15 лістапада ў 18.00 стартуе акцыя “Растопім лёд разам”. У гэты дзень студэнты Белдзяржуніверсітэта змогуць бясплатна наведаць Лядовы палац спорту (вул. Прытыцкага, 27), дзе для іх будзе арганізавана масавае катанне. На лядовай пляцоўцы студэнтаў павіншуе прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Уладзімір Сувораў.
Праграма спартыўна-забаўляльнага мерапрыемства ўключае выступленні прафесійных фігурыстаў Нацыянальнай зборнай Беларусі па фігурным катанні на каньках і каманды хакейнага клуба “Юнацтва-Мінск”, розыгрышы, конкурсы, а таксама музычныя нумары, падрыхтаваныя студэнтамі БДУ.
У рамках урачыстасцяў адбудзецца ўзнагароджанне студэнтаў, членаў прафсаюза, якія найбольш актыўна праявілі сябе ў папярэднім навучальным годзе. Арганізатарам акцыі выступіла першасная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ.
А 16 лістапада на сцэне Ліцэя БДУ пройдзе “Капуснік—2017”. Пачатак мерапрыемства таксама ў 18.00. Удзельнікамі агляду-конкурсу стануць каля 250 студэнтаў з 19 універсітэцкіх каманд. На “Капусніку” канкурсанты прадставяць творчыя нумары ў крэатыўнай і гумарыстычнай форме, прысвечаныя жыццю сваіх факультэтаў і ўніверсітэта. Па выніках мерапрыемства будуць вызначаныя пераможцы ў намінацыях “Лепшы жарт", "Лепшыя дэкарацыі”, “Лепшая мужчынская роля” і “Лепшая жаночая роля”.
Акрамя таго, студэнты папярэдне канкурыравалі за перамогу ў намінацыі “Лепшае відэа”. Удзельнікам было прапанавана запісаць відэаролік-выклік камандзе-саперніку і апублікаваць яго ў афіцыйнай суполцы “Капуснік-2017”.
Каманда-пераможца агляду-конкурсу атрымае пераходны Кубак рэктара БДУ.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Студэнцкі Саюз БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodny-dzen-studenta
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu