Яўген Пясецкі (нар. 07.01.1949) — беларускі паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Журналіст, адзін з найстарэйшых фотакарэспандэнтаў краіны. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
З Яўгенам Пясецкім мы знаёмыя з дзіцячых гадоў. Жылі на адной вуліцы, вучыліся ў адной зеленаборскай школе, дзе беларускую мову выкладала мая маці... Сёння, праз столькі гадоў пасля нашага знаёмства, я разам з земляком і школьным сябрам рады прапанаваць вам сваю новую песню.
Вершы — Яўген Пясецкі, музыка — Яўген Ксяневіч
Куплет 1:
Было светла і ціха ў хаце,
Клён да ганку хіліўся ў журбе.
На дарогу мне зычыла маці:
«Хай Гасподзь беражэ цябе!»
Прыпеў:
Ніколі ў Бога не прашу нічога —
Нашто мне той залішак, калі маю
Акраец хлеба, дальнюю дарогу
І маці, што мяне чакае.
Куплет 2:
Успамін гэтай светлай далі
Жыццядайную моц дае.
Колькі потым мне людзі казалі:
«Хай Гасподзь беражэ цябе!»
Куплет 3:
Не пагасне агонь прад іконаю,
Не зацягне чужынскі хаўрус,
Покуль чую крыжом бласлаўлёнае:
«Хай Гасподзь беражэ Беларусь!»
Яўген КСЯНЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugen-ksyanevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pesnyu-byaryce-z-saboyu