— Святло, камера, матор! Акцёры па чарзе ўваходзяць у кадр і прамаўляюць свае рэплікі. Вакол віруе творчая атмасфера. У самым разгары работа над сацыяльным ролікам на экалагічную тэму ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Арганізатарам здымачнага працэсу і аўтарам ідэі сюжэта стаў старшыня маладзёжнага парламента горада Мікіта Андрыевіч.
Правядзенне сацыяльных акцый, трэнінгавых заняткаў, культурна-масавых мерапрыемстваў на цікавыя для моладзі тэмы — яго стыхія. Не дзіўна, што менавіта гэты ініцыятыўны і творчы юнак прадстаўляў наш раён на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з лідарамі дзіцячых і маладзёжных аб'яднанняў «Моладзь. Погляд у будучыню». На самым высокім узроўні абмяркоўвалася ўсё, што хвалюе хлопцаў і дзяўчат: ад навучальнага працэсу, раскладу заняткаў, новых падручнікаў з «ажываючымі малюнкамі» да асабістых планаў і ўспрымання сучаснага свету. Як адзначыў Мікіта, гэта быў адзін з самых запамінальных эпізодаў у яго жыцці: «Размова атрымалася адкрытай і душэўнай. Вядома, усе хваляваліся, але не разгубіліся, бо бачылі ў асобе кіраўніка дзяржавы найперш старэйшага сябра».
Цікавым і карысным для ўдзельнікаў маладзёжнага форуму стаў майстар-клас па развіцці лідарскіх якасцяў, творчых здольнасцяў і крэатыўнага мыслення. «Галоўнае, што я вынес з гэтай сустрэчы, што лідар — не той, хто знаходзіцца зверху. Бос — гэта той, хто сядзіць на камені, а падначаленыя яго цягнуць. А лідар — той, хто цягне камень разам з іншымі», — падзяліўся сваімі думкамі Мікіта.
Юныя парламентарыі разам распрацоўваюць план мерапрыемстваў, каб дапамагчы гораду стаць больш добразычлівым да дзяцей. Яны сустракаюцца з прадстаўнікамі мясцовых улад і грамадскіх арганізацый, праводзяць навучальныя і матывавальныя заняткі з элементамі трэнінгу па методыцы «Роўны навучае роўнага», акцыі ва ўстановах адукацыі, культуры, арганізуюць вольны час дзяцей і моладзі, ствараюць і распаўсюджваюць агітацыйны матэрыял на сацыяльна значныя тэмы. Напрыклад, да Сусветнага дня міласэрнасці парламентарыі правялі акцыю па прафілактыцы дарожнага траўматызму для выхаванцаў школы-інтэрната, заняткі па бяспечных паводзінах на вуліцах, а таксама тэматычную віктарыну.
Падчас летніх канікулаў члены каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў Беларусі сустракаліся з аўтарамі школьных падручнікаў і выказалі свае ідэі па іх удасканаленні. Усе вы памятаеце школьныя задачкі па матэматыцы, дзе з пункта А ў пункт Б адпраўляецца які-небудзь транспарт. «Больш цікава і пазнавальна рашаць задачы на прыкладзе канкрэтных гарадоў. Знайшоў адказ і даведаўся, што ад Мінска да Смаленска 330 кіламетраў», — прапанавалі парламентарыі. І ўжо ў верасні, адкрыўшы новыя падручнікі, школьнікі з радасцю ўбачылі, што аўтары прыслухаліся да гэтай ідэі. А ў будучыні на старонках падручнікаў з'явяцца QR-коды, аб якіх таксама ішла размова на сустрэчы. Калі навесці на іх камеру тэлефона, можна, напрыклад, убачыць будову клеткі расліны ў фармаце 3D. Выдатна!
Парламентарыі працуюць і ў такім кірунку, як прапаганда здаровага ладу жыцця. Яны праводзяць спартыўныя спаборніцтвы, акцыі-канцэрты, флэшмобы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, алкагалізму і курэння, у даступнай форме паказваюць аднагодкам спосабы вырашэння гэтых сур'ёзных праблем. «Імкнёмся дапамагаць тым, хто спатыкнуўся, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх», — расказвае юнак.
Вельмі важна, каб школьнікі з розных класаў, устаноў, сацыяльных груп маглі ў нефармальнай абстаноўцы пагутарыць з аднагодкамі, падзяліцца сваімі планамі і жаданнямі. Асабліва важныя такія стасункі для хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «Мы хочам, каб кожнаму дзіцяці было камфортна жыць у горадзе. Мы ўсе роўныя, таму ва ўсіх павінны быць аднолькавыя правы і магчымасці, — сцвярджае малады чалавек. — Мы не вылучаем дзяцей з асаблівасцямі развіцця сярод астатніх, яны такія ж, як і мы — класныя, вясёлыя і стыльныя».
Самым яркім успамінам юнага парламентарыя стаў майстар-клас па вырабе калядных вянкоў для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Цыкл «Роўныя магчымасці» скіраваны на сацыялізацыю дзяцей з інваліднасцю. «Не скажу, што працаваць было лёгка, але менавіта ў нефармальнай абстаноўцы, у працэсе жывых стасункаў мы вучымся талерантнаму стаўленню да людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Размаўлялі на самыя розныя тэмы, а калі развітваліся, нас не хацелі адпускаць», — успамінае Мікіта.
Валанцёрскі праект «Свет дабра», які рэалізуецца маладзёжным парламентам горада, быў адзначаны ў абласным конкурсе маладзёжных ініцыятыў. Але займаюцца гэтым падлеткі не дзеля ўзнагарод. «Калі мы бачым усмешкі дзяцей, то разумеем, што нашы намаганні не марныя. Людзі, у якіх ёсць цяжкасці ў жыцці, праблемы са здароўем, нягледзячы ні на што, умеюць усміхацца. Дык чаму мы заўсёды ўсім незадаволеныя, чаму не ўмеем радавацца звычайным рэчам, не можам успрымаць жыццё больш проста, як нешта светлае?!» — задаецца пытаннем юнак.
Каму, як не сённяшнім хлопцам і дзяўчатам, вырашаць лёс краіны ў будучыні. На нядаўняй сустрэчы з творчай моладдзю Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра». Гэта разумеюць прадстаўнікі ўлад горада і ўсяляк падтрымліваюць ініцыятывы і пачынанні юных парламентарыяў. Нядаўна яны нароўні з дарослымі прынялі ўдзел у пасяджэнні каардынацыйнага Савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, расказалі аб рэалізацыі міжнароднай ініцыятывы «Горад, дружалюбны да дзяцей». Такія сустрэчы даюць магчымасць прыцягнуць творчы патэнцыял моладзі да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці горада і рыхтуюць маладое пакаленне да грамадскай дзейнасці.
Надзея БОБРЫК, вучаніца 11 класа гімназіі № 7 г. Маладзечна
Пра аўтара
— Я вельмі актыўная, мне цяжка ўседзець на месцы. Стараюся развівацца творча і дзейнічаць у розных кірунках, каб знайсці для сябе самае цікавае, — расказала 17-гадовая аўтарка. — Паспрабаваўшы сябе ў многіх сферах, я спынілася на журналістыцы. І ў цяперашні момант маім жыццёвым дэвізам сталі словы Како Шанэль: «Усё ў нашых руках, таму іх нельга апускаць».
Застаецца толькі дадаць, што Надзея мэтанакіравана ідзе да сваёй мары: летась яна таксама ўдзельнічала ў нашым творчым конкурсе, яе работа была апублікавана.
З сённяшняга нумара «Чырвонка. Чырвоная змена» пачынае друкаваць найлепшыя работы юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш традыцыйны творчы конкурс. Найперш хочацца адзначыць, што сярод прэтэндэнтаў на перамогу прыемна бачыць ужо знаёмыя прозвішчы, з іншага боку, радуюць новыя актыўныя ігракі журналісцкага спаборніцтва. Разам з тым мусім канстатаваць, што некаторыя ўдзельнікі конкурсу або няправільна зразумелі яго тэму, або не здолелі яе раскрыць у сваіх «пробах пяра»... Але час навярстаць упушчанае яшчэ ёсць! Нагадаем, што з умовамі правядзення нашага творчага спаборніцтва можна азнаёміцца ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» ад 14 верасня 2017 года або на сайце «Звязды» ў раздзеле «Праекты». Далучайцеся, юнкары!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0