Сцяпан Байцоў — чалавек на сваім месцы. Ну не любіць ён, калі нешта робіцца не па-гаспадарску. Адным з першых у раёне стаў працаваць з міжнароднай дапамогай. Першыя праекты рэалізоўваў у Лясной. Жыхары вырошчвалі экалагічна чыстую прадукцыю на забруджаных пасля чарнобыльскай аварыі тэрыторыях. Ад бульбы і буракоў паступова перайшлі да жывёлы. Быў час, калі актыўны старшыня збавіў абароты, але зараз ён зноў увесь у праектнай дзейнасці. Дом сезоннага знаходжання для пажылых грамадзян у Лапацічах створаны менавіта па яго ініцыятыве. Гэтак ён разам з сацыяльнымі работнікамі вырашыў лёс пустуючага будынка і адначасова пакінутых у адзіноце землякоў.
— Ідэя нарадзілася сама сабой, — расказвае Сцяпан Байцоў. — У нас быў цэнтр вольнага часу, дзе збіраліся пенсіянеры. Потым разыходзіліся па дамах. І ў мяне ўзнікла думка — стварыць для іх дом. Зімой на сацыяльныя ложкі ў бальніцу іх неахвотна прымаюць. А тут падвярнулася магчымасць напісаць адпаведны праект. Сказана — зроблена. І праект перамог. Калгас даў паўразбураны дом, дапамог з будаўнічымі матэрыяламі. За грошы міжнароднай дапамогі перарабілі паравое ацяпленне, зрабілі рамонт, набылі шклопакеты, дзверы, ложкі, пральную машыну, тэлевізар. І — адкрыліся. Ахвотных
там пажыць хапае. Паслугамі карыстаюцца жыхары з усяго раёна. А жанчыне з Прудка наогул у Лапацічах так спадабалася, што яна стала думаць пра тое, каб купіць сабе тут дом.
Лапацічы — аграгарадок сярэдніх памераў, тут жывуць 500 чалавек. Але насельніцтва руплівае, трымае 54 каровы. Тэрыторыя дагледжаная, амаль няма закінутых хат. Дом сезоннага знаходжання выглядае дыхтоўна, вакол шмат дрэў, птушкі спяваюць.
Летам жыццё ў гэтым будынку крыху запавольваецца, але некаторыя жыхары знаходзяцца тут круглы год. Як, напрыклад, Уладзімір Нікіценка. Калі мы пад'ехалі, ён якраз на лаўцы каля дома сядзеў — дыхаў свежым паветрам. На гук машыны выйшла сацыяльны работнік Любоў Куляшова. «Вось, часова падмяняю нашу работніцу», — усміхаецца яна і запрашае ў дом. На кухні пахне баршчом. На стале — дзве міскі з апетытным варывам, рыба і чай. Вітаемся з яшчэ адным пастаяльцам. Віктар Мізгайла, нягледзячы на свае 88 гадоў, выглядае бадзёра і дзелавіта цікавіцца: «Вы з райвыканкама?» Ён сам там працаваў 26 гадоў на розных пасадах і вельмі ганарыцца, што мае званне ветэрана працы.
У «прытулку» Віктар Іванавіч жыве ўжо другі год. Дачка з сынам у Санкт-Пецярбургу, абое атрымалі вышэйшую адукацыю. «Неяк тэлефанавала Люба, сказала: «Тата...» — мужчына збіваецца на слёзы. На маё пытанне: ці даўно прыязджалі? — адказвае: «Маці хаваў без іх». Яна, дарэчы, памерла 15 гадоў таму. «Зусім не прыязджаюць», — уздыхае Любоў Куляшова.
— А як дзень праходзіць? — спрабую крыху згладзіць няёмкі момант.
— Ды вось, хаджу па вуліцы, наведваю краму, з суседзямі сустракаюся.
Да паслуг пажылых некалькі спальных пакояў, зала, кухня, санвузел. Умовы — лепей не прыдумаеш. Не трэба клапаціцца пра тое, каб нешта з адзення памыць або ежу для сябе прыгатаваць. Для гэтага тут ёсць сацыяльны работнік. За пражыванне з пастаяльцаў грошай не бяруць, яны плацяць толькі за ежу і камунальныя паслугі. Летам за газ і святло набягае рублёў 20, зімой — да 70. Але зімой і народу тут пабольш, так што для кожнага асобна атрымліваецца не вельмі адчувальна.
Віктар Іванавіч паказвае пакой, які ён дзеліць з «напарнікам». Сціпла, але ўсё, што трэба для жыцця, ёсць: ложкі, шафа, крэсла. На сценах вясёлага колеру шпалеры, на вокнах шклопакеты.
Гасцёўня выглядае нават раскошна. Шырокая канапа, тэлевізар, крэсла, шафа. Што яшчэ трэба? Мужчыны прызнаюцца, што ім тут вельмі падабаецца. Зімой людзей пабольш, але і ўдваіх някепска. Уладзімір Нікіценка таксама са Слаўгарада. У яго там ўжо нікога з блізкіх не засталося. У Магілёве жыве сястра, але яна не прыязджае. Дзяцей няма, жонка памерла.
Дзеці — гэта асобная размова. «Адзін дзядуля жыў у Пацяраеўцы, потым аслеп. Адшукаў яго дачку, паведаміў, а яна ў адказ — грошай прыехаць няма, — абураецца Сцяпан Байцоў. — Не знайшлося іх у яе і калі бацька памёр, хавалі за кошт сельвыканкама. Але дачка нават на магілу не прыехала. Дом стаіць пусты, таксама нікому не патрэбны...»
Зараз у старшыні задача № 1 рэалізаваць яшчэ адзін сацыяльны праект. Называецца ён «Зялёны яр». «Ёсць у нас тут роў, па якім ручай працякае. Месца прыгожае, але шмат старых дрэў трэба знесці, запруду зрабіць, гульнявыя пляцоўкі. На ўсё гэта не хапае грошай. А вось міжнародная тэхнічная дапамога была б дарэчы. Атрымалі б цудоўнае месца для адпачынку дарослых і дзяцей», — кажа ён. Магчыма, і гэтая мара некалі спраўдзіцца...
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[4] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga
[5] https://zviazda.by/be/tags/pensiyaner
[6] https://zviazda.by/be/tags/lapacichy