Інгіерд Гюннашдоттэр — забытае імя шведскай літаратуры
На вялікі жаль, часта з розных прычын імёны таленавітых людзей губляюцца ў стагоддзях, і сучасныя даследчыкі зрэдку зважаюць на іх. У шведскай літаратуры такой амаль забытай асобай з’яўляецца таленавітая сялянка Інгіерд Гюннашдоттэр. Да нас дайшло вобмаль звестак з яе біяграфіі. Яна нарадзілася ў самым пачатку XVII стагоддзя (у 1601 ці 1602 годзе) у правінцыі Вестэргётланд. Яе талент праяўляўся ў тым, што яна ведала вялізную колькасць балад (не меней за 300 твораў). Гэта зацікавіла збіральнікаў шведскіх балад, і ў 1678 годзе да Інгіерд Гюннашдоттэр прыехаў даследчык Эрых Спарман. Але на той час кабеце было ўжо амаль 80 гадоў, і з-за стану здароўя, а таксама нежадання супрацоўнічаць Спарману ўдалося запісаць з яе слоў толькі 57 балад. І можна было б сказаць, што яна з’яўлялася толькі выканаўцай народных твораў, каб не адно «але». Сюжэты балад Гюннашдоттэр унікальныя і болей нідзе ў Швецыі не сустракаліся. Зразумела, яна не ўсведамляла сябе аўтарам сваіх твораў, але гэтым самым аўтарам была. А ўлічваючы сучасныя падыходы да вызначэння балады як твора не фальклорнага жанру, а літаратурнага (з удакладненнем, што балада — жанр не проста літаратуры, а вуснай літаратуры), мы маем рэдкі выпадак, калі «народная» творчасць мае канкрэтнага аўтара. Памерла ж Інгіерд Гюннашдоттэр у 1686 годзе.
Увазе чытачоў прапанаваны пераклады дзвюх балад Інгіерд Гюннашдоттэр. Шведскамоўныя тэксты датуюцца 1678 годам. Яны адмыслова не адаптаваныя, каб чытачы маглі ўбачыць, што ўяўляла з сябе шведская мова ў XVII стагоддзі. Беларускамоўны пераклад суправаджаецца неабходнымі каментарамі культуралагічнага і гістарычнага кшталту.
Гэр Пэдэр і дачка цверга
Быў гэта гэр Пэдэр. Ён смела
У ружавы гай паскакаў,
Ды там на бяду сваю сцежак
У час ён нядобры шукаў.
Ён здольны на ўсё за каханне.
Ды выбраў юнак той дарогу,
Што з ніткай ядвабнай была.
Быў гэта гэр Пэдэр, і нітка
Яго да гары прывяла.
Тут выйшла з гары дачка цверга,
І крэсла падставілі ёй.
Бы золата чырвань на сонцы —
Так ззяла дзяўчына красой.
«Спаткання з каханай нявестай
Я болей не ў моцы чакаць.
Калі з ёй не ўбачуся сёння,
Дык лепей мне смерці спазнаць».
«Спаткання з нявестай чакаеш?
Дык можаш наведаць яе.
Усё, што дарыў ёй, ты возьмеш
І прыйдзеш назад да мяне».
Быў гэта гэр Пэдэр, і злосна
Угору ён меч свой узняў,
Адсёк галаву ён пачвары,
Затым ёй дзясніцу адцяў
Ён здольны на ўсё за каханне.
Каментар. Унікальнасць балады «Гэр Пэдэр і дачка цверга» заключаецца ў тым, што гэта адзіная шведская балада, якая апавядае пра цвергаў (гномаў). Пры перакладзе мэтай было захаваць не толькі змест твора, але і структурныя асаблівасці (у баладзе тройчы паўтараецца радок Däth war herren Peder ‘Быў гэта гэр Пэдэр’).
Зачараваны рыцар
Да пеўняў быў ноччу народжаны я.
— Так далёка мой шлях пралягае.
Да золку памерла матуля мая.
— Саму яе гора чакае.
Мой бацька краіну тады абыйшоў
І горшую мачыху мне ён знайшоў.
Іголкай мяне зрабіла,
Каб жыць мне было няміла.
У ножык ператварыла,
Каб гора мяне зламіла.
Нажніцамі абярнула,
Каб сталасць мяне мінула.
Зрабіла мяне шэрым воўкам пасля,
Каб зверам самотным у лесе жыў я.
Сказала, што мне не вярнуцца дамоў,
Аж покуль не вып’ю я братаву кроў.
Ля сцежкі я вырашыў легчы,
Дзе мачыхі конь меў прабегчы.
Пад мостам затым я стаіўся,
Дзе мачыхі конь прыпыніўся.
Я ўсю сваю моц абрынуў
І мачыху з коня скінуў.
З адчаем прыйшлося дастаці
Мне з ейнага цела дзіцяці.
Адразу, як выпіў я братаву кроў.
— Так далёка мой шлях пралягае.
Стаў рыцарам слаўным і гожым я зноў. —
Саму яе гора чакае.
Каментар. Вельмі складаная рытмічна балада. Твор напісаны амфібрахіем, але розніцца колькасць складоў у радку (ад 8 да 11), праз што пяць двухрадкоўяў заканчваецца націскным складам, сем — ненаціскным. Карацейшыя двухрадкоўі паскараюць рытміку твора, што дапамагае паказаць, з якой хуткасцю адбываліся ператварэнні галоўнага героя, а таксама тую рашучасць, з якой ён вырашыў вярнуць сабе чалавечае аблічча. Падчас перакладу ўсе гэтыя асаблівасці захаваліся.
Сучаснаму чытачу балада можа падацца надзвычай жорсткай, але для шведаў XVII стагоддзя ў творы няма нічога незвычайнага. У Швецыі з яе бязмежнымі лясамі, дзе галоўным драпежнікам заўжды быў воўк, мелі шырокае распаўсюджанне легенды пра ваўкалакаў.
Даследчыца Элла Устэдт вылучае ў шведскай традыцыі тры тыпы ваўкалакаў. Першы тып — людзі, якія ператварылі сябе ў пярэваратняў самастойна пры дапамозе вядзьмарства. Другі тып — людзі, ператвораныя ў пярэваратняў не па ўласным жаданні, а чалавекам, дасведчаным у вядзьмарстве. Гэты тып ваўкалакаў захоўвае свой нораў і небяспечны для людзей. Трэці тып — чалавек, ператвораны ў пярэваратня праз тое, што маці да яго нараджэння пры дапамозе вядзьмарства хацела забяспечыць сабе бязбольныя роды. Гэты тып ваўкалака пераўвасабляецца толькі ў пэўны час, як правіла, па начах, і надзвычай небяспечны для людзей, у першую чаргу для жанчын, і асабліва цяжарных. Лічылася, што пярэваратні гэтага тыпу могуць пазбавіцца праклёну, калі з’ядуць ненароджанае дзіця. Такім чынам, у дадзенай баладзе гаворка ідзе менавіта пра ваўкалака трэцяга тыпу, што і тлумачыць яго ўчынак у завяршальных радках твора.
Яўген ПАПАКУЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/ingierd-gyunnashdotter
[3] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-papakul