Следчыя высвятляюць абставіны смерці 28-гадовай дзяўчыны ў гандлёвым цэнтры ў Мінску, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Марына Дранькова.
Паводле атрыманых даных, 24 лютага каля 17.30 у гандлёвым цэнтры "Дана Мол" па вул. П.Мсціслаўца, 11 дзяўчына адчула сябе дрэнна. Яна паведаміла пра гэта па тэлефоне свайму знаёмаму, які выклікаў ёй таксі. Кіроўца суправадзіў дзяўчыну ў аптэку, дзе яе самаадчуванне рэзка пагоршылася. Супрацоўнікі аптэкі і хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць дзяўчыну не ўдалося.
Першамайскім (горада Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце праводзіцца праверка. З мэтай высвятлення абставінаў таго, што здарылася праведзены агляд месца здарэння, вывучаюцца відэазапісы камер назірання ГЦ, апытваюцца відавочцы таго, што адбылося, і блізкія дзяўчыны. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.
"Калі хто-небудзь валодае дадатковай інфармацыяй аб тым, што адбылося, просьба звярнуцца ў аператыўна-дзяжурную службу УСК па Мінску па тэлефоне 8 (017) 389-55-55", - дадала Марына Дранькова.
Адміністрацыя ГЦ "Дана Мол" выключыла магчымасць траўміравання дзяўчыны на тэрыторыі гандлёвага цэнтра. "Мы афіцыйна абвяргаем інфармацыю аб траўміраванні дзяўчыны ў гандлёвым цэнтры. Уся наяўная ў нашым распараджэнні інфармацыя і запісы камер відэаназірання перададзеныя ў Следчы камітэт па Мінску, які праводзіць праверку абставінаў таго, што адбылося", - падкрэслілі прадстаўнікі адміністрацыі.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni