Ёсць людзі шчаслівых прафесій. Аднясём да іх і тых, хто выконвае «просценькую» справу — трымае нашы гарады ў чысціні і парадку, а па сутнасці, штодзённа і нястомна ўпрыгожвае іх. Не адзін год мы знаёмы з Юрыем Шыпкіным, кіраўніком Наваполацкай спецаўтабазы, і ведаем, што менавіта так расцэньвае ён уласны занятак і занятак сваіх калег.
— Сапраўдным экзаменам на прафесійную сталасць для калектыву была падрыхтоўка да нядаўняга святкавання 60-годдзя Наваполацка, — расказвае Юрый Аляксандравіч. — Здаецца, рабілі ўсё як звычайна: даглядалі вуліцы і тратуары, высаджвалі кветкі і дрэвы, але ўся наша работа была гэтым разам як бы падарункам роднаму гораду да яго свята. А значыць, выконвалася як ніколі адказна, якасна.
Напружанне, калі рыхтаваліся да юбілею, было значнае. Гэта як падчас любога мерапрыемства, што патрабуе поўнай аддачы сіл і аптымальнай арганізацыі, без дзялення на дробязі і на важнае. Дробязяў у нашай справе не бывае. Тым больш што мы чакалі прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў, у выніку і прыехалі адразу 20 дэлегацый. Былі госці і з розных раёнаў краіны.
Вы не ўпершыню ў нашым горадзе, але сёння на яго вуліцах убачыце нямала для сябе цікавага. Мы імкнуліся, каб паўсюдна былі прыкметы свята, якія б стваралі адпаведны настрой у насельніцтва і гасцей Наваполацка, і каб яны засталіся надоўга.
Гідам журналістаў «Звязды» па горадзе стаў галоўны інжынер Ігар Кудрын. У гэтую прафесію людзі прыходзяць рознымі шляхамі. Ігар Алегавіч закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут, працоўную біяграфію пачынаў у гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы, тут вырас да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела. Пасля рэарганізацыі з ЖКГ вывелі шэраг калектываў, у тым ліку спецаўтабазу, яны набылі юрыдычную самастойнасць. Атрымаўшы ў гэты «пераходны перыяд» досвед работы ў будаўнічай арганізацыі, Кудрын тры гады таму прыйшоў у спецаўтагаспадарку галоўным інжынерам.
— Мне падабаецца ўдзельнічаць у паўсядзённай рабоце па добраўпарадкаванні і азеляненні буйнога індустрыяльнага цэнтра, — кажа галоўны інжынер. — Прыемна бачыць прыкметныя вынікі працы свайго калектыву — пра іх гаварылі нам і ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў.
Пытаемся ў суразмоўніка: а што было найбольш складаным падчас падрыхтоўкі — наводзіць парадак на гарадскіх вуліцах ці яшчэ больш упрыгожваць іх?
— Не цяжка ні адно, ні другое, калі займаешся гэтым пастаянна, і калектыў прывык, ведае сваю справу. Канешне, былі і складанасці, не без таго. Стараліся вырашаць іх аператыўна. Калектыў наш моцны, і ўсе перажываюць за горад, усім хочацца, каб ён быў прыгожы. Адносімся да горада як да ўласнага дома. Калектыў — не маленькі, 350 чалавек, і ва ўсіх такая настроенасць — на чысціню, на парадак. Мы абслугоўваем Наваполацк, пасёлак Баравуху і новы для нас мікрараён Міжрэчча. Нядаўна перадалі яго нам, раней гэта была тэрыторыя адказнасці «Нафтана». Ён не праблемны, мы прынялі на сябе дарогі, вуліцы, яны і раней былі дагледжаныя. Наша задача — падтрымліваць іх у такім жа добрым стане.
— Вось будуецца дзясяты мікрараён, — працягвае Кудрын. — Як бачыце, тут прыгожыя дамы рознай паверхавасці і рознай каляровай гамы, архітэктары імкнуцца надаць раёну свой твар. Будаўнікі яшчэ працуюць, і мы імкнёмся знаходзіць з імі агульную мову, каб не расцягвалі зямлю з новабудоўлі па вуліцах.
— У галоўнага інжынера сваёй, скажам так, «інжынернай» работы хапае?
— Мы не дзелім работу на сваю і не сваю, у нас узаемазамяняльнасць, але чыста інжынернай работы хапае, бо тэхнічная ўзброенасць нармальная. Да Дня горада набылі два маленькія «Беларусы» з навясным абсталяваннем, для работы як у зімовую пару, калі яны будуць вельмі запатрабаваныя на ачыстцы тратуараў ад снегу, так і летам. Сёння ім хопіць работы з навяснымі касілкамі. Займелі ўстаноўку «Тайфун» для ямачнага рамонту вуліц і тратуараў. Самае «вузкае» месца любога горада менавіта ямачны рамонт. Абнаўляем аўтамабільны парк. Ёсць і МАЗы, і самазвалы-«цяжкавагавікі», спецыяльная свідравальна-кранавая ўстаноўка, двухсекцыйны палівазапраўшчык. У планах новыя закупкі — у прыватнасці, прыгожага і зручнага аўтамабіля «Газель. Nехт» для перавозкі рабочых. Перадавой эфектыўнай тэхнікай пры падтрымцы гарвыканкама аснашчаемся пастаянна.
— А зараз мы знаходзімся з вамі паблізу цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Маякоўскага, — працягвае свой расказ наш гід. — Якраз тут устаноўлены флагштокі са сцягамі гарадоў-пабрацімаў, новыя лавачкі. Падсаджвалі загадзя маладыя дрэўцы, бачыце, як яны выстраіліся радамі? З цягам часу падрастуць, зазелянеюць і будзе вельмі прыгожа.
Побач, на вуліцы Паркавай, заасфальтавалі дарогу, паднавілі дарожкі, таксама лаўкі паставілі, ліхтары, а дзе спатрэбілася — зманціравалі агароджу. Нашы партнёры з водаканала аднавілі работу гарадскіх фантанаў, і ў выніку атрымалася яшчэ адно прывабнае месца для адпачынку гараджан. Каля такіх найбольш прыкметных месцаў жыхары і госці Наваполацка пастаянна фатаграфуюцца.
Наш горад вырастаў не на старых «касцях», тут няма прыватнага сектара з праблемнымі кварталамі, якія трэба зносіць. Тым не менш жылыя раёны патрабуюць увагі. Спознішся з-за таго, што не выдзелены своечасова сродкі ці проста не звярнулі ўвагу, і назаўтра сродкаў спатрэбіцца значна больш.
Вы пытаецеся пра расаду кветак — яе ў асноўным вырошчваем ва ўласнай цяплічнай гаспадарцы і часткова закупляем, бо расады патрэбна нямала. Адны клумбы адцвілі, кветкі на іх абляцелі, і нашы працавітыя дзяўчаты высаджваюць сюды новыя. За гэтым стаіць карпатлівая работа, у тым ліку зімой, калі «музычнымі» жаночымі пальчыкамі патрэбна пікіраваць тысячы (!) саджанцаў кветачак.
Працуе наш участак гарсвятла. Хлопцы падтрымліваюць і рамантуюць лініі вонкавага асвятлення, замяняюць свяцільнікі на энергазберагальныя, святлодыёдныя. Горад расце, і асвятляем новыя ўчасткі, якія раней не былі падключаны. Задача эканоміі электраэнергіі вырашаецца з дапамогай шафаў кіравання — аўтаматыка сама павышае ці паніжае напружанне, а значыць, і асветленасць на вуліцах.
Нават вялікая металічная канструкцыя сімвала горада — лілеі — абвешана эканомнымі святлодыёднымі лямпачкамі. Святочнымі вечарамі гіганцкая лілея глядзіцца вельмі эфектна, гараджане ацанілі, таксама любяць тут фатаграфавацца. Сэлфі атрымліваюцца не горшымі і на фоне шматлікіх яркіх клумбаў, і на фоне канструкцыі «Я Наваполацк»...
Цікавімся ў суразмоўніка, хто складае эскізы кветкавых кампазіцый для афармлення горада. Аказваецца, свае ж спецыялісты з участка зялёнага будаўніцтва, які ўзначальвае знаёмая нам па мінулай камандзіроўцы Таццяна Герліц. Укладваюць у іх не толькі ўласнае бачанне прынцыпаў «зялёнай прыгажосці», але і душу. Дарэчы, Таццяна паспела абараніць кандыдацкую дысертацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на тэму «Перспектыўны асартымент дэкаратыўных кветкавых раслін для паўночнага рэгіёна Рэспублікі Беларусь».
Творчаму падыходу Таццяны і яе дзяўчат можна давяраць хоць бы таму, што на конкурсах зялёнага будаўніцтва, якія праходзяць у рамках абласных свят «Дажынак», іх кампазіцыі штогод займаюць прызавыя месцы.
Дзякуючы клопатам брыгад спецаўтабазы дагледжана і цэнтральная плошча, яна і зараз выглядае па-святочнаму, строга і ўрачыста. І бульвар на вуліцы Кірава, які носіць імя Льва Наважылава, ды і іншыя знакавыя мясціны горада, пералічваць можна доўга. А ў паркавай зоне чакаецца сапраўдная падзея — побач з атракцыёнамі будуецца дзіцячы гульнявы комплекс. Там будуць не толькі гульні, але і спартыўныя пляцоўкі, і трэнажоры — на любы густ. Дзеці змогуць на свежым паветры спакойна «ганяць» на веласіпедах, на роліках. Побач ужо дзейнічае спартыўна-гульнявы комплекс для дарослых, узведзены на сродкі спонсараў, так што ёсць чым заняцца і бацькам. Цікава, што спартыўныя трэнажоры закупілі ў так званым антывандальным выкананні. Год эксплуатацыі прайшоў, яны ніколі не прастойваюць, і да гэтага часу ніхто нічога не зламаў. Што сведчыць не толькі пра трываласць жалеза, але і пра паважлівыя адносіны гараджан да агульнай маёмасці.
Участак зяленага будаўніцтва выконвае таксама заказы прадпрыемстваў і арганізацый па высадцы кветак на іх тэрыторыях. У навапалачан ёсць такое вось агульнае жаданне — жыць прыгожа. І гэта трэба разумець. Нікому не адмаўляюць, такія заказы выконваюцца з асаблівым задавальненнем. Прыгажосць, разлітая на вуліцах горада, пашыраецца, знаходзіць свой працяг.
Уладзімір Хількевіч,
Яўген Пясецкі (фота)
УНП 391487274
*На правах рэкламы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-hilkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/navapolack
[5] https://zviazda.by/be/tags/reklama-na-partale