З зямлёй і небам звязывае мяне ніць —
Неразарваная веквечна павуціна...
Янка Купала
На малой радзіме Янкі Купалы ў вёсцы Вязынка прайшло традыцыйнае свята — з суседніх гарадоў і вёсак сюды прыехалі аматары паэзіі Песняра, каб разам адзначыць дзень яго нараджэння.
У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» такія фэсты паэзіі, песні, народных рамёстваў праводзяцца даўно. У наш час праз гэта месца праходзіць турыстычны маршрут ЮНЕСКА.
Гэтым разам госці Вязынкі сталі ўдзельнікамі цікавай праграмы: са сцэны пад шатамі старых дрэў гучалі вершы Песняра, расповеды пра гісторыю мемарыяльнага запаведніка. Выступленні празаікаў і паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі надалі святу асаблівую паэтычную афарбоўку.
Што датычыцца багацця фарбаў — іх мелася ўдосталь на размешчаных тут выставах, дзе можна было не толькі падзівіцца на творчасць народных майстроў, але і набыць вышываныя ручнікі, посцілкі, вырабы з лазы, саломкі, малюнкі... Дарэчы, многія ўмельцы праводзілі майстар-класы, ахвотных пераняць сакрэты старажытнага рамяства было вельмі шмат.
Найбольшае ажыўленне панавала перад сталамі з новымі кнігамі беларускіх дзяржаўных і прыватных выдавецтваў. І гэта зразумела: кніга, прывезеная з малой радзімы Песняра, — найлепшы падарунак з такога свята.
Яўген Пясецкі
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyazynka
[5] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi