Як напісаў адзін рамантычны аматар выпіўкі: «П'янства — гэта не загана волі, а рух пакрыўджанай душы». Але ўсё часцей выпівохі вызначаюцца не рухамі душы, а рэзкімі выпадамі ўласных рук, якія хапаюць тое, што пад іх трапляецца.
Пападаецца нярэдка табурэтка, яно і зразумела, бо на ёй сядзіш. Вось толькі нядаўна пісала, як адна кабета ў Баранавічах адлупцавала [4] маладзейшага кавалера не на жарт. Небарака, можа, яшчэ і з бальніцы не выпісаўся, гэта ж не смешкі: табурэткай — па галаве. А ва ўчарашняй зводцы здарэнняў ажно дзве аналагічныя інфармацыі. У Знаменцы Брэсцкага раёна выпівалі два непрацуючыя браты. А потым 33-гадовы пабіў 44-гадовага табурэтам. У Пінску малады сужыцель такой жа мэбляй пабіў старэйшую за сябе жанчыну.
Яшчэ ў адну, зусім не рамантычную гісторыю адносін давялося ўнікаць міліцыянерам у Кобрынскім раёне. Там непрацуючы грамадзянін у п'яным выглядзе так скандаліў з сужыцелькай, што схапіў са стала відэлец і пагражаў яе забіць. Дарэчы, табурэткі і відэлец канфіскавалі як рэчавыя доказы. Не пакідаць жа ім зброю, каб далей біліся.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] http://zviazda.by/be/news/20180226/1519663580-50-gadovaya-zhyharka-baranavich-adlupcavala-kavalera-taburetkay
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni