У ноч на першага верасня васямнаццацігадовы жыхар горада скончыў жыццё самагубствам, кінуўшыся пад колы цягніка...
Мой знаёмы...
Прычыны такога кроку называліся розныя: ад нешчаслівага кахання да праблем з навучаннем ва ўніверсітэце...
Трэба сказаць, што ў нашым маленькім горадзе, які перасечаны чыгункай на дзве часткі, з пачатку лета гэта быў ужо чацвёрты выпадак, калі маладыя гінулі пад коламі цягніка — нехта праз уласнае глупства, хтосьці — з-за недарэчнай бравады, а іншыя вось так, як мой знаёмы, спецыяльна зводзячы рахункі з жыццём.
Аб колькіх яшчэ трагедыях юнакоў, маіх землякоў, якія вырашылі добраахвотна пакінуць нас, мне даводзілася чуць за сваё не вельмі доўгае жыццё?! Аб шматлікіх...
Страшна...
Я думаю: што павінна адбывацца ў душы маладога чалавека, які і пажыць яшчэ не паспеў, каб ён вырашыў, што выхаду для яго ўжо не засталося? Упэўнена, усё ў гэтым свеце можна выправіць, акрамя смерці.
Хлопцы, не трэба!
Падумайце, а як жа бацькі? Доўгія-доўгія гады яны будуць вінаваціць сябе, што не апынуліся побач у адказны момант, не змаглі зберагчы вас ад апошняга кроку. Для іх назаўсёды жыццё падзеліцца на «да» і «пасля».
А як жа браты і сястрычкі, якія не змогуць уразумець і прыняць тое, што вы больш ніколі не прыйдзеце ім на дапамогу? Іх жыццё, як і жыццё бацькоў, таксама ніколі не стане ўжо такім, як раней.
А як жа другая палавінка, наканаваная вам? Яна так і не здолее стаць цэлай, застанецца самотнай. Альбо будзе пакутаваць усё жыццё, праводзячы яго не з тым чалавекам...
А як жа тая справа, у якой вы маглі б стаць сапраўдным майстрам? Тыя каштоўнасці для чалавецтва, што маглі б быць зроблены вашымі рукамі і вышуканыя вашым розумам?
А як жа мільёны чароўных месцаў на нашай цудоўнай планеце, якія так і не дачакаюцца вас?
Хлопцы павінны быць дужымі... Хлопцы не плачуць...
Але!
Гэта не слабасць — трошкі паплакаць, нават для юнака.
Слёзы часам ачышчаюць душу.
Гэта не слабасць — абмяркоўваць з блізкімі свае праблемы.
Гэта не слабасць — праводзіць больш часу са сваімі сябрамі, ратуючыся ад самоты. Бо менавіта яны, знаходзячыся з вамі на адной хвалі, скажуць тыя словы, якія вы хочаце пачуць.
І памятайце пра тое, што чалавечае жыццё ўладкавана такім чынам, што ўсё ў ім цячэ і змяняецца, нібы ў водах хуткай ракі. І тое, што здавалася непераадольным сёння, заўтра падасца вам няважным і смешным.
Паверце.
Я правярала...
Паліна ПРАКАПЕНЯ, навучэнка ІІІ курса лінгвістычнага каледжа — філіяла Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Пра аўтара
Паліне — 18 гадоў, сёлета яна заканчвае каледж. Што да мар дзяўчыны...
— Самая галоўная — паступіць ва ўніверсітэт, атрымаць добрую адукацыю і займацца ў жыцці любімай справай, — кажа аўтарка. — Яшчэ мне хацелася б шмат вандраваць, пабачыць на свае вочы ўсе цудоўныя куткі свету. У прыватнасці, возера Байкал. Завітаць на фестываль «Бёрнінг мэн», які штогод ладзіцца ў пустыні Невада. Хацела б пабываць на кожным канцэрце тура сваіх любімых выканаўцаў — у розных гарадах і краінах. А ўвогуле мая мара — быць шчаслівай. Прачынацца штодня з усведамленнем таго, што жыву нездарма. Хацелася б пакінуць на зямлі часцінку сябе — ці то твор, які будуць чытаць шмат пакаленняў нашчадкаў, ці то дзіця, выхаванае ў адпаведнасці з маімі маральнымі прынцыпамі...
«Чырвонка. Чырвоная змена» пачынае друкаваць найлепшыя работы юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш традыцыйны творчы конкурс. Найперш хочацца адзначыць, што сярод прэтэндэнтаў на перамогу прыемна бачыць ужо знаёмыя прозвішчы, з іншага боку, радуюць новыя актыўныя ігракі журналісцкага спаборніцтва. Разам з тым мусім канстатаваць, што некаторыя ўдзельнікі конкурсу або няправільна зразумелі яго тэму, або не здолелі яе раскрыць у сваіх «пробах пяра»... Але час навярстаць упушчанае яшчэ ёсць! Нагадаем, што з умовамі правядзення нашага творчага спаборніцтва можна азнаёміцца ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» ад 14 верасня 2017 года або на сайце «Звязды» ў раздзеле «Праекты». Далучайцеся, юнкары!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/palina-prakapenya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/samagubstva-0