Згодна з інфармацыяй Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з-за парываў ветру (да 27 м/с) пацярпелі 15 населеных пунктаў у трох раёнах Магілёўскай вобласці, у трох раёнах Мінскай вобласці і ў адным раёне Віцебскай вобласці.
Былі пашкоджаны дахі трох жылых дамоў, двух аб'ектаў сацкультбыту і 24 сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксаваны 34 выпадкі небяспечных падзенняў дрэў у Магілёўскай (20 выпадкаў), Мінскай (восем выпадкаў) абласцях і ў сталіцы (шэсць выпадкаў), у выніку якіх пашкоджаны тры легкавыя аўтамабілі. Пацярпелых няма. Работнікамі МНС і іншых арганізацый праводзіліся работы па распілоўцы і ўборцы дрэў.
Па інфармацыі «Белэнерга», на працягу сутак на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася электразабеспячэнне 996 населеных пунктаў. Акрамя гэтага, моцны вецер спрыяў распаўсюджванню агню ў час пажараў у экасістэмах.
З-за адсутнасці электраэнергіі было парушана водазабеспячэнне ў аграгарадку Сеніца Мінскага раёна.
На трасе М1 (Брэст — Мінск — граніца Расіі), на ўчастку дарогі паміж Дзяржынскам і Баранавічамі, адбылася нязвыклая для Беларусі
з'ява — пясчаная бура. Верагодна, з палёў падняўся сухі пясок. Бура стала прычынай гібелі чалавека.
Па інфармацыі УДАІ УУС Мінаблвыканкама, памёр пасажыр легкавушкі, якая ўляцела ў фуру на дарозе М1. Моцны вецер мог стаць прычынай аварыі, якая адбылася паблізу вёскі Малінаўка ў Нясвіжскім раёне. Раптам падняўся слуп пылу, і кіроўца велікагруза пачаў зніжаць хуткасць з-за дрэннай бачнасці. Кіроўца легкавога аўтамабіля, які рухаўся за аўтапоездам, не паспеў своечасова прытармазіць, адбылося ДТЗ. У выніку спадарожнага сутыкнення 26-гадовы пасажыр аўтамабіля «Вольва» з цяжкімі траўмамі быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, дзе праз некаторы час памёр.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mocny-vecer
[4] https://zviazda.by/be/tags/vecer
[5] https://zviazda.by/be/tags/mns
[6] https://zviazda.by/be/tags/nadvore