— Газету пачала чытаць маладой настаўніцай. Сёлета наш выпуск адзначыў 50-годдзе з дня заканчэння інстытута, значыць, і выпісваю я выданне больш за 40 гадоў. А зрабіць выбар на карысць газеты на роднай мове дапамог выпадак. Ведаеце, як бывае ў вясковай школе, калі не хапае спецыялістаў: любы настаўнік і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Так і мне, географу і біёлагу, аднойчы давялося выкладаць родную мову і літаратуру ў чацвёртым класе. Ну і выпісала тады беларускую газету, каб больш практыкавацца. А калі пачытала, дык і палюбіла. Як аказалася, назаўсёды.
У маладосці, у студэнцкія гады, мне пашчасціла шмат вандраваць па Савецкім Саюзе, аб'ехала таксама ўсю Беларусь. Таму люблю матэрыялы краязнаўчага характару. Вось нядаўна прачытала, што адкрыўся для наведвальнікаў Косаўскі палац. З дачкой пагаварылі, прыйшлі да высновы, што летам добра было б з'ездзіць... Чытаю наогул усё. Асабліва люблю аўтарскія калонкі. З цікавасцю прачытваю ўсё, што датычыцца Брэсцкага рэгіёна. Удзячная за тое, што і з нашай вёскі ў апошні час на старонках было некалькі матэрыялаў. Мы іх чытаем разам з сяброўкамі-суседкамі, захоўваем выразкі.
Дзякуй за тое, што газета шмат піша пра людзей, што даязджаеце ў самыя аддаленыя вёскі. Жадаю, каб і другое стагоддзе любімая газета заставалася такой жа людскай і цікавай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/ya-znou-vybirayu-zvyazdu