Эксперты адзначаюць высокую ступень пранікнення інфармацыйных тэхналогій у ключавыя галіны эканомікі Беларусі. Для краіны становіцца актуальным сачыць за трэндамі ў інфармацыйнай бяспецы. У 2017 годзе сусветная кіберзлачыннасць выглядала наступным чынам: зламыснікі вымагалі грошы праз шыфраванне даных, правяралі на трываласць крыптавалюту, шукалі ўразлівыя месцы банкаў.
Шыфравальшчыкі зрабілі год
Паводле даных кампаніі Posіtіve Technologіes, летась самымі частымі аб'ектамі нападаў былі інфраструктура і вэб-рэсурсы. Адным з галоўных сусветных трэндаў сталі шыфравальшчыкі — праграмы, якія кадзіравалі даныя карыстальнікаў і вымагалі грошы за расшыфроўку. У 2017 годзе эксперты кампаніі зафіксавалі на 13 % больш унікальных кіберзлачынстваў у параўнанні з 2016 годам. У мінулым годзе павялічвалася і колькасць ахвяр сярод звычайных карыстальнікаў — на іх былі нацэлены 26 % усіх кібератак. Асноўнымі матывамі зламыснікаў застаюцца атрыманне прамой фінансавай выгады (70 %) і крадзеж даных (26 %).
«Летась эксперты фіксавалі накіраваную на кампаніі Беларусі актыўнасць групоўкі Cobalt, якая спецыялізуецца на атаках фінансавых арганізацый. Менавіта яна, як мяркуецца, стаіць за крадзяжом больш як 1,8 млрд рублёў з рахункаў расійскіх банкаў у 2015—2016 гадах. Таксама за паспяховай атакай на банк з вывадам грошай за мяжу праз міжнародную сістэму SWІFT у 2017 годзе», — адзначыла кіраўнік аддзела прасоўвання і развіцця тэхналогій Posіtіve Technologіes Яўгенія Красавіна.
Бяспека банкаў і крыптавалют
Яшчэ адным трэндам кібератак мінулага года сталі крыптавалюты і ІCO. Па даных кампаніі, у кожным праекце ІCO ў сярэднім знаходзілася па пяць слабых месцаў. Любое ўразлівае месца ў бяспецы смарт-кантракта прыводзіць да страты сродкаў або да немагчымасці правядзення аперацый, а таксама да адсутнасці магчымасці рэакцыі на інцыдэнт або аператыўную ліквідацыю «пралому».
Таксама адной з галоўных мэт кібератак нязменна застаецца банкаўская галіна. Па даных экспертаў, амаль у кожнай другой банкаўскай мабільнай праграме знаходзілі хоць бы адно крытычнае ўразлівае месца, якое дазваляла б зламыснікам праводзіць ашуканскія аперацыі. Толькі 8 % даследаваных мабільных банкаўскіх праграм мелі прымальны ўзровень бяспекі. Аналіз абароненасці анлайн-банкаў паказаў рост сярэдняй колькасці ўразлівых месцаў на 16 % у параўнанні з 2016 годам. Найбольш распаўсюджаная праблема абароненасці анлайн-банкаў — доступ да звестак, якія складаюць банкаўскую таямніцу кліентаў. У сферу інтарэсаў зламыснікаў таксама ўваходзяць банкаматы.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryptavalyuta
[5] https://zviazda.by/be/tags/lichbavaya-ekanomika