Тэлевiзiйная вiктарына «Размаўляем па-беларуску» ў эфiры тэлеканала «Беларусь 3» да красавiка будзе iсцi ў паўторах. Але ж, каб вы не прыпынялiся ў вывучэннi мовы, стваральнiкi праграмы падрыхтавалi тлумачэнне цiкавых беларускiх выразаў. Цi ведаеце вы, што адзначае «ногi дзярэ, а боты на кiйку нясе»?
Засцянковай шляхты ў Беларусi было шмат. Некалi заможная, яна ў XIX стагоддзi вельмi збяднела i часта не адрознiвалася ад сялян — такая ж бядота, такая ж адзежа, амаль такiя ж звычаi. Але засцянковы шляхцюк усё ж памятаў, што ён не роўня простым мужыкам, задзiраў перад iмi нос, а вадзiўся толькi з такiмi ж, як ён сам, «шляхтунамi». Будзённая адзежа засцянковага шляхцiца — тая ж сялянская: свiтка ды лапцi. Толькi ў святы шляхцюк апранаў танчэйшай работы сурдут, надзяваў шапку цi брыль замест магеркi i абуваў боты. Вось тэпае такi шляхцюк у нядзельку ў касцёл або на вечарынку. Ботаў шкода — каб не стапталiся, нясе на кiйку, шкода i сурдута — нясе яго пад пахаю. А мужыку смех адзiн з такой ганарлiвасцi: ногi дзярэ, а боты на кiйку нясе.
Для тых, хто разважае пра свой удзел у тэлепраграме, нагадаем: каб стаць удзельнiкамi, неабходна зайсцi на сайт tvrgomel.by [4] або 3belarus.by [5] i праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўнiць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевiктарыны — у ранiшнiм эфiры «Беларусь 3» кожную суботу.
Iрына АСТАШКЕВIЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] http://tvrgomel.by/
[5] http://3belarus.by/
[6] https://zviazda.by/be/tags/razmaulyaem-pa-belarusku-0