У суботу на корце "Чыжоўка-Арэны" адбыліся чвэрцьфінальныя матчы Кубка Федэрацыі паміж тэнісісткамі зборных Беларусі і Германіі.
У першым адзіночным спарынгу Арына Сабалека (63-і нумар рэйтынгу WTA) абыграла нямецкую тэнісістку Таццяну Марыю (58) – 4:6, 6:1, 6:2. У першай партыі абедзве спартсменкі моцна нерваваліся, у выніку беларуску з адным брэйкам выйграла немка. Другі сэт Арына Сабаленка правяла вельмі магутна, не пакінуўшы суперніцы ніводнага шанцу на поспех. У трэцім вырашальным сэце барацьба была больш напружанай, але наша тэнісістка зноў была мацней. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 44 хвіліны.
У другім спарынгу лідар беларускай каманды Аляксандра Сасновіч (46-ы нумар сусветнага рэйтынгу) нечакана прайграла другой ракетцы гасцей Антоніі Лотнэр (149) – 5:7, 4:6. Пачатак гульні не прадвяшчаў Аляксандры нічога дрэннага – яна ўпэўнена кантралявала ход сустрэчы і выйгравала з лікам 5:3. Але затым усё змянілася, і нямецкая тэнісістка здолела не толькі дагнаць беларуску, але і выйграць усю партыю. У пачатку другога сэта Саша адчула недамаганне, але ўсё ж працягнула гуляць. Аднак у далейшым праблемы са здароўем ізноў не дазволілі тэнісістцы дзейнічаць у поўную сілу, у выніку яна прайграла і другі сэт. Матч доўжыўся 1 гадзіну 36 хвілін.
У нядзелю на корце "Чыжоўка-Арэны" адбыліся яшчэ дзве адзіночныя гульні: Аляксандра Сасновіч – Таццяна Марыя, Арына Сабаленка – Антонія Лотнэр, а таксама парная сустрэча, у якой беларускі Вера Лапко і Лідзія Марозава сустрэліся з нямецкім тандэмам Ганна-Лена Фрыд/Ганна-Лена Грэнефельд.
Вырашальнай бітвай за выхад у паўфінал стала парная сустрэча, у якой беларускі Арына Сабаленка і Лідзія Марозава ва ўпартай барацьбе саступілі нямецкаму дуэту Ганна-Лена Грэнефельд / Таццяна Марыя - 7:6 (7:4), 5:7, 4:6. Галоўны матч усяго супрацьстаяння атрымаўся на рэдкасць напружаным. У першым сэце беларускі змаглі вырваць перамогу толькі на тай-брэйку. Другая партыя таксама прайшла ва ўпартай барацьбе і на гэты раз больш паспяховымі былі немкі - 7:5. На старце вырашальнага сэта немкі здолелі ўзяць падачу беларусак, што і абумовіла іх агульны поспех. Гульня працягвалася 2 гадзіны 30 хвілін.
Да парнай гульні адбыліся 4 адзінкавыя паядынкі. У нядзелю, 11 лютага Таццяна Марыя ўзяла верх над Верай Лапко, замяніўшы Аляксандру Сасновіч - 6:4, 5:7, 6:0, а потым Арына Сабаленка перайграла Антонію Лотнэр - 6:3, 5:7, 6:2, пасля чаго лёс матчу вырашыўся ў драматычнай парнай сустрэчы.
Такім чынам, зборная Германіі выйграла 3:2 і ў барацьбе за выхад у фінал згуляе з тэнісісткамі Чэхіі, якія ў 1/4 фіналу перайгралі ў Празе швейцарак з лікам 3:1.
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/kubak-federacyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-sasnovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/aryna-sabaleka
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-maryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/antoniya-lotner
[8] https://zviazda.by/be/tags/ganna-lena-fryd
[9] https://zviazda.by/be/tags/ganna-lena-grenefeld
[10] https://zviazda.by/be/tags/vera-lapko
[11] https://zviazda.by/be/tags/lidziya-marozava