Увечары ў электраплавільным цэху Беларускага металургічнага завода спрацавала пажарная сігналізацыя. Літаральна праз адну хвіліну ратавальнікі былі на месцы падзей. Яны ўбачылі, што тунэль, у якім пракладзены сілавыя кабелі, па якіх падаецца электраэнергія, моцна задымлены.
— Нашы байцы аператыўна ліквідавалі ўзгаранне, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — На шчасце, ніхто не пацярпеў. Але разам з тым полымя пашкодзіла больш за 30 тысяч пагонных метраў ізаляцыі электрычных кабеляў. З-за гэтага быў спынены тэхналагічны працэс выплаўкі сталі.
Як паведаміў прэс-сакратар Беларускага металургічнага завода Аляксандр Алесік, меркаванай прычынай пажару стала кароткае замыканне. Часова спыніліся тры цэхі — электрасталеплавільны № 1, сортапракатны № 1 і капаравы. Таксама была парушана заводская тэлефонная і інтэрнэт-сувязь.
— Зараз на прадпрыемстве распрацоўваецца пакрокавы план, які дапаможа пераадолець наступствы надзвычайнага здарэння. На шчасце, вытворчыя страты будуць мінімальныя. Сталеплавільную вытворчасць да гэтага планавалася прыпыніць з 7 да 14 сакавіка для мадэрнізацыйных работ. Але ліквідаваць наступствы здарэння мы будзем адначасова з гэтымі работамі.
На месца падзей асабіста выязджаў міністр прамысловасці Віталь Воўк, каб арганізаваць аператыўны штаб па ліквідацыі наступстваў узгарання на прадпрыемстве.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/bmz
[5] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[6] https://zviazda.by/be/tags/mns