Дыскаклуб стаў яшчэ адным месцам адпачынку ў шматпрофільным забаўляльным цэнтры. Тут ужо дзейнічаюць сучасная кіназала, кавярня, більярдная зала. На чарзе — рамонт памяшканняў пад дзіцячы комплекс, караоке-клуб, фітнес і трэнажорную залу.
Кінатэатр «Беларусь» пачалі аднаўляць некалькі гадоў таму. За гэты час кардынальна змяніўся не толькі воблік будынка, але і яго змест. Аб маштабе работ можна меркаваць па кошце. Толькі ўвядзенне першай чаргі аб'екта абышлося ў 2,3 млн рублёў, большая частка з якіх выдаткавана з раённага бюджэту.
— Мясцовыя ўлады падтрымалі ініцыятыву. Дзякуючы ім тыповы кінатэатр савецкіх часоў стаў новым сучасным аб'ектам, — зазначыў дырэктар прадпрыемства «Шчучынвідэасетка» Ігар Будзько. — Будаўнікі замянілі дах, уцяплілі бакавы і цэнтральны фасады, упрыгожылі іх вітражамі. Поўнасцю замянілі інжынерныя камунікацыі. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі створана безбар'ернае асяроддзе.
Ігар Мікалаевіч з гонарам паказвае аздабленне сучаснага забаўляльнага цэнтра. Вялікі і камфортны хол з месцамі для адпачынку і кавярняй сустракае пахам папкорну. Некалькі дзяўчат забаўляюцца гульнёй у аэрахакей. У асобным памяшканні двое хлопцаў гуляюць у більярд. Па словах дырэктара, у хуткім часе тут пройдзе раённы турнір сярод аматараў гэтай гульні.
Асобны гонар кіраўніка — кіназала. Яна не мае нічога агульнага з той, што была раней. Зараз гэта ўтульнае памяшканне на 88 месцаў, дзе «круцяць» відэа ў фармаце 3D.
— Кінатэатр раней быў амаль незапатрабаваны, — кажа Ігар Будзько. — Старое абсталяванне не адпавядала часу, хіба што школьнікі прыходзілі на тэматычныя прагляды. Зараз зала ніколі не пустуе, мы паказваем усе прэм'ерныя навінкі, што і ў сталіцы.
Адкрыццё начнога дыскаклуба, з аднаго боку, надасць папулярнасці цэнтру, з другога — далучыць моладзь да культурнага адпачынку, лічыць дырэктар. Наведаць яго могуць паўналетнія асобы па пятніцах і суботах з 20 гадзін да 4 раніцы. За парадкам сочыць спецыяльная служба. У праграме, дарэчы, не толькі дыскатэка, але яшчэ і розныя гульні, конкурсы. Мяркуецца, што сюды будуць прыязджаць папулярныя дыджэі з Гродна і Мінска.
Ёсць планы і на будучыню. Памяшканняў для новых ідэй хапае. На другую пускавую чаргу тут мяркуецца стварэнне дзіцячага забаўляльнага комплексу, кавярні для малых, пакоя для гульняў, дзіцячай кіназалы, караоке-клуба, пакоя для правядзення забаўляльных мерапрыемстваў, сямейных свят. У падвальных памяшканнях плануюць абсталяваць фітнес-клуб і трэнажорную залу. На тэрыторыі вакол кінатэатра будуць праводзіць спартыўныя мерапрыемствы.
У тэму:
Першы начны клуб у сістэме кінавідэапракату Гродзеншчыны з'явіўся шэсць гадоў таму. Зараз іх тры. Усе яны месцяцца ў будынках кінатэатраў Гродна. Прычым два з іх збіраюць не толькі моладзь, але і людзей старэйшых, якія прыходзяць згуляць у більярд ці паспяваць караоке. Па словах гендырэктара КУП «Гроднааблкінавідэапракат» Юрыя Аляксея, такі адпачынак запатрабаваны, аб чым сведчыць і канкурэнцыя ў гэтай сферы. У горадзе дзейнічае нямала прыватных начных клубаў, але кошт білетаў у іх значна вышэйшы.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/shchuchyn
[5] https://zviazda.by/be/tags/shchuchynvideasetka
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodnaablkinavideaprakat
[7] https://zviazda.by/be/tags/nachny-klub
[8] https://zviazda.by/be/tags/kinateatr