Для праваслаўных сёлетні сакавік — гэта яшчэ час Вялікага посту і малітвы. А яшчэ магчымасць саборавацца, або, як кажуць дасведчаныя людзі, аблягчыць душу. У звычайным жыцці да саборавання звяртаюцца хворыя людзі, запрашаюць святара да сябе дамоў. І толькі ў Вялікі пост таінства праводзіцца непасрэдна ў храме і масава. У саборавання вельмі глыбокая гісторыя. Яна нас вяртае ў тыя часы, калі сам Ісус Хрыстос ратаваў хворых. Потым яго справу працягнулі апосталы. Зараз гэта робяць святары.
Часта тыя, хто забягае ў храм проста паставіць свечку і трапляе на сабораванне, здзіўляюцца. Падсвечнікі прыбраны, людзі стаяць ў радок з вялікімі свечкамі, а свяшчэннікі ходзяць паміж імі і мажуць ім ілбы і рукі алеем. «Што гэта і навошта трэба?» — спыталася адна з магіляўчанак, патэлефанаваўшы ў карпункт «Звязды».
Адказ можна атрымаць непасрэдна ў храме. Звычайна ў царкоўнай краме, дзе прадаюцца свечкі, вывешваюцца спісы з днямі, калі можна прайсці далучыцца да саборавання. Там жа расказваюць, што яно сабой уяўляе. Каб далучыцца да таінства, трэба запісацца і набыць неабходныя для саборавання вялікую свечку і алей, над якім будуць чытацца малітвы з Евангелля і пасланняў Апосталаў. Потым яго можна будзе прымяняць дома як дадатковае лякарства пры хваробах.
У чым сэнс гэтага таінства і наколькі яно важнае, мы спыталіся ў дасведчаных людзей.
— Калі пры споведзі мы кажам пра ўсвядомленыя грахі, каемся і яны даруюцца, то пры сабораванні даруюцца тыя грахі, якіх мы не разумеем, не ведаем, не можам успомніць з прычыны іх мноства або таму, што прайшоў час і яны забыліся, — тлумачыць протаіерэй кафедральнага Праабражэнскага сабора Магілёва Андрэй Купцоў. — У гэтым выпадку Гасподзь лечыць не толькі цела, але і душу. Але калі пакуты застаюцца, не трэба адчайвацца. Як кажуць, Гасподзь цярпеў і нам загадваў. Разам з Хрыстом мы трываем пакуты, паміраем, але для таго, каб разам з ім і ўваскрэснуць. Сабораванне — адно з сямі таінстваў Праваслаўнай царквы. Падчас Вялікага посту гэта можна зрабіць, не запрашаючы да сябе на дом свяшчэнніка, а разам з іншымі прыйсці пасаборавацца ў храме. Гэта робіцца для таго, каб таінства было даступна для любога ахвотнага. Пасля саборавання ёсць вельмі добрая традыцыя больш усвядомлена падысці да яшчэ аднаго таінства — прычасця. Самага вялікага і галоўнага. Каб Гасподзь жыў у нас, а мы ў ім.
— Душа чалавека бессмяротная, і сабораванне вельмі важная для яе падзея. Чалавек павінен яшчэ пры жыцці прымірыцца з Богам. І зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, — лічыць магілёўскі ўрач-анколаг Павел Алейнікаў. — А лепей рэгулярна наведвацца ў храм, а не лавіць нейкія асобныя моманты. Чалавечае жыццё на зямлі — імгненне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/carkva