На шоу будуць працаваць каля 2000 журналістаў, а трансляцыю ўбачаць у ЗША і Кітаі.
Афіцыйная беларуская дэлегацыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, спявак Мікіта Аляксееў і ягоная творчая каманда, 28 красавіка вылятае ў Лісабон на міжнародны конкурс песні “Еўрабачанне-2018”. А ўжо ў нядзелю, 29 красавіка, ALEKSEEV правядзе першую індывідуальную рэпетыцыю і прэс-канферэнцыю для еўрапейскіх СМІ. Нагадаем, прадстаўнік Беларусі на песенным конкурсе з кампазіцыяй “Forever” выступіць у першым паўфінале 8 мая пад нумарам 8.
Як паведамілілі арганізатары шоу, сёлета назіраць за конкурсам у Партугалію прыбудуць каля 30 тысяч замежных турыстаў, а тэлевізійную трансляцыю “Еўрабачання” змогуць убачыць больш як 200 мільёнаў гледачоў па ўсім свеце. Дарэчы, упершыню кабінкі для каментатараў замовіў Кітай, а правы на тэлетрансляцыю набылі тэлекампаніі ЗША. Як не без гонару адзначае намеснік выканаўчага прадзюсара шоу Паўла Рэсэндэ ў інтэрв’ю мясцовай прэсе, конкурс 2018 года абяцае стаць самым танным за апошнія 10 гадоў, але пры тым высокатэхналагічным і відовішчным – па аўдыторыі шоу саступіць хіба што фіналу Лігі чэмпіёнаў.
6 мая ў лісабонскім Музеі мастацтваў, архітэктуры і тэхналогій возьме афіцыйны старт Еўратыдзень, і па дывановай дарожцы (сёлета яна сіняя, а не чырвоная, што больш адпавядае марской тэматыцы шоу і дэвізу “Усе на борт!”), пройдуць дэлегацыі ўсіх 43 краін—удзельніц. Пра іншыя цікавыя і важныя падзеі ды падрабязнасці конкурснай барацьбы беларусам абяцаюць штодня расказваць у спецыяльных сюжэтах Агенцтва тэленавінаў, праграме “Добрай раніцы, Беларусь!” і “Дзённіках Еўрабачання”.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/partugaliya
[6] https://zviazda.by/be/tags/alekseev