100 балаў на ЦТ па матэматыцы набралі сёлета 155 чалавек — гэта ўдвая больш, чым у папярэднім годзе (летась было 69 абсалютных вынікаў). Нагадаем, што матэматыку здавалі каля 45 тысяч абітурыентаў. Для параўнання: на ЦТ па рускай мове было 54 стабальных вынікі, па беларускай мове — 21 і 11 — па грамадазнаўстве. Такім чынам матэматыка — у лідарах!
З аднаго боку, вялікая колькасць стабальных вынікаў з'яўляецца добрай матывацыяй для тых, хто яшчэ толькі плануе сваё паступленне, сведчаннем таго, што з тэстам можна справіцца і што мэтанакіраванасць навучэнца будзе ў выніку ўзнагароджана Але з іншага, для абітурыентаў гэта сур'ёзны сігнал: канкурэнцыя на ўваходзе ў ВНУ можа сур'ёзна абвастрыцца!
Вырас таксама і сярэдні бал па матэматыцы: у 2017 годзе быў 27, 21 а ў гэтым — 32,32. Нуль балаў набралі 52 чалавек..
Арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання засцерагаюць ад распаўсюджанай памылкі: пераводзіць тэставыя балы ў дзесяцібальную шкалу няправільна! Нават многія педагогі блытаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і выніковую атэстацыю і не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы. Думаюць, што 30 балаў на ЦТ — гэта школьная "тройка"…
На цэнтралізаваным тэсціраванні выкарыстоўваецца рэйтынгавая шкала і абітурыенты параўноўваюцца паміж сабой. Пры гэтым складанасць кожнага задання тэсту вызначаецца статыстычна у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў, якія правільна яго выканалі. Чым большая колькасць абітурыентаў справілася з тэставым заданнем, тым будзе меншы каэфіцыент складанасці дадзенага задання. І наадварот, чым меншая колькасць абітурыентаў справілася з такім заданнем, тым большая колькасць балаў налічваецца ўдзельніку ЦТ за правільнае яго рашэнне.
Дзеючая методыка дазваляе разлічыць тэставы бал для заданняў з адзіна верным адказам і тэставы бал для заданняў, якія прадугледжваюць некалькі дакладных адказаў, як на ЦТ па рускай і беларускай мовах.
Пры досыць складаным тэсце добра дыферэнцуецца найбольш падрыхтаваная частка абітурыентаў, што з'яўляецца асноўнай задачай цэнтралізаванага тэсціравання.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ct
[5] https://zviazda.by/be/tags/matematyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[7] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne