БДУ ўпершыню ўвайшоў ва ўплывовы амерыканскі рэйтынг вядучых універсітэтаў свету «Bеst Glоbаl Unіvеrsіtіеs» і стаў адзінай беларускай ВНУ сярод універсітэтаў, што там ранжыруюцца.
БДУ заняў у рэйтынгу 668 месца сярод 1250 найлепшых універсітэтаў свету (а ўсяго ў свеце налічваецца больш
за 30 000 устаноў вышэйшай адукацыі). Сярод еўрапейскіх універсітэтаў БДУ займае 301 месца. Акрамя прысутнасці ў асноўным рэйтынгу, БДУ таксама ўвайшоў у прадметны рэйтынг па фізіцы і заняў высокае 238 месца сярод вядучых універсітэтаў па гэтым профілі.
Варта адзначыць, што рэйтынг вядучых універсітэтаў свету, які складаецца амерыканскім агенцтвам U.S. Nеws & Wоrld Rероrt, вылучаецца жорсткімі крытэрыямі адбору і ацэньвае навуковую дзейнасць універсітэтаў, публікацыйную актыўнасць іх супрацоўнікаў, частату цытавання іх навуковых работ, а таксама сусветную і рэгіянальную навуковую рэпутацыю. Найбольш высокія паказчыкі з 13 крытэрыяў, што аналізаваліся, БДУ прадэманстраваў у катэгорыі «навуковыя публікацыі ў міжнароднай калабарацыі», заняўшы 22 месца ў свеце! Гэта стала магчыма дзякуючы высокай ступені інтэграванасці даследаванняў, якія вядуцца ў БДУ, у міжнародныя праекты, у тым ліку ў эксперыменты на Вялікім адронным калайдары, дзе актыўны ўдзел прымаюць вучоныя Навукова-даследчага інстытута ядзерных праблем
і фізічнага факультэта БДУ.
А ўзначальваюць рэйтынг амерыканскія ВНУ — Гарвардскі ўніверсітэт (першае месца ў свеце), Масачусецкі інстытут тэхналогій (другое) і Стэнфардскі ўніверсітэт (трэцяе). Найлепшымі еўрапейскімі ВНУ названыя Оксфардскі (пятае месца) і Кембрыджскі ўніверсітэты (сёмае), а таксама Каралеўскі каледж Лондана (у яго сямнаццатая пазіцыя).
БДУ займае высокія месцы ў многіх уплывовых міжнародных рэйтынгах (QS, THЕ, Wеbоmеtrісs, SІR, U-Multіrаnk і іншых), стабільна трапляючы ў 1—2 працэнты найлепшых універсітэтаў свету. Напрыклад, у рэйтынгу QS Wоrld Unіvеrsіtу Rаnkіngs 2017/18 БДУ займае высокае 334 месца.
У 2017 годзе Белдзяржуніверсітэт упершыню ўвайшоў у найстарэйшы і адзін з самых прэстыжных сусветных рэйтынгаў — Шанхайскі прадметны рэйтынг універсітэтаў АRWU 2017 года па фізіцы і заняў там месца ў групе 401—500. Таксама Белдзяржуніверсітэт застаецца адзінай беларускай ВНУ, якая ўвайшла ў прэстыжны брытанскі рэйтынг THЕ (Tіmеs Hіghеr Еduсаtіоn).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/best-global-universities