Запрошаны былі як прадстаўнікі ўлады, так і ўсіх сфер бізнесу: ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Мерапрыемства стала свайго роду завяршальным для цэлага шэрагу падзей і сустрэч, бо тэма развіцця прадпрымальніцтва — адна з ключавых у гэтым годзе. Спачатку пакет дакументаў, нацэлены на спрашчэнне вядзення бізнесу, абмяркоўваўся ў грамадстве, потым быў вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падышоў да гэтай тэмы вельмі грунтоўна. Акрамя буйных нарад з прадпрымальнікамі, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў ён праводзіў рабочыя сустрэчы з распрацоўшчыкамі кожнага з дакументаў пакета, дэталёва паглыбляўся ў розныя нюансы, звязаныя з падаткамі, работай кантралёраў, санітарнымі патрабаваннямі, спецыфікай працы рамеснікаў, утрымання аграсядзіб і вядзення бізнесу ў сельскай мясцовасці...
Ёсць дзе разгарнуцца
Як вынік — восенню Прэзідэнт падпісаў цэлы пакет дакументаў — адзін дэкрэт і сем указаў, закліканых даць магутны імпульс развіццю прыватнага сектара. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка на пачатку сустрэчы расказаў бізнесменам, што падпісаў рэвалюцыйны Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», галоўная мэта якога — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя ІT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі тут свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.
Такім чынам, і пакет дакументаў па лібералізацыі бізнесу, і Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» павінны вывесці нашу краіну на шлях апераджальнага развіцця. Ужо цяпер малы і сярэдні бізнес — гэта кожны чацвёрты рубель у ВУП, трэць інвестыцый у эканоміку і кожнае трэцяе працоўнае месца. Але трэба больш.
Учора Прэзідэнт хацеў пачуць ад бізнесменаў шчыры адказ на пытанне: ці дастаткова прынятых мер для дасягнення нашых амбіцыйных задач? Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: самае галоўнае сведчанне таго, што ў нас можна было працаваць прадпрымальнаму чалавеку, — гэта самі ўдзельнікі сустрэчы.
— Вы пачыналі свой бізнес у тыя няпростыя гады — і адбыліся. І яшчэ — я заўсёды папярэджваў і паўтаруся: наш маладняк, убачыўшы вас на «Мерседэсах», у рэстаранах, думае, што прыйшоў, зарэгістраваўся — і заўтра на цябе гэта ўсё ўпадзе. Вы, калі ласка, ім падказвайце, што гэта бяссонныя ночы і самая цяжкая праца — прадпрымальніцтва, — упэўнены кіраўнік краіны. Таму парада Прэзідэнта тым, хто хоча адкрыць сваю справу, — павучыцца ў старэйшых калег. І толькі потым спрабаваць уласныя сілы.
Бюракратыі менш у разы
Пасля прыняцця ў 2010 годзе Дырэктывы №4 аб развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці мы сёння маем нядрэнны рэзультат: у рэйтынгу дзелавой актыўнасці Беларусь з другой сотні дзяржаў паднялася на 38 месца! Настаў час зрабіць новыя крокі, каб спрасціць працу прадпрымальнікаў.
— У той жа час і з боку бізнесу, гэта значыць вас, павінна быць сумленная гульня, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць, максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усe гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць — гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе.
Сёння з улікам пакета дакументаў па развіцці дзелавой ініцыятывы спрошчаная схема пачатку бізнесу выглядае прыкладна так: хочаш займацца сваёй справай — ідзі і працуй. Ніякіх перашкод няма: дастаткова падаць паведамленне ў выканкам. Усе тэхнічныя патрабаванні зведзены да мінімуму. Напрыклад, колькасць правілаў пажарнай бяспекі скарочана ў 11 разоў, санітарных патрабаванняў — у 13 разоў, ветэрынарных — у 10. Больш не трэба ўзгадняць рэжым работы гандлёвага аб'екта (выключэнне — у начныя гадзіны), вырашаецца набалелае пытанне з перапрафіляваннем памяшканняў.
Наспела неабходнасць перайсці на электронны фармат здзяйснення працэдур. Асабліва гэта актуальна для зямельных і маёмасных адносін, пытанняў распрацоўкі праектнай і будаўнічай дакументацыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Асобная тэма — падаткі. Згодна з новым дэкрэтам, да канца гэтай пяцігодкі дзейнічае мараторый на павышэнне падаткаў.
— Чаму да канца пяцігодкі? Таму што я спадзяюся, што вы разам з урадам да верасня наступнага года пакладзяце мне на стол новы Падатковы кодэкс, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Патрабаванне адно: скарачэння даходаў у бюджэт быць не павінна. Спрашчайце кодэкс як хочаце, але каб быў прырост падаткаў у бюджэт.
Урад па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўжо ў студзені сфарміруе спецыяльную групу і пачне маштабную перапрацоўку Падатковага кодэкса.
Абмежаваны кантроль
Праверак таксама стане ў разы менш. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў:
— Сёння само жыццё патрабуе аптымізацыі колькасці правяраючых і перагляду прынцыпаў іх работы. Таму і быў выдадзены ўказ па ўдасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці. Неабходна зрушыць акцэнты ў працы кантралюючых органаў, нацэліўшы іх на прафілактыку парушэнняў. Да добрасумленных суб'ектаў гаспадарання кантралюючыя органы не павінны падыходзіць і блізка. Для гэтага ўвядзіце зразумелыя, няхай і жорсткія, крытэрыі.
Так, калі прадпрыемства стварае новыя працоўныя месцы, растуць плацяжы па падатках, людзям плацяць добрую зарплату і не зафіксавана ніводнай скаргі, — тады, адзначае Аляксандр Лукашэнка, кантралёру там рабіць няма чаго. Што да пазапланавых праверак, то яны могуць адбывацца пры дакументальна пацверджанай інфармацыі аб парушэннях. У такім выпадку кантралёр дае прадпісанне гэтыя парушэнні ліквідаваць, але спыняць прадпрыемства ён не мае права, пакідаючы прыняцце рашэння на кіраўніка. Але павысілася і адказнасць кантралёраў: за парушэнні падчас праверак ім пагражае адміністрацыйнае пакаранне.
Выгадней у рэгіёнах
У многім дзяржаўная палітыка ў цэлым, пакет дакументаў па лібералізацыі бізнесу ў прыватнасці нацэлены на падтрымку вёскі і развіццё самазанятасці грамадзян. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся бізнесменам, што яго трывожыць тэндэнцыя, калі малы і сярэдні бізнес канцэнтруюцца ў сталіцы або больш-менш буйных гарадах. Калі са сферай паслуг усё зразумела: больш людзей, большы попыт на паслугі, то з вытворчасцю па-іншаму. На перыферыі таннейшая працоўная сіла, вольная зямля, блізкія рэсурсы. Акрамя таго, там гарантуюцца льготы па падатках, мытных пошлінах.
У нядаўна падпісаным указе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для аблягчэння жыцця сельскіх прадпрымальнікаў:
— Няма падатку на дабаўленую вартасць, а гэта прыкладна пятая частка цаны, — падлічыў Прэзідэнт. — Падатак на прыбытак — усяго 6%: у тры разы ніжэйшы за агульную стаўку. Падаткі на зямлю і нерухомасць увогуле не спаганяюцца.
Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім ільготным рэжымам будуць абласныя Саветы дэпутатаў. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што тут неабходны асаблівы падыход. Каб не атрымалася так: мяжу Мінска або абласнога цэнтра перасёк — а там ужо падатковы рай. У той жа час, калі паслабленнямі ў аддаленых раёнах скарыстаецца замежны бізнес, то гэта толькі ў плюс.
— Важна захаваць вёску і даць ёй новае жыццё, — падкрэсліў Прэзідэнт.
Звярнуўся кіраўнік краіны і да развіцця аграэкатурызму і рамесніцкай дзейнасці. Спрашчаюцца многія нюансы, звязаныя з працай у гэтых сферах. Так, цяпер у аграсядзібах можна будзе праводзіць вяселлі і банкеты, знятыя абмежаванні на заключэнне працоўных дагавораў з блізкімі сваякамі. Што да рамесніцтва, то кіраўнік дзяржавы згадаў сваю нядаўнюю паездку ў Буда-Кашалёва, дзе ён сустракаўся з рамеснікамі. Ён падкрэсліў важнасць гэтай сферы і паведаміў, што цяпер пашыраны спіс дазволеных відаў рамесніцкай дзейнасці.
Кіраўнік дзяржавы агучыў сваё патрабаванне па рэалізацыі прынятых дакументаў па разняволенні бізнесу да службовых асоб усіх узроўняў: ад старшыні сельскага Савета да міністра.
— Кожны кіраўнік, што прадстаўляе дзяржаўную ўладу, кантактуючы з бізнесам, павінен кіравацца адзінай формулай: калі закон дазваляе дапамагчы — дапамажы, калі закон не дазваляе дапамагчы — не перашкаджай, калі закон патрабуе ўмяшацца — тады дзейнічай, — падсумаваў Прэзідэнт.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Удзельнікі сустрэчы ад бізнес-колаў выказалі свае думкі наконт прынятых змен у заканадаўстве.
Жанна Тарасевіч, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя прафесара М. С. Куняўскага, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва адзначыла: «Мы высока ацэньваем пакет прынятых кіраўніцтвам краіны заканадаўчых актаў па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасяджэнне праўлення БСПН з задавальненнем канстатавала, што рэалізацыя Дэкрэта №7 і прынцыпаў, закладзеных у дадзеным дакуменце, прывядуць да з'яўлення новых працоўных месцаў, новых суб'ектаў гаспадарання. Пашырэнне магчымасцяў для фізічных асоб займацца агратурызмам, рамяством, іншымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці, безумоўна, будзе садзейнічаць развіццю самазанятасці і павышэнню даходаў насельніцтва».
У той жа час яна звярнула ўвагу на шосты пункт Дэкрэта №7. Згодна з ім права складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні нададзена службовым асобам аж 72 органаў.
Кіраўнік дзяржавы супакоіў дырэктара БСПН. Так, галоўнае ў тым, што, згодна з прынятым пакетам дакументаў, без падставы на прадпрыемства ніхто не прыйдзе.
Віктар Лемяшэўскі, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «ПАК-кіраванне», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, расказаў, што рэалізацыя праектаў яго кампаніі (а яны прыцягнулі каля 80 мільёнаў долараў інвестыцый!) была б немагчымая без выкарыстання ўжо існуючых у краіне інструментаў падтрымкі развіцця інавацыйнага бізнесу. «Доступ да таннага доўгатэрміновага інвестыцыйнага фінансавання, прававое поле, якое пазітыўна змяняецца, існуючыя льготныя падатковыя рэжымы, на наш погляд, ужо сфарміравалі ў краіне паўнацэнную інфраструктуру падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва, якая адпавядае найлепшым сусветным практыкам і забяспечвае канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі на сусветным рынку», — заявіў выступоўца. Ён прапанаваў стварыць пры Савеце па развіцці прадпрымальніцтва пастаянна дзеючы каардынацыйны камітэт з удзелам органаў дзяржкіравання. Праз гэты камітэт будуць праходзіць і ўзгадняцца ўсе змены, дапаўненні, інструкцыі, што будуць прымацца ў развіццё Дэкрэта №7. Аляксандр Лукашэнка ініцыятыву падтрымаў.
Дзяніс Алейнікаў, адвакат, старшы партнёр таварыства з абмежаванай адказнасцю «Алейнікаў і Партнёры», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, назваў Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», у падрыхтоўцы якога ён прымаў удзел, выключна важным і своечасовым. «Сёння ў свеце здзяйсняецца глабальная лічбавая трансфармацыя бізнесаў, эканомік і цэлых краін. Тое, што адбываецца сёння, падобна па сваёй значнасці на прамысловую рэвалюцыю ХІХ стагоддзя. Сусветная эканоміка шукае новыя пункты росту, і Беларусь у гэтай новай сістэме, якая змяняецца, можа заняць годнае месца. Бо галоўная каштоўнасць лічбавай эканомікі, эканомікі ведаў — гэта людзі, а людзі талковыя ў нас ёсць. На гэта звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы вясной гэтага года і ўзяў курс на будаўніцтва ІТ-краіны», — адзначыў адвакат.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] mailto:yushkevich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/biznes