Мінпрыроды прымае заяўкі прапаноў для рэалізацыі экалагічных праектаў пры фінансавай падтрымцы ГЭФ. Апошні тэрмін іх падачы — 10 жніўня.
З 1 ліпеня 2018 года пачаўся сёмы фінансавы перыяд работы Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ), разлічаны на чатыры гады. Да 2022 года на рэалізацыю экалагічных праектаў у Беларусі запланавана накіраваць каля $8,6 млн. Тэматыка праектаў будзе засяроджана на трох прыярытэтных абласцях ГЭФ: змяненні клімату ($5,6 млн), дэградацыі зямель ($1 млн) і біяразнастайнасці ($2 млн). 10 % ад агульнай сумы будзе накіравана на рэалізацыю праектаў у межах Праграмы малых грантаў ГЭФ у нашай краіне.
Як расказалі ў Мінпрыроды, з мэтай фарміравання якаснага партфеля праектных заявак, для рэалізацыі якіх плануецца прыцягнуць сродкі ГЭФ, прыродаахоўнае ведамства стварыла міжведамасную рабочую групу па супрацоўніцтве з фондам пад кіраўніцтвам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка. Яе ўдзельнікі разгледзяць і ацэняць праектныя заяўкі на адпаведнасць нацыянальным прыярытэтам і міжнародным абавязацельствам краіны, узятым у межах шматбаковых экалагічных пагадненняў, і адбяруць найлепшыя з іх.
Прыём праектных прапаноў Мінпрыроды ажыццяўляе з 10 ліпеня па 10 жніўня 2018 г. Усе прапановы павінны быць накіраваны на рашэнне экалагічных задач у прыярытэтных сферах ГЭФ.
Акрамя таго, адзначылі ў Мінпрыроды, для рэалізацыі праектаў у пазначаных тэматычных сферах фінансавая падтрымка ГЭФ будзе аказана атрымальнікам дапамогі пры выдзяленні імі суфінансавання ў памеры 75 % ад агульнага бюджэту праекта.
Накіроўваць праектныя прапановы можна на адрас: вул. Калектарная, 10, 220004, г. Мінск ці на электронную пошту іcd@mіnprіroda.gov.by з пазнакай ГЭФ-7. Інфармацыю пра дзейнасць ГЭФ і правілы афармлення праектных заявак можна прачытаць на сайце фонду [3].
Вераніка КОЛАСАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.thegef.org/
[4] https://zviazda.by/be/tags/klimat
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody