І ў нас сталі выкарыстоўваць бескантактавыя банкаўскія плацежныя бранзалеты для хуткай і зручнай аплаты. Цяпер дастаткова прыкласці руку да тэрмінала, каб разлічыцца ў крамах, кафэ, рэстаранах, на АЗС або за праезд у метро. Пілотны праект рэалізаваў Пріорбанк сумесна з кампаніяй Vіsa.
Бранзалет можна выкарыстоўваць у падарожжах — прыладай можна аплачваць пакупкі як у Беларусі, так і за мяжой. Гаджэт не баіцца вады і перападаў тэмператур, так што яго можна смела браць на пляж, у аквапарк або трэнажорную залу.
Бранзалет змайстраваны досыць проста. У яго ўбудаваны паменшаны дублікат карткі з антэнай (міні-чып MіnіTag), які мае ўсе функцыі бескантактавых картак Vіsa Classіc payWave. Каб здзейсніць плацеж, трэба толькі паднесці бранзалет да плацежнага тэрмінала з падтрымкай бескантактавай тэхналогіі.
Пры аплаце рахункаў да 20 рублёў аперацыя праходзіць практычна імгненна — для яе пацвярджэння не патрабуецца ПІН-код. У выпадку буйной куплі плацеж трэба пацвердзіць, як і са звычайнай карткай. У якасці бонусу да бранзалета выдаецца банкаўская плацежная картка для ажыццяўлення аперацый у прыладах без падтрымкі бескантактавай аплаты.
Першымі навінку выпрабавалі супрацоўнікі адной прыватнай фірмы. Менавіта такім інавацыйным рашэннем банк павіншаваў ІT-кампанію з 25-годдзем. «Пакуль бранзалеты ў вольны продаж паступаць не будуць. Але ў будучыні мы плануем зрабіць тэхналогію даступнай для ўсіх кліентаў, даўшы магчымасць хутка і зручна аплачваць тавары ці паслугі», — расказалі ў Пріорбанку.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/aplata
[5] https://zviazda.by/be/tags/finansy