Больш за паўтары сотні прадстаўнікоў моцнага полу ў сваё свята выйшлі на дыстанцыю ў цэнтры сталіцы з аголеным торсам. Мароз у 10 градусаў не напалохаў беларусаў, у тым ліку вядомых спартсменаў, якія вырашылі падтрымаць адважных бегуноў.
На дыстанцыю ў 1 і 3 км разам з удзельнікамі выйшлі вядомыя ў свеце спорту асобы: алімпійскі чэмпіён, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Багдановіч, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі і прэзідэнт Турэцкай федэрацыі лёгкай атлетыкі Фаціх Чанцімар.
- Рэаліі перасягнулі чаканні. Было прадчуванне, што ўсё ж такі моцны мароз паўплывае на яўку зарэгістраваных, а на самой справе было адчуванне, гледзячы на перапоўненае фае Палаца спорту, што прыйшло яшчэ больш жадаючых паўдзельнічаць у нашым забегу, - адзначае Вадзім Дзевятоўскі. - Адбылося сапраўднае свята і пацверджанне таму - выдатны настрой усіх удзельнікаў. Я вельмі рады і ганаруся, што быў часткай гэтага свята і бег з усімі разам.
Падтрымаць мужных каля мінскага Палаца спорту сабралася не мала людзей, у асноўным гэта дзяўчаты, якія сустракалі сваіх герояў на фінішы.
- Хочацца быць прыкладам для моладзі не толькі словам, але і справай. Магчыма, што праз такі забег топлес зімой, праз пераадоленне холаду і дыскамфорту, яны атрымаюць штуршок у жыцці, - дзеліцца разважаннямі Аляксандр Багдановіч. - Сёння мне не холадна было бегчы, нават горача. Пакуль яшчэ падтрымліваю сябе ў форме, так што можна было бегчы і не адзін кіламетр!
У забегу прынялі ўдзел людзі розных узростаў, самаму даросламу ўдзельніку 66 гадоў. Уладзімір Рабцаў прымае ўдзел ва ўсіх забегах, якія праходзяць у Беларусі, прымеркаваны да свята не стаў выключэннем.
- Што падштурхнула мяне ў гэты дзень распрануцца і пабегчы? Бачыце, колькі людзей, а я што, горшы за іх? Мароз невялікі. Шкада, што не было сярод нас жанчын, бегчы з імі больш прыемна, - усміхаецца ўдзельнік. - Падтрымліваю сябе ў форме, не гледзячы на ўзрост, па мне гэта, напэўна, відаць. У паліклініку хаджу толькі па даведку.
На фінішы кожны ўдзельнік атрымаў памятны медаль, пераможцаў жа чакалі больш дарагія прызы. Чэмпіёнам на дыстанцыі ў 1 км стаў Мікіта Голубеў, студэнт Беларускага педагагічнага ўніверсітэта.
- Эмоцыі перапаўняюць, мне дапамагла вера ў сябе, - расказвае малады чалавек. - Я займаюся лёгкай атлетыкай і бегаю дыстанцыі 400 і 800 метраў. У мінулым годзе ўдзельнічаў у гэтым забегу і быў другім. Вельмі выдатна праводзіць забег менавіта 23 лютага. Вы даеце нам адчуць свята!
Пераможцам на дыстанцыі ў 3 км стаў Аляксандр Санько.
- Нягледзячы на надвор'е, забег прайшоў лёгка і цёпла. Але гэта, таму што я рыхтаваўся доўга: дзесяць гадоў. Прыемна атрымаць перамогу як на сённяшнім забегу, так і на мінулым. Святочны дзень яшчэ і выйграў! Перадаю велізарнае прывітанне маёй нявесце Святлане!
Лепшай у намінацыі "Самая крэатыўная каманда" стала каманда МНС.
Акрамя падарункаў на фінішы ўсіх удзельнікаў і балельшчыкаў чакала каша, прыгатаваная на палявой кухні і гарачая салодкая гарбата.
Дар'я Лабажэвіч
Фота Ганны Занкавіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-abaroncau-aychyny
[4] https://zviazda.by/be/tags/23-lyutaga
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyny
[6] https://zviazda.by/be/tags/zabeg-sapraudnyh-muzhchyn