“...Каляда, Калядзіца!
Мы цябе адгулялі,
Добра шанавалі!
Цяпер цягнем да дуба –
Сядзі там люба!”
Толькі на ўсходзе Міншчыны можна пачуць гэтыя словы, якія ўплятаюцца ў развітальную песню провадаў Каляд. Менавіта на Бярэзіншчыне захавалася своеасаблівая форма святкавання заканчэння зімовага свята, якая называецца “Цягнуць Каляду на дуба” – са сваімі песнямі, абраднымі дзействамі, вясёлымі ігрышчамі.
Мясцовыя людзі кажуць: “Прайшло Божае Нараджэнне, Святыя вечары – Шчадрэц і Вахохрышча. Нарэшце прыйшоў час спыняць вясёлае баўленне часу і праводзіць шаноўную госцю – Каляду!”
У многіх вёсках раёна памятаюць традыцыю і час ад часу збіраюцца на Провады. Але такіх вёсак застаецца, нажаль, усё менш і менш. І толькі ў Новінах традыцыя “Цягнуць Каляду на Дуба” з кожным годам набірае абароты. Можна сказаць, калядныя провады сталі для вёскі Новіны галоўным брэндам, абрад з’яўляецца візіткай культуры рэгіёна, ён уключаны ў спіс помнікаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
Кожны год дваццаць першага студзеня новінцы збіраюцца ў сельскі Дом культуры, каб урачыста і годна аддаць пашану аднаму з галоўных свят земляробчага календара – Калядам. Прыносяць з сабою стравы, ласункі, робяць “ката” з хлеба, сала і каўбасы. Але самае важнае ў гэтым звычаі – упрыгожыць жытнёвы альбо пшанічны сноп, які сімвалізуе Каляду, згатаваць куццю і з гэтымі вечнымі сімваламі працавітасці і роду адправіцца за вёску да дуба і прымацаваць іх сярод галін дрэва.
– “Ой, Калядачкі! Вы на дуб, на дуб, а нам, дзевачкам, ніхто не люб!..” , – спяваюць дзяўчаты па дарозе ў поле, ідучы за санкамі, у якіх сядзіць “бабка” з снопам-Калядою і гаршэчкам куцці. Гэтым разам на ролю паважанай “бабкі” – захавальніцы добрай сям’і і самога роду, абралі Ніну Клімовіч. Амаль два кіламетры Ніну Дзмітрыеўну хлопцы везлі за вёску Марціянаўку да стогадовага дуба, які стаў для Бярэзінскага раёна своеасаблівым сімвалам – захавання памяці, якая цягнецца ад сівой старажытнасці да сённяшняга часу.
Усцягнуўшы Каляду на дуб, павадзіўшы карагоды і падсмажыўшы на агні сала, удзельнікі вярнуліся ў вёску, працягваць вясёлыя ігрышчы і скокі пад гармошку, кларнэт і бубен.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kalyadachki-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kalyada
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[6] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/abrady
[8] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[9] https://zviazda.by/be/tags/byarezinshchyna
[10] https://zviazda.by/be/tags/cyagnuc-kalyadu-na-duba
[11] https://zviazda.by/be/tags/noviny