Вядомы беларускі крытык, літаратуразнаўца і тэкстолаг Міхась Мушынскі памёр сёння ў Мінску на 88-м годзе жыцця.
Міхась Мушынскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна. У 1956-м, праз год пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ, ён прыйшоў у Інстытут літаратуры Акадэміі навук Беларусі, дзе працаваў практычна да самай смерці. Абараніў доктарскую дысертацыю па філалогіі (1978), быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991).
Міхась Мушынскі - аўтар 12 індывідуальных манаграфій, у якіх ён даследаваў творчасць Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага і іншых беларускіх пісьменнікаў, займаўся даследаваннем айчыннай крытыкі і літаратуразнаўства. Яго апошняй кнігай стаў "Летапіс жыцця І творчасці Якуба Коласа", які выйшаў у 2012 годзе. Аб'ём гэтай кнігі, у якой жыццё класіка беларускай літаратуры прадстаўлена ці ледзь не дзень за днём, склаў больш за 1,1 тысячы старонак.
У Акадэміі навук Міхась Мушынскі доўгія гады кіраваў сектарам (потым аддзелам) выданняў і тэксталогіі. Пад яго кіраўніцтвам выйшлі 13 навукова каментаваных збораў твораў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых).
Пра месца і дату развітання з Міхасём Мушынскім будзе вядома пазней.
tut.by [1]
Спасылкі
[1] https://news.tut.by/culture/596098.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/mihas-mushynski