Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў? Ну боршч ці халаднік, ну селядзец пад шубай ці бурачкі з часнаком... Усё? Як жа вы памыляецеся. Загінайце пальцы...
Канапэ з крэмам з феты і грэцкага арэха з бурачнай ікрой, дэкарыраванае мікразелянінай. Закуска з казінага сыру з бурачным гелем і марынаванымі буракамі са слабасалёнай сёмгай, кедравымі арэшкамі з ёгуртна-гарчычным соусам. Буракі, фаршыраваныя рысам, разынкамі, арэхам і авакада ў гранатавым соусе, дэкарыраваныя кармелізаванымі цыбулінкамі і залатым пылком. Лустачкі кармелізаваных буракоў з кнелямі з мяккага тварожнага сыру і кедравымі арэшкамі, пакрытыя жэліраванай маркоўнай вуаллю з лёгкім бурачным мусам. Марынаваны бурак з падвэнджаным казіным сырам, соусам з базіліку і «зямлёй» з барадзінскага хлеба, дэкарыраваны мікразелянінай і ядомымі кветкамі. Хопіць? Вы не ўражаны? Ну, тады вось яшчэ пару страў... «Улітка» са свініны ў гарчычна-мядовай глазуры з бульбяна-мятным пюрэ і журавінавым соусам са спіралькамі з морквы, цукіні і чыпсай. Рулет са свіной карэйкі з костачкай, фаршыраванай яблыкамі з гарнірам з яблычнага і бульбянога пюрэ на соусе рамэска.
Свіная карэйка з бульбяным пюрэ і яблычна-кменавым соусам на падушцы з рататуя з гародніны, дэкарыраваная мікразелянінай. Духмяная свініна ў соусе на квасе з пюрэ з бульбы і цыбульным мармеладам... Вы толькі не падумайце, што гэта рэклама меню элітных рэстаранаў. Такія стравы гатавалі ўчора ўдзельнікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus 2018 года, — навучэнцы каледжаў і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. На два дні Футбольны манеж у сталіцы і спартыўна-забаўляльны комплекс Falcon Club пераўтварыліся ў вітрыну прафесій. Тут былі прадстаўлены 37 кампетэнцый: ад творчых прафесій і моды да сталярных і плотніцкіх работ, кірпічнай кладкі і вытворчасці мэблі. Намаганні 320 канкурсантаў ацэньваюць каля 300 экспертаў, сярод іх — акрэдытаваныя эксперты WorldSkіlls Іnternatіonal, якія ведаюць міжнародныя стандарты і рэгламенты WSІ.
— Ступень складанасці заданняў на сусветным першынстве расце ад чэмпіянату да чэмпіянату, — тлумачыць галоўны эксперт у кампетэнцыі «Кулінарнае майстэрства», прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Вольга МАЦЫКАВА. — На міжнародных конкурсах удзельнікам прапануюць прыгатаваць стравы, якія сталі класікай міжнароднай кухні, таму цалкам браць адтуль заданні мы не бачым сэнсу — нам важна развіваць сваю нацыянальную кухню, робячы стаўку на ўязны турызм. У першы дзень канкурсантаў чакаюць чатыры модулі. Яны павінны прыгатаваць закуску з буракоў, булён з калдунамі, гарачую страву са свініны і дэсерт, у склад якога ўваходзіць мус з ягад плюс абавязковы дэкаратыўны элемент — ізамальт.
На другі дзень нашы майстры павінны прадставіць на суд журы гарачую фрэш-пасту ручной работы, страву з птушкі і дэсерт. Толькі фуршэтных закусак яны гатуюць тры віды па 15 штук. На 70 працэнтаў заданні вядомыя загадзя, а 30 працэнтаў — гэта, так бы мовіць, сюрпрыз, каб мы маглі ацаніць, наколькі канкурсант здольны дзейнічаць ва ўмовах, якія змяніліся, бо навучыць жа ўсяму немагчыма. Ну, напрыклад, яны ведалі, што ім давядзецца рыхтаваць гарачую страву са свініны, але якая частка ім дастанецца (карэйка, тазасцегнавая ці выразка), даведаліся толькі напярэдадні старту. З якіх ягад давядзецца рыхтаваць мус, таксама было загадкай. Давялося «чараваць» над чарніцамі. Заўважу, што эксперты ацэньваюць шмат фактараў: наколькі захоўваецца таварнае суседства ў халадзільніку, ці правільна канкурсанты працуюць з нажом, іх тэхніку і фантазію, валоданне сучаснымі тэхналогіямі. А дэгустуюць стравы незалежныя эксперты: рэстаратары і шэф-кухары.
— А ў нас усе заданні — сюрпрыз для канкурсантаў, — усміхаецца галоўны эксперт у кампетэнцыі «Аўтамабільныя тэхналогіі», загадчык лабараторыі філіяла РІПА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж» Алег ЦАРУК. — Напрыклад, у сістэму кіравання рухавіком мы ўнеслі 15 няспраўнасцяў. Задача канкурсанта за тры гадзіны дыягностыкі знайсці як мага больш няспраўнасцяў, а ў ідэале — усе. Чым больш іх ён выявіць, тым больш балаў атрымае. Другі модуль — электраабсталяванне: сістэма асвятлення, гукавой сігналізацыі, шклоачышчальнікі, шклопад'ёмнік... Сюды таксама ўнесены няспраўнасці. Трэба іх дыягнаставаць і лівкідаваць. І трэці модуль — механічная частка. Трэба правесці разборку і дыягностыку рухавіка, знайсці і ліквідаваць няспраўнасці, правесці рэгуліроўку і зборку.
Кампетэнцыя «Малярныя і дэкаратыўныя работы» ўключае наступныя заданні: афарбоўванне дзвярэй і налічніка, выкананне жорсткай фрэскі (сценапіс), паклейка вінілавымі шпалерамі са складаным малюнкам, змяшэнне і гарманізацыя колераў, афарбоўванне на хуткасць, дызайн і свабодная тэхніка, калі канкурсант выконвае дэкаратыўны элемент без выкарыстання сродкаў механізацыі, уручную, — інструменты і матэрыялы ён выбірае сам. Эскіз перадаецца журы да пачатку спаборніцтваў.
— На апошнім чэмпіянаце свету ў Абу-Дабі ў нашай кампетэнцыі, напрыклад, увялі афарбоўванне дзвярэй беспаветраным распыленнем, — расказвае галоўны эксперт, начальнік упраўлення продажаў ЧУП «МАВ» Аляксандр РАДЗЮКОЎ. — У нас пакуль ніводная навучальная ўстанова не можа дазволіць сабе набыць такую ўстаноўку, каб рыхтаваць рабочых. Але ў будаўнічых арганізацыях такое абсталяванне ўжо ёсць. Між іншым, тое, што маляр раней рабіў за некалькі дзён, цяпер ён можа зрабіць за адзін. Маляр — гэта не толькі работа з валікам, як многія думаюць. І гэта мы імкнёмся на чэмпіянаце ўсім прадэманстраваць. За мяжой увогуле няма маляра, а ёсць маляр-дэкаратар. Напрыклад, жорсткая фрэска (сценапіс) — гэта работа мастацкімі пэндзлямі, прычым канкурсантам забараняецца выкарыстоўваць малярную стужку. Работа вельмі відовішчная. Улічваючы, што ў нас зараз падаюць аб'ёмы будаўніцтва, я лічу, што за дэкаратыўнай спецыялізацыяй маляроў будучыня. Гэта яшчэ і магчымасць перайсці на самазанятасць, выконваць прыватныя заказы...
Адной з самых відовішчных стала кампетэнцыя «Прыкладная эстэтыка». Сярод конкурсных выпрабаванняў — спа-догляд твару і цела, масаж, спа-манікюр і спа-педыкюр, афарбоўванне броваў і веек, вячэрні макіяж, французскі манікюр, фантазійны макіяж з элементамі бодзі-арту ў зоне дэкальтэ і іншыя. Высвятляецца, што па міжнародных стандартах, спецыяліст па прыкладной эстэтыцы павінен валодаць навыкамі касметолага, спа-спецыяліста, майстра па манікюры, педыкюры і візажыста. Такіх універсальных спецыялістаў у нас не рыхтуюць. Сярод канкурсантаў ёсць як школьніца з Маладзечна, якая асвойвала майстэрства ў Навучальным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў эстэтыкі і масажу, так і студэнт Гомельскага медуніверсітэта (хлопец плануе стаць дэрматолагам-касметолагам). Ёсць дзяўчына, якая навучаецца на біёлага, і медсястра, якая зараз працуе адміністратарам у салоне прыгажосці. У гэту прафесію трапляюць самымі рознымі шляхамі.
Увогуле для моладзі важна ўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах і атрымліваць узнагароды. Але яшчэ больш важна, што, вяртаючыся ў свае навучальныя ўстановы, на вытворчасць, у свае кампаніі, яны прыносяць туды самую апошнюю інфармацыю аб тым, як можна ўдасканальваць прафесійнае майстэрства. Сапраўдны прыз для ўдзельніка чэмпіянату — гэта новы змест падрыхтоўкі і інавацыйныя навыкі, якія істотна апярэджваюць час. Усё гэта дае ім шанцы на лепшае працаўладкаванне і хуткі кар'ерны рост.
Трэба дадаць, што да арганізацыі Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства прыклалі намаганні многія айчынныя дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, абсталяваўшы пляцоўкі, прадаставіўшы інструменты і матэрыялы. Дапамогу аказалі Мінскі трактарны завод, «Інтэграл», кампанія «MAВ», «БелДжы», «Амкадор», Knauf, Festo, Bosh і многія іншыя.
Сёння — другі дзень спаборніцтваў. Наведаць іх могуць усе ахвотныя. Уваход свабодны. Пераможцаў аб'явяць 24 мая. Яны прадставяць нашу краіну ў наступным годзе на сусветным чэмпіянаце, які пройдзе ў Казані.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/worldskills-belarus-2018
[5] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-konkurs-prafesiynaga-maysterstva