У канцы мінулага тыдня кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся [3] з шырокім колам прадстаўнікоў дзелавога свету. Абмяркоўваўся пакет дакументаў па спрашчэнні вядзення бізнесу, які пачне дзейнічаць у хуткім часе, а таксама нядаўна падпісаны [4] Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Пасля мерапрыемства яго ўдзельнікі адказалі на пытанні журналістаў.
Аляксандр Шакуцін, старшыня савета дырэктараў адкрытага акцыянернага таварыства «Амкадор — кіруючая кампанія холдынга», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва:
— Заўсёды лічыў, што ў нас спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу, таму што заканадаўчая база, якая ў нас ёсць, дазваляе будаваць, ствараць новае і паспяхова развівацца. У нашай краіне з'явіўся дакумент па ІТ-тэхналогіях — гэта тая сфера, якая ўваходзіць у кожны дом, кожны офіс. Тое, што мы тут першыя ў свеце, — выклікае пачуццё гонару. Па-мойму, бізнес атрымаў карт-бланш на дзясяткі гадоў наперад. Гэтыя дакументы важныя як для буйнога, так і для малога бізнесу. Ад рэалізацыі нядаўна прынятых дакументаў, дзяржава выйграе, бо з'явяцца новыя працоўныя месцы, новыя падаткаплацельшчыкі.
Дзяніс Алейнікаў, адвакат, старшы партнёр таварыства з абмежаванай адказнасцю «Алейнікаў і партнёры», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва:
— На сёння смарт-кантракты — гэта фактычна новая форма дагавора. Да гэтага былі дагаворы вусныя і пісьмовыя. А сёлета пачала набіраць тэндэнцыю новая форма дагавора — смарт-кантракт. Гэта дагавор — камп'ютарная праграма, якая рашае, відаць, самую глабальную праблему бізнесу — невыкананне гаспадарчых дагавораў. Цяпер за іх выкананнем павінен сачыць смарт-кантракт. Мяркуецца, што дагавор будзе адразу выконвацца аўтаматычна. Тэхналогія новая, маладая, яна развіваецца. Як мы гэта бачым: тая краіна, якая першай увядзе ў прававое поле, а на сёння — гэта Рэспубліка Беларусь, можа акумуляваць у сябе людзей з усяго свету, хто цікавіцца, займаецца гэтымі тэхналогіямі — паколькі ў нас гэта легальна. Такім чынам, мы можам стварыць цэнтр кампетэнцыі не толькі рэгіянальнага, але і сусветнага маштабу: і па блокчэйне, і па інтэрнэце рэчаў, і па штучным інтэлекце.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] http://zviazda.by/be/news/20171222/1513965948-alyaksandr-lukashenka-sustreusya-z-pradstaunikami-dzelavyh-kolau
[4] http://zviazda.by/be/news/20171222/1513932514-alyaksandr-lukashenka-padpisau-dekret-ab-razvicci-lichbavay-ekanomiki
[5] mailto:yushkevich@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/ab-razvicci-lichbavay-ekanomiki
[8] https://zviazda.by/be/tags/lichbavaya-ekanomika