Пазаўчора, у Міжнародны дзень валанцёра, у сталіцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых добраахвотнікаў БРСМ па выніках рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца». Для ўдзелу ў фінальным акордзе праекта ў Мінск з усіх куткоў Беларусі з'ехаліся больш за 150 валанцёраў саюза моладзі.
На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта была арганізавана работа адукацыйных пляцовак і камунікатыўных трэнінгаў па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху з улікам інтарэсаў і ўзросту добраахвотнікаў БРСМ па розных тэмах. А потым дзейства перамясцілася да навагодняй ёлкі ў гандлёвы цэнтр «Сталіца». Тут прайшоў handmade-кірмаш «Калейдаскоп Дабра» ў падтрымку грамадскай арганізацыі дапамогі хворым дзецям «Беларускі дзіцячы хоспіс», адбыліся майстар-класы па вырабе сімвалаў-талісманаў наступнага года, паштовак, ёлачных цацак. Атмасферу свята дапамагалі ствараць клоўны, фокуснікі, мімы. Ну і апафеозам мерапрыемства, вядома, стала ўзнагароджанне найлепшых добраахвотнікаў.
У намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі» быў ушанаваны валанцёрскі атрад «Надзея» лунінецкай сярэдняй школы №4. «Найлепшым валанцёрскім атрадам сярод студэнцкай моладзі» быў прызнаны валанцёрскі атрад «Мы — дзецям» пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта БРСМ Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. «Найлепшым валанцёрскім атрадам сярод працуючай моладзі» назвалі валанцёрскі атрад «Адкрытыя Сэрцы» пярвічнай арганізацыі БРСМ ААТ «Гомсельмаш».
У намінацыі «Асабісты ўклад» найлепшым стаў Арцём Чарткоў, камандзір валанцёрскага атрада «Дабракі» пярвічнай арганізацыі БРСМ Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. А спецыяльную прэмію ў гэтай жа намінацыі атрымала кіраўнік валанцёрскага атрада «Эдэльвейс» пры Гомельскім абласным камітэце БРСМ Вераніка Ражкова. У намінацыі «Асабісты ўклад» (інтэрнэт-галасаванне) быў ушанаваны Павел Каптураў, камандзір валанцёрскага атрада «Няма перашкод» пярвічнай арганізацыі БРСМ Юрцаўскай дзіцячага сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.
«Найлепшы валанцёрскі праект» — «Eco-bus» — у пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А «Найлепшай групай у сацыяльнай сетцы» была названа група Мінскага абласнога камітэта БРСМ «Добрае Сэрца Міншчыны | валанцёры БРСМ».
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/brsm