Горад, дзень, час перакусу: у невялічкай крамцы на сталічным праспекце мы замаўляем каву. Пакуль яна варыцца, услых выбіраем печыва: пытаем у «гаспадынь», што ў іх свяжэйшае, што смачнейшае, дзе меней цукру? Тыя адказваюць, падаюць, прадаюць.
— А вы везде разговариваете по-белорусски? — цікавіцца нарэшце адна.
Адказваць на гэта пытанне ўсур'ёз неяк не выпадае. Тады жартам:
— А што, — крадком азіраемся па баках, — у вас нельга?
— Можна, ну чаму ж гэта не?! — «дазваляюць» жанчыны. — Нам так цікава паслухаць!..
Як нам... паразмаўляць?
Перад выбарам
«Калі хочаш быць здароў, не хадзі да дактароў», — часта паўтарае Паўлавіч і сапраўды не ходзіць. А вось суседу «хуткую» выклікаў.
Прыгожыя «дзяўчаты» прыехалі, памералі ціск, «ушпілілі» ўкол, параілі лекі.
— А можа, па сто грамаў лепш прымаць? — з усмешкай спытаў сусед.
— Гэта не выйсце, — сказала дакторка, — бо вып'еце — ціск спачатку панізіцца, але хутка павысіцца зноў.
— А калі не даць яму павысіцца — калі зноў выпіць?
— Ну, тады ўжо на выбар — ці жыць, ці піць.
...А хацелася б — кампрамісу.
Першы тост
Дзе служба, дзе дружба, каханне, размеркаванне, пошукі лепшай долі... Парассыпала людзей па свеце. А ў выніку — дзед Валя тут, у Беларусі, а сёстры яго (амаль такія ж нямоглыя) — за тысячы вёрст. І не дабрацца ўжо — ні ім, ні яму, не абняць, не падтрымаць у горы: цягнікі ідуць з перасадкай, самалётаў няма. Адзінае...
На святы дачка з сям'ёй прыязджала, унук планшэт свой прывёз, арганізаваў радні размову па скайпе.
Адвялі душу: пагутарылі, паглядзелі адзін на аднаго, пабачылі, як хто жыве...
А ўжо потым, пад уражаннем, можна было і кілішкі падняць.
— Ну, за стагоддзе рэвалюцыі? — як заўсёды ў кастрычніцкае свята, прапанаваў быў зяць.
Цесць, былы камуніст, трохі памаўчаў, падумаў:
— Не, — сказаў, — давай за інтэрнэт!
Урок для настаўніка
«Дачушка, уставай, табе ў школу пара... Уставай, а то спознішся... Дачушка, ну які ты прыклад падасі? Ты ж дырэктар...»
А, здаецца ж, зусім нядаўна маладым спецыялістам была, дрэнныя адзнакі ставіць баялася, на неслухаў голас павышаць... «Ой, дзеўка, глядзі, — павучалі яе калегі, — распусціш дзяцей — наплачашся: на галаву пасядуць — не ўкіруеш тады. З імі строга трэба».
«І сапраўды, — у думках згаджалася настаўніца. — Два дні прашу, каб новыя сшыткі прынеслі. Не чуюць...»
Таму ўжо на трэці яна сказала:
— Усё, больш паўтараць не буду: заўтра — кроў з носа — усім прынесці новыя сшыткі. Хто забудзецца, пойдзе дамоў. Усе запомнілі? Усе зразумелі?
— Так, — дружна зашумелі вучні. І не падманулі: сапраўды запомнілі (было б там што?) і зразумелі, але кожны па-свойму. Ва ўсякім разе, адзін з малых прыйшоў дамоў у слязах.
— Што здарылася? Чаго ты плачаш? — устрывожана спытала матуля.
— Я сёння «дамашку» не зраблю, — паскардзіўся сын.
— Гэта чаму ж?
— А нам на заўтра настаўніца загадала, каб сшыткі прынеслі і кроў з носа. А я свой нос разбіваць не хачу.
...Напамін для настаўніцы: «Нам не дано предугадать, как наше слово отзовется...»
І ён жа — урок.
Рэха
Факт (толькі адзін): у ноч на 30 кастрычніка 1937-га ў Мінску ў так званай амерыканцы (у сутарэннях унутранай турмы НКВД) расстралялі 130 дзеячаў культуры, у тым ліку паэтаў Алеся Дудара, Юрку Лявоннага, Валеры Маракова, Сяргея Мурзо, Міхася Чарота, Ізі Харыка...
Жонку яго, Дзіну, арыштавалі таксама — з фармулёўкай «член сям'і здрадніка радзімы».
Сыноў (большаму тры гадкі, меншаму — няпоўныя два) як дзяцей таго самага ворага адправілі ў дзетдом, да ўсяго змяніўшы ім прозвішча... А таму іх маці, цудам выжыўшы ў лагерах і вярнуўшыся дамоў, дзе і як ні шукала, а знайсці хлапчукоў не змагла. Ёй казалі, што яны, малыя, пэўна ж, загінулі.
І яна... верыла (ці рабіла выгляд), бо не ведала, як жыць, калі думаць іначай.
Сумная песня
Дома, за сталом у Таццяны з Іванам можна спяваць пра ўсё. Ну ці амаль... Бо ёсць адна забарона. Прычым песня, здавалася б, зусім бяскрыўдная. Называецца «Трава ля дома». Помніце: «Зямляне» спявалі, што сніцца яна...
Івану таксама — то сніцца, то ўспамінаецца — як падчас «развітога сацыялізму» катастрафічна не хапала гэтай травы, бо ў іх вёсцы на 350 двароў кароў было не меней. Ды яшчэ і калгасныя есці хацелі. Таму кожнай сям'і даводзіўся план: дзве тоны сена дзе хочаш бяры, але на ферму здай (пра сваю карміліцу падумаеш потым).
А хацелася ж раней: каб лепшай травы, ну хоць копку...
Ноччу хадзілі касіць, сушыць, вазіць...
А назаўтра, здаралася, прыходзіў брыгадзір ці нехта з камісіі па нарыхтоўцы кармоў, адчыняў гумно, строга пытаўся: «Што гэта? Мігам вязі на ферму!»
І нічога тады не заставалася: вёз чалавек. Горш за тое — пад суд ішоў, калі правяральшчык ідэйны ці непітушчы быў...
З іншымі — трохі прасцей, бо яны смела ішлі ў хату, садзіліся за стол і ўжо тады, «заліўшы» вочы, не хадзілі ў гумно. А значыць, сям'я карысталася момантам: ездзіла нарыхтоўваць сена і крадком вазіла дамоў.
...Падросшы, Іван з сястрой чакалі яго на тарпе.
Дагэтуль у памяці — як слухалі цішыню, каб злавіць у ёй скрып калёс, як узіраліся ўдалеч, каб убачыць воз, як упохапкі прымалі сена, як стараліся найхутчэй утаптаць...
А галоўнае, як жа ім, піянерам з атрада Паўліка Марозава, было страшна і сорамна. Бо атрымлівалася, што дапамагаюць хапугам-бацькам у той час, як Паўлік...
Цяпер у Іванавай вёсцы кароў з 20, можа, ёсць, а можа, і няма. А вось травы — ля дома, за домам, на поплаве, на лузе — непачаты край: хоць гаць гаці, хоць рэкі прудзі, хоць вазамі вазі... Няма каму.
...Дома, за сталом у Таццяны з Іванам, можна спяваць пра ўсё. Апроч «Травы...»
Злачынства і пакаранне
Гэта праўда: разумны — запісвае, дурань — запамінае.
І, здавалася ж, вельмі старанна: ва ўсякім разе спачатку ў памяці былі і месца дзеяння, і абставіны, і дэталі, і безліч думак з нагоды...
Што засталося?
Крыміналісты даследавалі цела аднаго з самазабойцаў і нечакана высветлілі, што некалі менавіта ён згвалтаваў і задушыў сямігадовае дзіця.
...І потым вось з гэтым жыў: хадзіў па волі, па зямлі, бачыўся са сваімі роднымі, еў, спаў, недзе працаваў.
А ўрэшце...
Сам сабе вынес пакаранне. Сам выканаў прысуд. Ён.
Нямая сцэна
На постсавецкай прасторы з гэтай вялікай яўрэйскай сям'і не засталося амаль нікога, параз'язджаліся ўсе ў розныя часы і ў розныя краіны: у Ізраіль, Канаду, Амерыку. Адзін апынуўся ў Румыніі, але ж таксама не адарваўся ад сваёй радні, хутчэй наадварот — з усімі падтрымліваў сувязь, а ўрэшце — сабраў. Хоць на тыдзень. Разам.
У першы ж дзень у сінагогу павёў — яшчэ і з экскурсіяй.
— Ці ёсць у групе не яўрэі? — перад уваходам спытаў экскурсавод.
Усе павярнулі галовы ў бок адзінай беларускі.
— Ёсць... Я, — ледзь чутна прамовіла тая, забаяўшыся, што яе ў храм не пусцяць.
Аказалася, якраз наадварот: гід яе галантна прапускаў наперад:
— Калі ласка, праходзьце. Для вас — бясплатна.
— ?!
Мяняюцца часы...
Перад выхаднымі (тымі, тры дні — з пераносамі) да Сашы электрык заходзіў — разетку мяняць.
— Нешта вы пазнавата? — здзівіўся гаспадар, адчыняючы дзверы. — Ужо амаль шэсць вечара... Пад лозунгам працуеце: «Стагоддзю рэвалюцыі — ударная праца!»?
— Якому стагоддзю? — не зразумеў
хлапец.
— Ды звычайнаму: з кастрычніка 1917-га.
— А што тады было?
...Калегі-журналісты, каб нагадаць гісторыю ды імёны яе стваральнікаў, у Лёзне адшукалі Уладзіміра Ульянава, у Мінску — Надзею Крупскую.
Тыя і расказалі, што ўвагі на іх прозвішчы ўжо амаль ніхто не звяртае.
Іншыя часы, трэба разумець, іншыя героі.
З нізкім паклонам...
...Нельга сказаць, што стол на рабоце завалены паперамі, але ж для чайніка месца няма — на падлозе стаіць, на адмысловай падставачцы. Прынёс яе...
Ні імені, ні прозвішча, ні твару таго чалавека ўжо не помню. А вось лёс...
Дзетдомавец, ён скончыў сямігодку, потым — так званую фабзайню (вучылішча будаўнікоў) і вячэрні інстытут, працаваў прарабам, разам з жонкай выхаваў і вывеў у людзі дваіх дзяцей.
Сын — шкада — там не затрымаўся: з-за гарэлкі страціў сям'ю, потым работу, а ўрэшце і само жыццё, прычым не толькі сваё, бо пахаваўшы яго — маладога, прыгожага, — маці кранулася розумам, і бацьку — літаральна — давялося «пасвіць» яе, глядзець, як малое дзіця, бо тая рвала адзенне, лезла ў вокны (пяты паверх), сунула рукі ў агонь, ела вазоны...
Іншымі словамі, жыў чалавек, калі жонка спала ці яе ж нейкую гадзіну-другую глядзела дачка. І тады ўжо ён «адрываўся», адводзіў душу — нешта майстраваў. Найбольш любіў вось гэтыя падставачкі...
Нагінаюся штораз, каб паставіць чайнік і тым самым нізка пакланіцца чалавеку, імя якога, на жаль, не помню.
Спроба верша
Жоўтае лісце бяроз —
На зямлі,
На маленькай ялінцы...
Каляды
не за гарамі.
Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/prostaya-mova-0
[4] mailto:dounar@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/prostaya-mova