Міністры замежных спраў Грэцыі Нікас Кадзіяс і Былой Югаслаўскай Рэспублікі Македонія (БЮРМ) Нікола Дзімітраў падпісалі [4] пагадненне аб новай канстытуцыйнай назве Македоніі. Подпіс пад пагадненнем паставіў таксама спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН Мэцью Німіца, які выступіў пасярэднікам на перагаворах. Падпісанне прысутныя сустрэлі апладысментамі і крыкамі «брава!». Цырымонія падпісання адбылася ў пасёлку Псарадзес каля возера Прэспа, што на мяжы дзвюх краін, у прысутнасці прэм'ер-міністраў Алексіса Цыпраса і Зорана Заева. Тут таксама прысутнічалі намеснік генеральнага сакратара ААН Размары Дзікарла, высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі — кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні і еўракамісар Ёханес Хан. Да вялікай палаткі, устаноўленай на ўзбярэжжы, дэлегацыі дабіраліся на катарах. Урачыстую цырымонію транслявала ў прамым эфіры грэчаскае грамадскае тэлебачанне ЕRT. Падпісаны дагавор называюць гістарычным. Навошта перайменавалі Македонію?
Праект Ціта
У часы ранняй антычнасці Македонія, населеная пераважна грэчаскімі плямёнамі, цалкам увайшла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага. Пасля гэтую тэрыторыю заваявала Рымская імперыя, у выніку чаго пачаўся працэс раманізацыі мясцовага насельніцтва. Пазней рэгіён стала кантраляваць Візантыя, у Сярэднявеччы тут актыўна сяліліся паўднёвыя славяне. Пасля далучэння да Асманскай імперыі ўзмацніўся працэс балканізацыі рэгіёна. Пасля дзвюх балканскіх войнаў населеная многімі нацыянальнасцямі гісторыка-геаграфічная вобласць Македоніі была падзелена паміж Грэцыяй (Эгейская Македонія), Сербіяй (цяперашняя Македонія — Вардарская Македонія) і Балгарыяй (Пірынская Македонія).
Пасля Другой сусветнай вайны ў Федэратыўнай Народнай Рэспубліцы Югаславія, якая складалася з шасці сацыялістычных рэспублік, з'явілася Сацыялістычная Рэспубліка Македонія. Камуністычны лідар абвясціў аб стварэнні Сацыялістычнай Рэспублікі Македонія ў складзе Югаславіі. Для гэтага, як лічыцца, было дзве прычыны — павысіць статус мясцовага насельніцтва, каб разарваць сувязь з Балгарыяй, і падрыхтаваць плацдарм для экспансіі ў Грэцыю, у якой ішла грамадзянская вайна.
Як адзначае шэраг экспертаў, сучасная дзяржаўнасць Македоніі — шмат у чым тварэнне югаслаўскага лідара Іосіпа Броз Ціта. Македонія ў складзе Югаславіі ўяўляла сабой 35,8 працэнта тэрыторыі гістарычнай Македоніі. Яшчэ амаль 10 працэнтаў — гэта сёння тэрыторыя Балгарыі, а больш за 50 працэнтаў — вобласць сучаснай Грэцыі. Ціта ў канцы 1940-х гадоў працаваў над стварэннем Федэрацыі балканскіх дзяржаў, у рамках якой уся гістарычная Македонія павінна была стаць адзіным цэлым.
Праект не быў рэалізаваны, але суседзі, асабліва грэкі, пра гэтыя намаганні не забылі. І калі трываць Македонію ў якасці саюзнай рэспублікі ў складзе Югаславіі Афіны яшчэ былі гатовыя, то абвяшчэнне незалежнасці выклікала ў грэкаў адкрытае супраціўленне. Калі дакладней, то ўлады Грэцыі катэгарычна не задавальняла абвешчаная новай дзяржавай назва — «Рэспубліка Македонія». У Афінах разглядаюць яе як падставу для прад'яўлення тэрытарыяльнай прэтэнзіі на грэчаскую Македонію.
Нашчадкі Македонскага
Пасля распаду былой Югаславіі, у якой яна займала самую паўднёвую частку, утварылася дзяржава з насельніцтвам крыху больш чым два мільёны чалавек. Грэцыя ўстала на шляху новай суседкі. Без згоды грэкаў Македонію не маглі прыняць ні ў адну міжнародную арганізацыю. Спрэчка вакол уступлення ў ААН расцягнулася амаль на тры гады і ў выніку скончылася тым, што новую дзяржаву прынялі пад больш чым дзіўнай назвай «Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія». У самой Грэцыі краіну-суседку шмат гадоў называюць «Рэспубліка Скоп'е», ці проста «Скоп'е», адштурхоўваючыся ад назвы сталіцы.
У 2008 годзе, калі на саміце НАТА ў Бухарэсце Грэцыя заблакавала запрашэнне Македоніі, краіны — члены блока дамовіліся вярнуцца да пытання ўступлення толькі пасля вырашэння спрэчкі паміж дзвюма дзяржавамі. А міністр замежных спраў Македоніі Антоніа Мілашоскі тады заявіў: «Мы — македонцы, а наша краіна — Рэспубліка Македонія, і яна застанецца такой назаўжды».
Аналагічная гісторыя здарылася і з перагаворамі аб уступленні Македоніі ў Еўрасаюз. Эканамічнае становішча самой Грэцыі не ідэальнае, і прадстаўнікі міжнародных структур не раз намякалі Афінам на тое, што трэба быць больш падатлівымі. Пад ціскам эмісараў ЕС і НАТА грэкі пагадзіліся пайсці на некаторыя саступкі, але ад галоўнага не адмовіліся — назву «Рэспубліка Македонія» неабходна скарэктаваць.
Цяпер самай папулярнай партыяй краіны застаецца «Унутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства» (УМРА-ДПМНА)». Менавіта ў яе ўваходзіць прэзідэнт Георге Іваноў. Пазіцыя партыі — ніякіх саступак у назве краіны, паколькі яны падрываюць яе дзяржаўнасць.
«Рэвалюцыянеры» мяркуюць, што пад брэндам «дзяржавы Аляксандра Македонскага» прасцей аб'ядноўваць прадстаўнікоў розных народаў і змагацца з сепаратызмам.
Македонія не па чутках ведае, што такое сепаратызм. Эканамічная бязладзіца ў гэтай рэспубліцы прывяла да росту міжэтнічнай напружанасці. Каля 25 працэнтаў насельніцтва Македоніі — албанцы. Албанская абшчына з кожным годам усё гучней патрабуе незалежнасці, адмаўляючыся падпарадкоўвацца цэнтральнаму ўраду і абвінавачваючы Скоп'е ў славянскім нацыяналізме. У пачатку 2000-х у краіне ледзь не быў рэалізаваны «косаўскі сцэнарый». Узброеныя албанскія радыкалы пачалі баявыя дзеянні супраць урадавых сіл, і ў нейкі момант падавалася, што распаду краіны пазбегнуць не ўдасца.
Дзень Ільі
Аднак у канцы мінулага года Скоп'е і Афіны раптам надумалі вырашыць праблему. Да таго ж чым хутчэй — тым лепш. Па выніках снежаньскай сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін у Бруселі спецпасланнік генеральнага сакратара ААН Мэцью Німіц заявіў, што вырашыць застарэлую спрэчку можна менш чым за паўгода. Прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў паабяцаў правесці рэферэндум, на якім будзе прынятая новая назва краіны. Македонскія СМІ тады прыводзілі мноства магчымых варыянтаў: Рэспубліка Новая Македонія, Рэспубліка Паўночная Македонія, Рэспубліка Верхняя Македонія і Вардарская Рэспубліка Македонія.
А сёлета ў канцы мая македонскі ўрад заявіў: Скоп'е і Афіны ўшчыльную падышлі да вырашэння спрэчкі. Рэспубліка Іліндэнская Македонія — «назва з часавым вызначальнікам, якая спасылаецца на канкрэтныя даты з мінулага і задавальняе македонскі і грэчаскі бакі», гаварылася ў паведамленні Кабміна. Па словах Заева, рэспубліка спадзявалася вырашыць спрэчку з Грэцыяй да чэрвеньскага саміту ЕС. «Для Македоніі членства ў еўрапейскай сям'і азначае эканамічны рост, спалучанасць і роўныя магчымасці для маладых людзей у Македоніі і іх аднагодкаў у ЕС», — сказаў прэм'ер-міністр краіны — кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.
Але адкуль пайшла назва? Справа ў тым, што адно з самых галоўных дзяржаўных свят Македоніі — Дзень Рэспублікі, або Іліндэн («Дзень Ільі»), — адзначаецца 2 жніўня. У гэты дзень македонцы згадваюць дзве гістарычныя падзеі. Па-першае, пачатак Іліндэнскага паўстання. Яно пачалося ў горадзе Крушава ў ноч на 2 жніўня 1903 года — больш за 800 вайскоўцаў вызвалілі горад ад турэцкага прыгнёту, а Нікола Караў абвясціў незалежнасць Крушаўскай Рэспублікі і стаў яе старшынёй. Праз дзесяць дзён незалежнасці 18-тысячнае войска Асманскай Імперыі зноў заняло горад, а да верасня ўсё паўстанне было жорстка задушана. Таксама Іліндэн атаясамляецца з правядзеннем у 1944 годзе антыфашысцкага сходу па народным вызваленні Македоніі.
Хто на кані?
Аднак ужо ў чэрвені стала вядома, што Афіны і Скоп'е выключылі ўсе ранейшыя варыянты і спыніліся на новай назве — Рэспубліка Паўночная Македонія. І падзеі пачалі раскручвацца вельмі хутка. Парламент Македоніі за некалькі дзён адобрыў і ратыфікаваў дагавор аб змене назвы дзяржавы. Са свайго боку Георге Іваноў заявіў, што рашэнне заключыць з Грэцыяй дагавор аб назве краіны з'яўляецца асабістым рашэннем прэм'ера Зорана Заева і міністра замежных спраў Ніколы Дзімітрава. Таму ён лічыць дагавор недасканалым, што ён парушае Канстытуцыю.
Прэм'ер-міністр дэмарш прэзідэнта без увагі не пакінуў, заявіўшы, што Іваноў становіцца на шляху «еўрапейскіх перспектыў» Македоніі. Урад гатовы ісці на саступкі не толькі ў назве краіны, але і ў перайменаванні практычна ўсіх аб'ектаў, якія маюць умоўную прывязку да антычнай гісторыі. Самы яскравы прыклад у гэтым плане — перайменаванне статуі Аляксандра Македонскага, якая стаіць у цэнтры Скоп'я, у абстрактнага «Чалавека на кані». Відавочна, што ў Македоніі — маштабны палітычны крызіс. Прэзідэнт і прэм'ер-міністр вінавацяць адзін аднаго ў здрадзе нацыянальным інтарэсам краіны, ні адзін з бакоў канфлікту не жадае ісці на кампраміс, апелюючы да народа. Падобны сцэнарый добра вядомы: ён увесь час разыгрываецца то ў адной, то ў другой краіне свету.
Хто ж разыграе «македонскую карту»? Адназначнага адказу эксперты не даюць, аднак агучваюць варыянты. Перайменаванне Македоніі неабходнае перш за ўсё НАТА, таму што ўступіць у альянс можа толькі краіна, у якой няма ніякіх ворагаў, тэрытарыяльных прэтэнзій або канфліктаў. А ў дадзеным выпадку была істотная праблема ў адносінах з Грэцыяй. Такім чынам, перайменаванне — гэта выкананне патрабаванняў Паўночнаатлантычнага блока, растлумачыў РІА «Навіны» генеральны дырэктар Інстытута рэгіянальных праблем Дзмітрый Жураўлёў. «Грэчаская апазіцыя лічыць, што ўступленне Македоніі ў НАТА ўзмоцніць супярэчнасці паміж краінамі. Але, думаю, такая пазіцыя звязана не столькі з Македоніяй, колькі з імкненнем атакаваць палітычных праціўнікаў. Увогуле кажучы, міравое пагадненне ў сітуацыі шматвяковага «разводу» Грэцыі, Македоніі і Югаславіі малаімавернае, гэтая частка Балкан вылучаецца пастаяннымі канфліктамі», — лічыць вучоны.
У супярэчнасцяў паміж дзвюма краінамі даўняя гісторыя, і яны нашмат глыбейшыя і складанейшыя, чым проста назвы, якія супадаюць, заўважыў РІА «Навіны» прэзідэнт Цэнтра стратэгічных камунікацый Дзмітрый Абзалаў. «НАТА, чые апетыты ў апошні час прыкметна зрушыліся на ўсход Еўропы, вельмі зацікаўлена ў краінах былой Югаславіі. Іх уступленне ў альянс Брусель праціскае вельмі жорстка і паспешліва, не звяртаючы ніякай увагі на настрой і меркаванне насельніцтва», — кажа Дзмітрый Абзалаў.
Тое ж датычыцца і суседніх краін. «Большасць грамадзян Чарнагорыі не ў захапленні ад такога зыходу, у Македоніі зноў пачынаецца разлад, незразумела, чым усё павернецца ў Сербіі, у Босніі і Герцагавіне можа зноў успыхнуць пажар», — лічыць колішні дзяржсакратар па справах Косава і Метохіі Душан Прарокавіч.
Кропку ў гэтым пытанні павінны паставіць самі македонцы на рэферэндуме, які мяркуецца правесці ўвосень. Між тым, як стала вядома, Бі-бі-сі ўжо апублікавала карту, дзе нанесена Паўночная Македонія. Не зарана?
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] http://zviazda.by/be/news/20180619/1529395446-urad-makedonii-zacverdziu-zakonapraekt-ab-zmene-nazvy-krainy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/makedoniya