Ці прыйдзе сапраўдная вясна ў сакавіку, невядома, але нішто не перашкаджае пачаць новы модны сезон па календары. Падказваем, да чаго прыгледзецца ў крамах і якім рэчам з вашай шафы можна даць другое жыццё.
Галоўны колер гэтай вясны. На думку прадстаўнікоў Інстытута колеру Раntоnе, ён сімвалізуе арыгінальнасць, наватарства і будучыню з яе новымі тэхналогіямі і палётамі ў іншыя галактыкі. А яшчэ можа быць крыніцай натхнення для творчасці. Іншае пытанне, як удала ўключыць яго ў свой гардэроб, бо колер для носкі дастаткова складаны. Ён добра спалучаецца з жоўтым і каралавым (варыянт для тых, хто хоча выглядаць ярка), а таксама з бэжавым, белым і чорным (больш спакойны вобраз). Калі не ўпэўнены, што ўльтрафіялет вам пасуе, выберыце аксесуар гэтага адцення ці спадніцу, а не блузку: так колер будзе знаходзіцца далей ад твару і не надасць яму стомлены выгляд. Зусім не падабаецца? Тады прыгледзьцеся да іншых модных у гэтым сезоне колераў — яркага жоўтага, шакаладнага, халоднага зялёнага, тонаў «памідор чэры» і «ружовая лаванда».
Калі ў вашай шафе няма трэнча (двухбортнага дажджавога плашча з поясам), ёсць добрая нагода яго купіць. Бяспройгрышны варыянт — аб'ёмны бэжавы даўжынёй па калена. Трэнч спалучаецца і са строгімі нагавіцамі, ствараючы дзелавы вобраз, і з паўсядзённымі джынсамі. А яшчэ дызайнеры прапануюць зноў прыгледзецца да чырвонага скуранога плашча. Насіце яго з гольфам і спадніцай спакойных адценняў, каб збавіць градус экстравагантнасці.
Імі могуць быць дэкарыраваныя спадніца, сукенка, кашуля і нават паліто. У модзе — цяжкія, пушыстыя і шматслойныя махры. Спадніца з такім аздабленнем добра будзе глядзецца ў камплекце са світарам буйной вязкі. А куртка — з джынсамі і грубым абуткам. У першым выпадку атрымаем рамантычны вобраз, у другім — смелы і бунтарскі.
Асноўнае правіла пры носцы махроў: астатнія рэчы на вас мусяць быць максімальна простымі і лаканічнымі. І памятайце, што такі дэкор дадае фігуры аб'ёму.
Звычайна дызайнеры аддаюць перавагу натуральным тканінам. Але бываюць выключэнні. Для нашага дажджлівага надвор'я рэчы з пластыку — тое, што трэба. У наступным сезоне гэты матэрыял будуць выкарыстоўваць і пры вырабе абутку, і пры пашыве адзення. Наколькі ў гэтым камфортна — пытанне адкрытае. Але плюсы адназначна ёсць. Так, празрысты пластыкавы плашч дазволіць прадэманстраваць адзенне пад ім не толькі ў памяшканні, але і на вуліцы. А ў сумцы з такога матэрыялу нішто не зможа згубіцца.
Хочаце, каб ваша з'яўленне на вечаровым мерапрыемстве было бліскучым? Выбірайце сукенку ў паеткі. Яшчэ нядаўна такі дэкор лічыўся безгустоўнасцю, а гэтай вясной — зноў на піку моды. Каб паеткі былі дарэчы ўдзень, спалучайце гэтыя аксесуары з грубымі чаравікамі, звычайнымі трыкатажнымі вадалазкамі, джынсамі. Хоць прыкоўваць увагу будзеце ў любым выпадку.
Той момант, калі гандляры на рынку і турысты на экскурсіі нечакана трапілі ў трэнд. Зрэшты, так сапраўды больш зручна. Па форме модныя паясныя сумкі розныя: спартыўныя, падобныя да касметычак, звычайныя міні-мадэлі, якія дагэтуль насілі цераз плячо. Моцным аргументам у абарону новай тэндэнцыі можа стаць тое, што такія аксесуары мільгалі на паказах Guссі і Vаlеntіnо.
Простыя сілуэты, адзін-два колеры ў вобразе, адсутнасць дэкору. У цэнтры ўвагі — крой рэчаў і вы самі. Прымерайце такі варыянт: штаны-дудачкі, кашуля і даўгі пінжак у тон. У гэты стыль добра ўпішуцца сумка-канверт і туфлі-лодачкі.
Мінімалізм — не пра сум і адсутнасць фантазіі, а пра элегантнасць, шык і густ. Можна дадаць упрыгажэнне, але толькі адно — шалік, моназавушніцу, брошку.
Чарговы раз «леапард» вяртаецца ў моду. Самы час навучыцца насіць яго правільна. Няхай гэта будуць свабодныя сілуэты (а не да таліі) і арыгінальная расфарбоўка (чырвоная, зялёная гама, напрыклад). Упісаць гэты прынт у паўсядзённы гардэроб можна ў выглядзе абутку. Бярыце прыклад з прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй, якая дапаўняе дзелавы касцюм леапардавымі лодачкамі. Папулярнымі будуць таксама ўзоры а-ля тыгр і зебра.
Вобраз з дэніму будзе вельмі актуальны. Прынамсі, Оsсаr dе lа Rеntа і Tоm Fоrd, якія прэзентавалі на паказах джынсавыя касцюмы, у гэтым не сумняваюцца. Дызайнеры раяць прыгледзецца да «варонак» і штаноў, пашытых нібы з дзвюх розных па колеры пар. Фасоны — простыя, не перагружаныя лішнімі дэталямі. А вось ірваныя джынсы пакіньце ў шафе да лепшых часоў: у гэтым сезоне яны страчваюць папулярнасць. Пры куплі джута спыніцеся на мадэлі «оверсайз» з аб'ёмнымі накладнымі кішэнямі.
Ужо каторы сезон галоўным патрабаваннем да абутку застаецца практычнасць. Таму рабіце стаўку на туфлі на шырокім абцасе. Яны ўніверсальныя і лёгка ўпішуцца ў любы гардэроб. Дызайнеры «рэанімавалі» таксама абцас-кілішак. Насіце яго са штанамі даўжыні 3/4, спадніцамі-аловак, сукенкамі па калена і адчувайце сябе гераіняй рэтра-фільма. З чым такую мадэль лепш не спалучаць, дык гэта з аб'ёмнымі рэчамі: такі ансамбль «з'есць» ваш рост. На што яшчэ варта звярнуць увагу? Падказваем: туфлі са скуры пад змяю, батфорты і грубыя чаравікі.
Каб быць бліжэй да сучаснага мастацтва, неабавязкова ісці ў музей. Адзявайце кашулю з выявамі коміксаў і карцін Эндзі Уорхала і, як той казаў, нясіце культуру ў масы. Рэч у духу поп-арт павінна быць цэнтральнай у вашым вобразе: астатнія няхай будуць аднатоннымі і паўтараюць адзін з колераў, што ёсць у прынце. Што яшчэ мусіць быць пры вас, дык гэта пачуццё гумару. І ўсё ж такі, пэўна, давядзецца схадзіць у мастацкі музей, бо, каб іранізаваць над сучаснай культурай, трэба пра яе ведаць.
Не спяшайцеся пазбаўляцца вясной ад галаўных убораў. Тым больш ёсць столькі цікавых варыянтаў. Хочаце запісацца ў шэрагі модніц — купляйце чорны скураны берэт. Насіць яго можна ссунуўшы на патыліцу ці набок, з паліто ці плашчом. Сумняваецеся ў сучаснасці гэтага галоўнага ўбору? Паглядзіце паказы Dіоr — там дрэннага не параяць.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/moda
[4] https://zviazda.by/be/tags/modnyya-tendencyi