Учора ў Федэрацыі хакея Беларусі адбылася справаздачная канферэнцыя, на якой падвялі вынікі работы ў сезоне 2017/2018 і яшчэ раз абмеркавалі пытанні фінансавання, сітуацыю з развіццём дзіцячага хакея і з'яўленне новых клубаў у краіне.
Пасля сёлетняга чэмпіянату свету, па выніках якога беларуская зборная пакінула элітны дывізіён, стала зразумела, што ў нашым хакеі надышлі цяжкія часы. Раней «разбор» сітуацыі прайшоў ужо ў Міністэрстве спорту і турызму, а справаздачная канферэнцыя федэрацыі з пачатку чэрвеня была перанесена на канец месяца. На нарадзе, дзе сабраліся практычна ўсе спецыялісты галіны, трэнеры і менеджары зрабілі справаздачу аб праведзенай рабоце.
Мабыць, даклад Сямёна Шапіры, які займаў пасаду старшыні федэрацыі з мінулага года, заняў больш за ўсё часу. Ён адзначыў, што цяпер сапраўды склалася няпростая сітуацыя ў хакеі, прынята дастаткова шмат новаўвядзенняў, зменены фармат чэмпіянату і вырашаны многія фінансавыя пытанні. Як заўважыў Сямён Барысавіч, многія адзначаюць той факт, што праблемы крыюцца ў падрыхтоўцы маладых хакеістаў, таму федэрацыяй зроблены канкрэтныя крокі па рашэнні гэтых нюансаў.
«Калі год назад мы набіралі ў дзіцячыя секцыі па 500—600 хлопцаў, то сёлета колькасць павялічылася да 1900, а ў далейшым будзе яшчэ больш. Мы ўзяліся за адукацыю трэнераў, якія працуюць з дзецьмі, іх веды правяраюцца, маладых спецыялістаў адпраўляем на розныя навучальныя курсы, каб павысіць прафесіяналізм. Падрыхтавана новая вучэбная праграма для хакейных школ». Сямён Шапіра адзначыў, што па даручэнні Прэзідэнта ў краіне было створана чатыры новыя клубы, але, на жаль, сёння ў іх яшчэ ўзнікае маса праблем, гэта датычыцца і Оршы, і Пінска, і Баранавіч.
У завяршэнні свайго даклада Сямён Барысавіч перайшоў да вынікаў зборных краіны і падкрэсліў, што ні выступленне маладзёжнай зборнай (U-20), ні нацыянальнай каманды нельга назваць здавальняючым і паспяховым. «Галоўным трэнерам на кантракце ў нас працаваў Дэйв Льюіс, яшчэ Ігар Рачкоўскі казаў мне пра свае асцярогі з нагоды трэнерскага штаба. У мяне з Льюісам была далёка не адна размова, і яны былі не асабліва прыемныя, таму што мне хацелася, каб ён праводзіў у Беларусі больш часу, усё ж такі гэта мелася на ўвазе яго работа. Ведаў, што яго рэдкае наведванне нашай краіны можа дрэнна паўплываць на вынікі зборнай, але перарваць кантракт не адважыўся, хоць, магчыма, гэта трэба было зрабіць. Што адбылося з беларускай камандай, усе бачылі самі. Я, як кіраўнік федэрацыі, таксама ў гэтым вінаваты, прызнаю, што не справіўся са сваімі задачамі і таму падаю ў адстаўку, — сказаў на заканчэнне Сямён Шапіра. — Усё ўзважыў і ацаніў, гэта рашэнне не было лёгкім. Любы чалавек, мужык, павінен глядзець праўдзе ў вочы».
Сямён Барысавіч падзякаваў усім за працу і выказаў пажаданне, каб яго пост заняў чалавек з хакея, якому пажадаў выправіць усе дапушчаныя памылкі і хутчэй вярнуць беларускую зборную ў сусветную эліту гэтага віду спорту.
Адзіным кандыдатам на вызваленую пасаду стаў Генадзь Савілаў, у мінулым вядомы айчынны хакеіст, двухразовы чэмпіён Беларусі, трохразовы сярэбраны і трохразовы бронзавы прызёр, удзельнік чэмпіянату свету 2003 года ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі (6 матчаў). 42-гадовы спецыяліст выступаў за мінскія «Цівалі», «Юнацтва», «Керамін», «Дынама», жлобінскія «Белсталь» і «Металург», маскоўскі ЦСКА, магілёўскае «Хімвалакно» і «Гомель». Завяршыў сваю прафесійную гульнявую кар'еру 10 гадоў таму, а цяпер уваходзіць у склад хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі.
Новы кіраўнік федэрацыі адзначыў, што часу на разварушванне няма, бо да наступнага чэмпіянату свету засталося ўсяго каля 11 месяцаў. «За апошні год у бок федэрацыі было шмат крытыкі, для мяне гэта знак, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Не чакайце ніякіх рэвалюцыйных рашэнняў, усё будзе рухацца паступова і планамерна. За апошнія 10 гадоў у Беларусі не з'явілася ніводнага хакеіста сусветнага ўзроўню, а раней у нас іх было каля 20, вось гэта сапраўдная праблема. Першачарговай задачай у нас будзе стаяць вяртанне ў элітны дывізіён, адбор на Алімпійскія гульні і, вядома, нам неабходна паказаць годную гульню на чэмпіянаце свету, які прыме Мінск у 2021 годзе».
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/federacyya-hakeya-belarusi