Лясное бортніцтва Палесся здабудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры пагадзіўся з неабходнасцю ўключэння гэтага элемента нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Гэта старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і змяшчэнні лясных пчол у штучных дуплах - борцях, якія вырабляюцца і размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе. Распаўсюджана больш чым у 20 вёсках Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, Столінскага і Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, ёсць асобныя бортнікі ў Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях.
Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія тычацца толькі гэтага промыслу, а таксама выраб неабходных прыстасаванняў працы. Комплекс ведаў і навыкаў, якія захоўваюць бортнікі, мае значэнне з пункту гледжання гісторыі і этналогіі, паколькі адлюстроўвае багацце традыцый пэўнага перыяду гісторыі беларускага народа, садзейнічае захаванасці навакольнага асяроддзя, традыцыйнага прыроднага і культурнага ландшафту сваёй мясцовасці.
Сёння мясцовыя супольнасці, дзе пражываюць бортнікі, прызнаюць гэты старажытны промысел важнай часткай сваёй культурнай спадчыны, забяспечваюць пераемнасць, перадаючы сакрэты рамяства ў сем'ях, падтрымліваюць і практыкуюць настаўніцтва сярод маладых, таксама садзейнічаюць распаўсюджванню ведаў пра промысел, лячэбныя ўласцівасці мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі.
Промысел быў распаўсюджаны яшчэ ў часы агульнаславянскага моўнага адзінства, распад якога адбыўся ў V-VI стагоддзях, што пацвярджаецца параўнальным аналізам лексікі пчаляроў. Бортніцтва паўстала з так званага дзікага пчалярства, якое існавала хутчэй за ўсё ў раннім жалезным веку і найбольшага росквіту дасягнула ў VIII-XVII стагоддзях. У XVI-XVIII стагоддзях у гарадах існавалі аб'яднанні - братэрствы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіравання, бортніцтва было прыбытковай сферай гаспадаркі. Паступова класічнае бортніцтва стала прыходзіць у заняпад у выніку негатыўнага антрапагеннага ўздзеяння на прыроду і развіцця калоднага пчалярства. Але ў Беларусі лясное бортніцтва захавалася ў асобных раёнах да XXI стагоддзя.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/bortnictva