Кажам «графіка», а маем на ўвазе афорт, манатыпію, ксілаграфію, гравюру на лінолеуме, літаграфію ці малюнак. З году ў год на студэнцкіх выстаўках маладых графікаў у нас ёсць магчымасць ацаніць узровень творцаў і зразумець патэнцыял айчыннай графікі. А сёлета канцэпцыя крыху змянілася: у выставачнай зале «Kodex» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на выстаўцы «Маладзік і поўня» прадстаўлены творы не толькі студэнтаў, але таксама выкладчыкаў і выпускнікоў кафедры графікі.
У выставачнай прасторы глядач адразу бачыць творы вядучых беларускіх графікаў Паўла Татарнікава і Уладзіміра Вішнеўскага. Экспазіцыя ўвогуле дазваляе пазнаёміцца з разнастайнасцю графічных тэхнік праз работы беларускіх мастакоў розных пакаленняў.
— Некалькі гадоў запар мы рабілі выстаўкі студэнтаў, а сёлета вырашылі прапанаваць паўдзельнічаць і выкладчыкам, каб можна было ўявіць, як адбываецца развіццё і захоўваецца творчая спадчына кафедры, — расказвае Юрый Хілько, загадчык кафедры графікі Беларускай акадэміі мастацтваў. — У нас працуюць выкладчыкі 1940-х, 1950-х, 1960-х, 1970-х і 1990-х гадоў нараджэння, таму ў студэнтаў ёсць магчымасць пераймаць майстэрства вядучых графікаў краіны розных пакаленняў.
Выстаўка «Маладзік і поўня» паказвае, як удала творы розных мастакоў могуць суіснаваць у адной прасторы, і падкрэслівае, што творцы падтрымліваюць адзін аднаго. Асаблівасцю айчыннай графікі можна назваць здольнасць хутка адгукацца на актуальныя падзеі. Аўтары эксперыментуюць з тэхнікамі, спрабуюць здзівіць новымі вынаходнікамі. З'яўляюцца новыя імёны, якія з поспехам пачынаюць прафесійны шлях, і яны ўсё часцей гучаць у рэспубліканскіх выставачных праектах.
— Гісторыя мастацтва паказвае, што насамрэч усе стылі, прыёмы, кірункі прыдуманыя даўно. Вядома, сёння шмат што трансфармуецца, але ж аснова застаецца тая ж. Мы не абмяжоўваем у стылістычных пошуках ні аднаго студэнта і заўсёды рады, калі яны шукаюць сябе. Калі бачым адметнасць, падтрымліваем яе, — адзначае Юрый Хілько. — Але ёсць праблема запатрабаванасці: маладым даводзіцца самім шукаць сабе месца работы, а гэта не так лёгка. Час для мастакоў цяпер няпросты. Але ж на тое мы і выкладчыкі, каб падказаць і падтрымаць. Многія нашы студэнты размяркоўваюцца ў мастацкія школы: дыплом дае такую магчымасць. Некаторыя прыходзяць працаваць у акадэмію, некаторыя — у выдавецтвы. Аднак цікавасць да нашай спецыяльнасці не губляецца. Сёлета на кансультацыю прыехалі пятнаццаць чалавек, якія збіраюцца паступаць, а мы прымаем усяго шэсць...
Самі ж маладыя творцы ўпэўнены, што нічога не атрымаецца без шчырасці. Кажуць, што графіка — гэта асаблівы стан душы, лад жыцця. Адзначаюць, што пастаянны пошук сябе і аб'ектыўнай ісціны змушае мастака рухаць сусветам.
— За кожным заданнем, якое я атрымліваў падчас навучання, было нейкае адкрыццё, — расказвае аспірант Беларускай акадэміі мастацтваў Фёдар Шурмялёў. — У кафедры графікі вельмі добра сфарміраваная праграма. Нас вучылі па-рознаму падыходзіць да рэалізацыі задач, вучылі ўдзяляць увагу дэталям. Графіку трэба сапраўды любіць, толькі тады работы будуць запатрабаваныя — абыякавае стаўленне недапушчальнае.
На адкрыцці выстаўкі мастакі-графікі, размаўляючы адзін з адным, падкрэслівалі, што кафедра графікі перажыла розныя перыяды, але атмасфера сяброўства і абмену досведам дапамагала не згубіць такую каштоўнасць, як адпаведнае стаўленне да справы.
Сёння кафедра супрацоўнічае з рознымі еўрапейскімі гарадамі. Выкладчыкі і студэнты выязджаюць за мяжу, прадстаўляюць свае творы, а разам з імі — і краіну. Едуць вучыцца графіцы і да нас, напрыклад з Польшчы. Выстаўка «Маладзік і поўня» паказала, што кафедра графікі Беларускай акадэміі мастацтваў — гэта добра зладжаны механізм, які трымаецца на адданай працы творцаў і павазе адзін да аднаго.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/grafika