У Мінскім раёне павінен быць збудаваны новы аб'ект для адпачынку жыхароў і гасцей краіны на плошчы каля 4 га.
Менавіта такая задума і абавязак уласніка маёмасці былога лагера працы і адпачынку «Світанак». У выніку таргоў, праведзеных у пачатку красавіка Мінскім гарадскім тэрытарыяльным фондам дзяржаўнай маёмасці, цана продажу былога лагера склала 140 786 рублёў.
Маёмасць лагера працы і адпачынку «Світанак» размешчана ў Мінскім раёне, Навадворскі п/с, у раёне вёскі Ельніца, на адлегласці 10—15 кіламетраў ад сталіцы. Зямельны ўчастак у гэтым прывабным месцы прададзены не вельмі і дорага. Атрымліваецца, што сотка зямлі аб'екта каштавала новаму гаспадару ўсяго 370 рублёў. Уласнік ва ўстаноўленым парадку абавязаны выкарыстоўваць зямельны ўчастак плошчай 3,8 гектара з комплексам будынкаў і шматгадовымі насаджэннямі для размяшчэння аб'ектаў фізкультурна-аздараўленчага і спартыўнага прызначэння.
З пачатку года гэта ўжо другі аналагічны выніковы аўкцыён: 10 студзеня фондам была прададзена маёмасць дзіцячага аздараўленчага лагера «Зялёнае».
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minski-rayon