Больш за 22,2 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на мясцовых выбарах у Беларусі, паведаміла сёння ў час анлайн-канферэнцыі ў БЕЛТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Яна нагадала, што ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было вылучана 22 712 кандыдатаў. "Засталося на гэты момант 22 278. З ліку выбыўшых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна і 311 (1,37 працэнта) - гэта адмовы ў рэгістрацыі. Такая карціна на гэты момант, вядома, яна будзе змяняцца: нехта будзе ўдзельнічаць, нехта будзе адклікацца", - растлумачыла кіраўнік ЦВК.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што большасць сельскіх акруг будуць безальтэрнатыўнымі. "Што да Саветаў самага высокага ўзроўню - абласных, то ў Брэсцкім рэгіёне сем безальтэрнатыўных акруг, або 12,3 працэнта, у Віцебскай вобласці - 22 (36,7 працэнта), Гомельскай - 3 (5 працэнтаў), Гродзенскай - 40 (66,7 працэнта). У Мінскай вобласці тры безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 працэнтаў, а ў Магілёўскай няма ні адной. Прычым там ёсць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс - крыху менш як тры кандыдаты на месца", - расказала яна.
У Мінску таксама няма безальтэрнатыўных акруг. У сярэднім тут на адно месца прэтэндуюць больш як чатыры чалавекі. "Калі гаварыць аб сталічных акругах, дзе больш за ўсё кандыдатаў, то самыя буйныя ў гэтым плане Акадэмічная нумар 48 Першамайскага раёна і Кальварыйская нумар 38 у Фрунзенскім раёне. Тут балаціруюцца па восем кандыдатаў. Далей ідуць Старавіленская акруга нумар 41 па Цэнтральным раёне - сем кандыдатаў. Па шэсць чалавек прэтэндуюць на дэпутацкі мандат у Пляханаўскім, Чыгуначным, Сухараўскім", - удакладніла Лідзія Ярмошына
ЦВК не выключае магчымых зменаў у выбарчым заканадаўстве з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ
Сёння адбыўся візіт спецыяльнага прадстаўніка Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе, кіраўніка дэлегацыі парламента Швецыі ў ПА АБСЕ Кента Харстэда ў Цэнтральную выбарчую камісію. "Зразумела, яго перш за ўсё цікавілі магчымыя змяненні выбарчага заканадаўства на аснове рэкамендацый АБСЕ. Але пакуль мы не гатовыя даць такую інфармацыю, таму што ЦВК не валодае заканадаўчай ініцыятывай, наша прапанова ў дачыненні да рэкамендацый АБСЕ пакуль знаходзіцца на разглядзе кіраўніка дзяржавы. Мы не ведаем аб'ём даручэнняў, якія атрымаем у ходзе разгляду прапановы па змяненні заканадаўства, і якімі яны будуць ", - патлумачыла Лідзія Ярмошына.
Пры гэтым яна адзначыла, што ўнясенне якіх-небудзь змяненняў з улікам таго, што ў Беларусі выбарчыя кампаніі будуць праводзіцца, па ўсёй бачнасці, і ў 2019-м, і ў 2020 годзе, тэхнічна магчыма. "Законы рэкамендуецца змяняць за паўгода да выбараў ці за год. Але калі казаць пра перанос выбараў на больш раннія тэрміны - да пачатку выбарчай кампаніі, гэта значыць больш за паўтара года. На дадзены момант даручэнняў такіх няма. Але я ўпэўненая, што гэта не адмова ад змены закона, а проста абдумванне сітуацыі, стратэгіі, якую вызначае кіраўнік дзяржавы ", - сказала кіраўнік ЦВК.
Пытанне развядзення выбараў 2020 года могуць абмяркоўваць на кансультацыях Прэзідэнт і парламент
"Справа ў тым, што пытанне прызначэння выбараў Прэзідэнта - гэта пытанне парламента, а пытанне прызначэння выбараў у парламент - пытанне Прэзідэнта. Гэта можа ажыццяўляцца шляхам сумесных кансультацый кіраўніцтва парламента з кіраўніком дзяржавы", - патлумачыла Лідзія Ярмошына, кажучы пра тэхнічны бок развядзення дзвюх палітычных кампаній, якія запланаваны на 2020 год.
Згодна з календаром выбараў і рэферэндумаў, апублікаваным на сайце Цэнтрвыбаркама, прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе павінны прайсці не пазней за 30 жніўня, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў - не пазней за 10 верасня, выбары членаў Савета Рэспублікі - не пазней 11 верасня.
Раней Лідзія Ярмошына адзначала, што адну з палітычных кампаній мэтазгодна перанесці на больш ранні тэрмін. На яе думку, лістапад 2019 года - "ідэальны перыяд для гэтага".
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/cvk
[3] https://zviazda.by/be/tags/lidziya-yarmoshyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2018