За што купіў, за тое прадаю. Гэта цяпер не ў модзе, але ж...
Кажуць, Перамогу святкавалі ўсе і паўсюль. Ну яшчэ б — пасля гэткай вайны...
Пры штабе Ракасоўскага таксама банкет адбыўся. Распачаў яго сам маршал тостам:
— За таварыша Сталіна! За вялікага палкаводца, за арганізатара...
— А я піць не буду, — пачулася раптам з кута.
— Як гэта вы не будзеце?! — не паверыў вушам сваім маршал і двойчы Герой, памкнуўшыся ў бок адшчапенца. — Чаму?
— А ў мяне пакуль не наліта, — ціха прамовіў той...
Пры чым тут хлопцы ў лодцы?
Ды ні пры чым — на першы погляд, але ж калі прыглядзецца ды ўключыць фантазію...
Якраз гэта і робяць нашы чытачы: доўга ўглядаюцца ў здымак (кіньце вочкам на верхні), потым — прыдумваюць подпісы... Як вам, напрыклад, вось гэты, настальгічны, ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:
Снег зямельку ўкрывае
Белай коўдрай,
цёплым лістам.
А на здымку —
праплывае
Лодка, поўная турыстаў...
Я на хлопцаў пазіраю
І пра лета ўспамінаю.
Гэта, згадзіцеся, добры занятак. За такім — як бачыш, зіма праляціць. І зноў наступіць лета.
Зрэшты, не: спачатку будзе вясна, можа, нават з разлівам, як некалі:
Падышла рака да хаты,
Дык Пахом наш —
за лапату...
У лодку пасадзіў
суседзяў,
Хоць без вёсел,
але ж «едзе»,
Трохі шляху ўжо агораў...
Дзякуй дзядзьку
валанцёру!
Кажа гэтае слова спадар Іван Астроўскі з Мінска. Яго жонка, спадарыня Ніна, у нечым з мужам згаджаецца, у нечым — не. Ну, сапраўды:
Як ні моста, ні дарогі —
Прападзеш без дапамогі:
А таму ўсе ў паводку
Выглядалі ў далі лодку.
Яе гналі два няўмекі,
Бо ніякай жа бяспекі!..
Хто з бяды вось так
ратуе,
Той сабою рызыкуе.
Ну яшчэ б: столькі пасажыраў на борце... Да таго ж не дробненькіх...
У пошце між тым ёсць радкі і пра іх: у прыватнасці — ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Ратаваў зайцоў Мазай,
Добры дзед быў,
не гультай.
Лодка поўнаю плыла —
Дно ў рэчцы не скрабла...
Бо кампанія ў Мазая
Не такая ўжо і цяжкая...
І Мацей, каб плыў удвух,
То матор бы не заглух!
З ім, з гэтым маторам, як лічыць спадарыня Гудачкова, праблемы часта здараюцца:
Федзя лодку
змайстраваў,
На «агледзіны» сазваў.
Хлопцы радасна:
«Жывём...
Мы да дзевак
паплывём!»
Ды ля берага ракі
Дружна селі «маракі»
...Тут заўсёдная
прычына:
«Сапсавалася машына».
Што затым было, ведае спадар Мікола Кісель з Мінска:
Рулявы загнаў на глей?
З лодкі, хлопцы, і жывей:
Не ўтрымаў ваш човен
ношы,
Дык карміць вам зараз
вошай.
Мала хто, мусіць, ведае, што гэта за «звяры»? Таму — радок са слоўніка: «вош — дробнае насякомае, якое паразітуе на целе чалавека...» Іх карміць (як і блох ды клапоў) — значыць, трапіць у незайздросныя ўмовы...
Што крыўдна, — часам па сваёй жа віне:
Падурэць дзядзькі хацелі
Удзевяцёх у човен селі...
І нагамі налягалі,
І рыдлёўкай заграбалі...
Усё ўпустую: селі глуха.
Дзе дурнеюць,
там і скруха.
Што праўда, тое праўда (грэх не згадзіцца са спадарыняй Гудачковай). Хоць выключэнне з гэтага правіла таксама ёсць. І згадвае пра яго спадарыня Чыгрынава:
Запрасіўшы ўсіх на фэст,
Каласкі задалі тэст:
Каб не ехалі, не йшлі,
Не ляцелі, не плылі...
Далі рады мужыкі:
Завіталі ў Аўцюкі!
Ну што тут сказаць? Малайцы — і госці, і гаспадары (іх завуць каласкамі ды калінкамі)! Вартую справу зрабілі: падтрымалі фестываль беларускага гумару, бо самі, відаць, гумарысты. Ці не?
«Час ад часу на сайце прыродаахоўнай інспекцыі, — піша спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, — сустракаюцца паведамленні пра зусім не жартоўныя штрафы ў дачыненні да «чорных капальнікаў» — шукальнікаў скарбаў. Але тыя не дужа на іх зважаюць, яны, як героі Джэка Лондана, плывуць насустрач удачы:
Пра барысаўскі
«кландайк»
Абвясціла плётка,
І аматары «за так»
Абляпілі лодку.
На бяспеку — напляваць
І на штраф драконаўскі,
Бо наперадзе, відаць,
Скарб напалеонаўскі!
Пра шукальнікаў яго і радкі спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны:
«Даўно рамантыкі
звяліся»...
Сцвярджаць такое —
ці не грэх?
Па скарбы хлопцы
падаліся,
Адно — сабраліся
наспех».
Ці на смех?
Але ж самае галоўнае (то-бок рыдлёўкі) яны, заўважце, пабралі!
(Адзін з «капальнікаў» — не чорных, расказвалі, рубель аднойчы знайшоў (дома, у гародзе). Якія-ніякія грошы: узрадаваўся, палажыў яго ў кішэню. Разоў колькі капнуў, — бачыць, яшчэ адзін... І яшчэ... Разоў з 20 вось так нахіляўся, падымаў, цешыўся, што на жылу натрапіў: нехта рассыпаў! А потым насцярожыўся: нешта ж не звіняць гэтыя рублі? Ён руку ў кішэню, а там... дзірка).
Пра яе ж, калі ўдумацца, і радкі сужэнцаў Астроўскіх:
Дзед Максім
і дзед Талаш
Возяць моладзь
на кірмаш,
Год працуюць і другі,
Бізнес маюць — неблагі,
Пакрываюцца выдаткі...
І ні гуку пра падаткі...
А значыць, рана ці позна накрыецца іхняя «лавачка». Як, дарэчы, і ў іншых прадпрымальнікаў. Пра аднаго — піша спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:
Хоць ты гвалтам тут
крычы —
Ніхто плаваць не вучыў,
Бо басейна ў нас няма
І задоўгая зіма...
Што дзядку без розніцы:
Ён па нас не позніцца,
Грошы — вёсламі грабе,
І, вядома ж, пад сябе.
Што крыўдна (паводле тых жа сужэнцаў Астроўскіх), парушаючы правілы бяспекі:
Дзед Максім і дзед Пахом
Абслугоўваюць паром,
І каб «зверху» мець даход,
Шмат каго
вязуць у брод...
Гэта — бізнес?
Не, афёра!
Во дзе трэба
кантралёраў!
І з усімі адсюль наступствамі, пра якія, глянуўшы на здымак, напісала спадарыня Вера Жук з Гродна:
Не шкадуе бог багатых,
Ім таксама шле бяду:
Грэблі грошыкі лапатай,
А цяпер грабуць ваду.
Крызіс — нічога не скажаш. І ў іх таксама. Каб падчас яго выжыць, людзям трэба перасесці з асабістага транспарту на грамадскі, адмовіцца ад абедаў у кавярнях (перакус можна браць у слоічках), прадукты купляць па акцыях, адзенне — на распродажах, у кіно хадзіць раз на месяц...
Слушнае пытанне: «А калі нехта вось гэтак і да крызісу жыў, то што?»
Няма адказу. Ёсць хіба канстатацыя факта: «Грошы, як кісларод: многа іх — галава пачынае кружыцца, мала — задыхаешся». І тады ўжо хоць-нехаць шукаеш выйсце.
Адно з іх убачыў на здымку спадар Мікалай Старых з Гомеля:
Як у нашага суседа
Спадзяюцца ўсе
на дзеда:
«Дзеда, грошай трохі
дай...»,
«Дзед, на лодцы
пакатай...»
...Пройдзе час, і хтосьці,
можа,
Тому дзеду дапаможа?
Хацелася б верыць...
Выйсце другое — ад спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны:
Плачуць жонкі-Пенелопы,
Бо сказалі мужыкі:
— Пададзімся й мы
ў Еўропу,
Як мігранты, напрасткі...
Грэблі ціха, аднатонна:
Не чуваць ніводзін гук!..
Абышлі ўсе кардоны!
Але іх... «злавіў»
Кляшчук.
Значыць, не ўдаўся пераход? Вернуцца мужы?
Што вернуцца, вядома ж, добра. Што без еўрапейскіх заробкаў — дрэнна. Але ж хоць жывыя-здаровыя, а маглі б (паводле спадара Сабалеўскага) і не:
То не бежанцы-арабы,
Не кітайцы к нам плывуць —
Старшыня паслаў
прараба
«Кантрабанду
правярнуць»:
Вельмі танны спірт
расейскі
Хтось на фуры зноў
прывёз...
Разальюцца потым рэкі
Ад жаночых горкіх слёз.
А, магчыма, і ўжо разліліся? Мо, па іх гэты човен і плыве?.. Яшчэ і таму, што слёзы праліваюцца, дзе трэба, а дзе і не трэба. (Анекдот да слова: «Дачушка, чаму ты не хочаш замуж за Васю?» — пытаецца маці. — «Дык ён жа руды...» — «Глупства, — адгукаецца бацька. — Ён з табой як ажэніцца, тут жа ссівее). А калі і пажыве... То міжволі пагодзішся са спадаром Мурашкам з Брэста:
Калі жонкі ўжо даўно
Выгрызлі пячонкі,
Уцякаюць мужыкі —
І наперагонкі.
Уцякаюць (гляньце на здымак) без вёслаў, без рэчаў, ды што там — нават без портак, толькі б хутчэй, толькі б далей. А ўжо там...
Там, як і варта чакаць, іх сустракаюць... іншыя жанкі, прычым — радасным:
Ах, якія хлопцы
Прыплылі на лодцы!
Гэткіх зроду не было!
Калі ласка, у сяло!
Шмат работы ў нас
на фермах
Ёсць дыхтоўныя дамы.
І дзяўчат, у шлюбе
верных,
У акрузе знойдзем мы.
Абяцае гэта спадарыня Зоя Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна. Прычым яе заўвага пра вернасць тут досыць дарэчная. «Уявіце сцэну, — прапануе спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — муж паехаў у камандзіроўку, да жонкі прыйшоў каханак, удваіх яны збіраюць на стол. «Можа б ты нажы навастрыў? — пытае гаспадыня. — А то ў майго бязмена вечна часу няма». «І мне ж таксама... І я дома не вастру, — з жахам думае мужчына. — А нажы між тым не тупыя. Значыць, жонцы іх нехта точыць?»
Гэта — так бы мовіць — перадгісторыя, празаічныя радкі ад спадара Валерыя. А ёсць яшчэ і паэтычныя — цэлы роздум на тэму:
Здымак...
Некалькі слоў з нагоды:
Мужы ў нас —
што той Адысей,
Абы не выхоўваць
дзяцей,
Бягуць ды шукаюць
прыгодаў.
Ад іх адвыкаюць жонкі:
І свой, і як быццам
чужы —
Прыедзе —
ды есць пячонкі:
«Хто вострыць нажы?
Кажы!..»
Адтуль, відаць, «жыць на нажах» — быць у варожых адносінах? Што, вядома ж, цяжка — хоць на працы, хоць у сям'і. Лепш было б — ладзіць. А вось як? «Інструкцыя» ад спадарыні Жук:
Не варта мужа пілаваць
Ды мозг яму выносіць...
І ля спадніц яго трымаць,
Калі ён волі просіць...
На рыбу хоча?
Хай плыве,
Ідзе на паляванне,
І недзе чарку хай глыне...
Абы «прыплыў»
да рання.
Гэтыя, у лодцы, трэба разумець, прыплываюць? Ці ўсё ж такі адплываюць? Тады адкуль? На думку спадарыні Абакунчык з Мінска, з... рэдакцыі газеты «Звязда»!
Сто гадоў...
Ці ж не нагода,
Каб сабралася на-ро-ду...
Нехта йшоў, а нехта —
ехаў...
Кампліменты поўным
мехам:
Як умелі — віншавалі,
Сто гадоў яшчэ жадалі!
Выпівалі, нешта елі
І дадому не хацелі.
Але ж паплылі (на жаль).
Чаму па вадзе? Не вам казаць, на вуліцах Мінска заторы, а Свіслач пакуль не загружана. Чаму нехта ў шапцы, а нехта без? Дык, напэўна ж, пілі шапковую. (Гэта, калі ў гасцях дужа добранька, так, што ад'язджаць не хочацца, тады шапку з галавы — і ў кут са словамі: «А-ай, халера з ім! Застаюся!»). Чаму на карме не моладзь, а людзі сталыя? Чаму з рыдлёўкамі і, мякка кажучы, раздзетыя?..
Адказы на гэтыя пытанні чытач можа, калі захоча, прыдумаць сам. Бо ўжо ж прыдумаў, што ў лодцы турысты, гумарысты, чорныя капальнікі, гора-ратавальнікі і прадпрымальнікі, шукальнікі работы і прыгод, пакрыўджаныя мужы, абы-якія ба́цькі, мігранты, новыя беларусы, перасяленцы ў вёску...
І нам застаецца хіба павітаць іх, усіх (тым жа дасціпным: «Ах, якія хлопцы...») ды, як заўжды напрыканцы, узгадаць мінулы конкурсны здымак. На ім (гл. нумар «Звязды» за 21 кастрычніка) жанчына ў бок запраўкі вяла дзвюх кароў...
Дык вось, на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы да гэтага фота прапанавалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Вера Жук з Гродна і Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.
Высокую адзнаку атрымалі і радкі спадароў Валерыя Гаўрыша з Чавусаў і Віктара Сабалеўскага.
Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» (на першы квартал 2018 года) накіроўваецца ў слаўны горад Узда.
Вы хацелі б, каб найстарэйшая беларуская газета прыходзіла і да вас? Тады дзейнічайце: афармляйце падпіску альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, думайце, складайце подпісы (дасціпныя і не больш за восем радкоў) і дасылайце іх у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] mailto:dounar@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago