Я прыехала дадому на тыдзень і засталася амаль на два месяцы.
Тут мне спакойна і добра, як у апошні час не было нідзе. Толькі ў дзяцінстве. Я люблю гэтае месца. Усё знаёма. Але ўсё кудысьці сышло. І ўжо ніколі не паўторыцца. Не вернецца. Але яно і не павінна вярнуцца.
Я ўжо не была часткай тых людзей. Я тут усё ведаю, а месца быццам казала мне: «Глядзі, ты ўжо чужая, твой час прайшоў». Мне было нязручна, калі я прыходзіла на мясцовую дыскатэку, дзень вёскі ці проста шпацыравала. Было няёмка з-за розніцы ва ўзросце. Мае аднагодкі даўно нікуды не ходзяць, сталі сямейнымі. Адна аднакласніца памерла ад туберкулёзу скуры. Калі вяскоўцы бачылі мяне на ровары з заплечнікам у трошкі дзіравых легінсах і шортах, з фотаапаратам, то глядзелі, як на касманаўта. Я адчувала, што прастора спецыяльна зацягвае мяне ў гэтую гульню, а потым, нібыта, стала дапамагаць. А можа, перастала цікавіцца мной. Мабыць, я была ўжо не чужой.
Час складваецца ў скарбонку ўспамінаў унутры мяне. Я беражліва дастаю іх адзін за адным, як быццам праяўляю плёнку. Як і тады, прыязджаю глядзець закат на возера. Каля возера могілкі, на якіх пахаваныя бабуля, дзядуля і стрыечны брат Сяргей. Яго я ніколі не бачыла. Ён пражыў чатыры дні. Неба. Тут дзіўнае неба.
Я ўспамінала інтэрв'ю на радыё ў Галандыі. Мне было 13 ці 14. Вядучы нешта спытаў пра Галандыю. А я сказала, што мне тут вельмі падабаецца, і што нашы краіны вельмі падобныя. Ён здзіўлена перапытаў, чым? Я адказала, што ў нас такое ж прыгожае неба і трава, як у іх. Усе доўга смяяліся.
Да мяне, нарэшце, вярнулася свабода. Часам свядомасць перашкаджае быць разняволеным, але цяпер усё па-іншаму. Я б хацела захаваць гэтае адчуванне, як тады, калі была падлеткам. Прастора - гэта нешта вельмі вялікае, а час здаецца вечным.
Гэта мы, людзі, старэем унутры і звонку. Становімся маленькімі, сутулымі, залежнымі ад усяго істотамі. Я раптам думаю пра тое, што наступіць час, калі памрэ мая мама. А мне трэба будзе ісці далей. Раней я пра гэта не задумвалася. Мне страшна.
Іду, і ўсё паўтараецца. Перагортваю ўспаміны да канца, вяртаюся думкамі да таго месца, дзе нарадзілася, да прыроды, да зямлі і каранёў. Я зноў адчуваю свабоду.
Таццяна ТКАЧОВА
Магілёўская вобласць, г. п. Краснаполле
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0