Спецыялісты Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) назвалі 2015, 2016 і 2017 гады самымі цёплымі за ўвесь час сістэматычных назіранняў за надвор'ем і кліматам на Зямлі. Сярод іх найбольш цёплым прызнаны 2016 год. Пра гэта метэаролагі паведамілі 18 студзеня ў Жэневе. СМА таксама паабяцала апублікаваць поўную версію свайго агляду ў сакавіку.
"Па пацверджаных дадзеных, 2015, 2016 і 2017 гады сталі трыма самымі цёплымі ў гісторыі назіранняў, што з'яўляецца яркім прыкметай доўгатэрміновай змены клімату, абумоўленага павелічэннем канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы, - канстатуе СМА. - Сусветны рэкорд па-ранейшаму за 2016 годам".
У СМА падкрэсліваюць, што ў мінулым годзе глабальная сярэдняя тэмпература паверхні Зямлі была прыблізна на 1,1 градуса па Цэльсіі вышэйшай за аналагічны паказчык даіндустрыяльнай эпохі (да 1750 года) і на 0,46 градуса вышэй сярэдняга значэння за 1981-2010 гады (14,3 градуса па Цэльсіі). Пры гэтым, па словах экспертаў, 2017 і 2015 гады "практычна неадметныя" з пункту гледжання сярэдняй тэмпературы. Высветліць, які год заняў другое месца, а які трэцяе, у СМА не могуць, бо розніца складае менш за адну сотую градуса, што "менш за дапушчальную мяжу статыстычнай хібнасці".
Пры гэтым, адзначаюць метэаролагі, 2016 год "застаецца самым цёплым годам" з сярэдняй тэмпературай на 1,2 градуса, вышэйшай за даіндустрыяльную эпоху.
ТАСС [1]
Спасылкі
[1] http://tass.ru/obschestvo/4885371
[2] https://zviazda.by/be/tags/nadvore