У індывідуальнай гонцы на 15 км яна ўжо прадэманстравала сваю стабільную стральбу (на чатырох агнявых рубяжах не дапусціла ніводнага промаху) і выдатнае перасоўванне па дыстанцыі. Надзея ўпершыню ў кар'еры атрымала перамогу на этапах Кубка свету і прысвяціла яе маме.
— Была занадта сканцэнтраваная на стральбе, разумела, што вельмі доўга знаходжуся на рубяжы, але хацелася «нуль». Для мяне на кожным старце важна добра страляць. Важней трапляць, чым страляць хутка, — такі ў мяне стыль стральбы. І я, вядома, здзівілася, калі даведалася, што іду першай. Была вельмі шчаслівай! Гэта падарунак маёй маме на дзень нараджэння (28 лістапада), — расказала Надзея.
З перамогай біятланістку павіншаваў Прэзідэнт краіны. «Твой яркі поспех, дасягнуты дзякуючы працавітасці і волі да перамогі, падарыў усім беларусам выдатныя хвіліны радасці і гонару за сваю краіну. Гэта тваё першае золата на этапах Кубка свету, якое ўсяляе ў каманду надзею і ўпэўненасць у сваіх сілах у пачатку алімпійскага сезона», — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі.
Прэзідэнт пажадаў Надзеі Скардзіна, яе калегам па зборнай і трэнерскаму штабу здароўя, поспеху і новых перамог.
Дар'я Домрачава ў індывідуальнай гонцы з трыма промахамі стала 14-й.
— Тры промахі — гэта зашмат, але сезон толькі пачаўся, таму нічога страшнага. Спадзяюся, далей будзе лепш. Для мяне было важна зразумець, што я знаходжуся ў добрай фізічнай форме. Тое, што я страляла ў гэтай гонцы стабільна, — плюс, але трэба будзе над гэтым папрацаваць. Таксама пазітыўны момант у тым, што я паказала чацвёрты час ходу па лыжні, — падкрэсліла Дар'я.
Сёння ў 19.45 адбудзецца жаночы спрынт, заўтра ў гэтым відзе праграмы выступяць мужчыны, завершыцца першы этап Кубка свету па біятлоне 3 снежня гонкамі пераследу.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon
[6] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-skardzina