Брэсцкі гарвыканкам аб'явіў конкурс на найлепшую песню пра родны горад. Музычны праект «Песні пра Брэст» прысвячаецца 1000-гадоваму юбілею горада, які будзе святкавацца налета. Распрацавана і апублікавана палажэнне аб конкурсе для тых, хто пажадае далучыцца да ўдзелу.
— А паспрабаваць сябе ў такой творчай справе запрашаем і прафесійных, і самадзейных паэтаў ды кампазітараў, — расказала загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Святлана СЯМАШКА.
Паводле слоў Святланы Мікалаеўны, ідэя праекта зарадзілася не ўчора. Апошнім часам і ў сектар культуры, і да старшыні гарвыканкама звярталіся аўтары песень з просьбай уключыць іх творы ў праграму святочных канцэртаў. Вось і вырашылі пашукаць яшчэ больш талентаў. А заадно і падштурхнуць творчых людзей да напісання песень пра горад. Гэта могуць быць як патрыятычныя, так і лірычныя творы. Толькі б яны былі прыгожыя, яркія, ну і сучасныя, такія, якія хацелася б спяваць.
Паводле ўмоў конкурсу, словы песні павінны быць на беларускай альбо рускай мовах. Дапускаецца аранжыроўка твора прафесіяналамі ў галіне музыкі. Прапановы прымаюцца да 1 верасня. Конкурс пройдзе ў тры этапы: адборачны тур, падрыхтоўка песень да выканання і само выкананне альбо канцэрт. Ацэньваць работы будзе прафесійнае журы. Фінал запланаваны ў маі, напярэдадні святкавання тысячагоддзя. А дзясятка паўтара найлепшых твораў арганізатары плануюць апублікаваць у нотным зборніку — выніковым альбоме праекта «Песні пра Брэст». «Нават праз 50 альбо 100 гадоў нашчадкі змогуць знайсці гэты зборнік у бібліятэцы і параўнаць песні свайго часу з нашымі, — сказала Святлана Сямашка. — А раптам мы знойдзем такога таленавітага аўтара, песню якога ўжо праз паўгода-год усе будзем слухаць са сваіх тэлефонаў? Гэта ж тое, што нас, брастаўчан, здольнае аб'ядноўваць».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[4] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnya
[6] https://zviazda.by/be/tags/brest