваюцца расходы на яго. Або непаразуменні паміж бацькамі і дзецьмі, якія ўзнікаюць праз змену наладжанага быту, выкліканую разводам, і праз сталенне малых, калі прыходзіць час ужо ім клапаціцца пра бацькоў.
Існуе яшчэ такая з'ява, як міжнародная сямейная медыяцыя. Гэтая працэдура праводзіцца ў дачыненні да сем'яў мігрантаў або тых, што стварыліся пры студэнцкім абмене падчас вучобы. Яна вылучаецца геаграфічным падзяленнем сям'і, калі адна яе частка знаходзіцца ў адной краіне, другая — у іншай.
— Такая медыяцыя праводзіцца ў краіне пражывання бацькі ці маці ў прысутнасці абаіх сужэнцаў і дзіцяці альбо дыстанцыйна праз відэаканферэнцыю, — растлумачыла Сабіна ЦІТАРЭНКА, асістэнт міжнароднага праекта генеральнага сакратарыята Міжнароднай сацыяльнай службы «Міжнародная сямейная медыяцыя». — Асаблівасць міжнароднай медыяцыі яшчэ і ў наяўнасці дзвюх юрысдыкцый краін, бо ў кожнай дзяржавы свае, культурныя і нацыянальныя асаблівасці, суверэнітэт, прававыя нормы, мовы. Часам гэта прыводзіць яшчэ да адной асаблівасці — міжнароднага крадзяжу дзяцей, калі адзін з бацькоў утрымлівае малога ў іншай краіне або перавозіць яго без згоды другога.
У многіх краінах не ратыфікавана Гаагская канвенцыя аб крадзяжы дзяцей або яе выкарыстанне здараецца праблематычным. Менавіта ў такіх выпадках медыяцыя можа дапамагчы бацькам дасягнуць пагаднення аб выхаванні дзіцяці. А яшчэ — сэканоміць час, бо і суд: працэдура вяртання, як правіла, цягнуцца доўга. Такім чынам медыяцыя становіцца сцяжынкай ад карнага правасуддзя да аднаўленчага.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/medyyacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/razmova
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyyatar