Неардынарная сітуацыя адбылася на беларуска-польскай мяжы ў канцы мінулага тыдня. Брэсцкія памежнікі атрымалі ад польскіх калег інфармацыю, што на нашай тэрыторыі можа знаходзіцца грамадзянка Польшчы. Памежны нарад накіраваўся па арыенціроўцы, і неўзабаве вайскоўцы знайшлі маладую жанчыну, якая была мокрая і ўся дрыжала ад холаду.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагранічнай групы Сяргей Дзмітрыеў, 31-гадовая "госця" нашай краіны не планавала парушаць мяжу, яна гуляла з сяброўкай і сабакам на беразе Буга. Але яе лабрадор скокнуў у ваду, а потым не змог сам выбрацца. Гаспадыня перадала сяброўцы тэлефон і дакументы, кінулася ратаваць любімца. У выніку сабака неяк выбраўся на сваёй тэрыторыі, а жанчыну моцнае цячэнне падхапіла і вынесла ўжо на беларускім боку.
Вартавыя мяжы аказалі ёй дапамогу. Але і пратакол склалі, бо рэжым мяжы яна ўсё ж такі парушыла. Пасля гэтага прасушаную і адагрэтую грамадзянку суседняй краіны адправілі дадому.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[5] https://zviazda.by/be/tags/myazha
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni